Top.Mail.Ru

Якімі эканамічнымі дасягненнямі можа ганарыцца Віцебшчына?

Якасць — нацыянальны брэнд Беларусі ўжо не першае дзесяцігоддзе. Сёння рэгіёны імкнуцца да найвышэйшых стандартаў якасці. Многае ажыццяўляецца ў гэтым кірунку на Віцебшчыне.


Ёсць чым ганарыцца

Паводле ацэнак Міністэрства эканомікі, работа Віцебскай вобласці ў частцы выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця прызнана эфектыўнай. Аб гэтым распавяла намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Алена Барздыка: «Па выніках 2024 года Віцебская вобласць заняла сярод усіх абласцей краіны другое месца. Забяспечана станоўчая дынаміка практычна па ўсіх паказчыках. Гэта і валавы рэгіянальны прадукт, і інвестыцыі ў асноўны капітал (у нас яны павялічыліся больш чым на 10 %), і рост сярэднямесячнай зарплаты. Даходы ў бюджэт выраслі амаль у 1,2 раза. Зніжаны выдаткі па прадпрыемствах камунальнай формы ўласнасці, забяспечана выкананне задання па будаўніцтве жылля. Таксама скараціліся пратэрмінаваныя даўгавыя абавязацельствы арганізацый».

Рэгіён прырос па экспарце паслуг і тавараў, па асобных найменнях — даволі значна, распавяла эксперт. Зніжана колькасць стратных прадпрыемстваў у цэлым па вобласці. Іх удзельная вага ў агульным ліку прадпрыемстваў — самая нізкая сярод абласцей Беларусі. Адзначыла намеснік старшыні камітэта эканомікі і рост рознічнага тавараабароту ў вобласці: «Значна вырас пасажыраабарот (на 12 %), а таксама грузаабарот».

І інвестыцыі, і заробкі

Сярод перспектыўных кірункаў развіцця эканомікі рэгіёна — стварэнне новых вытворчасцяў у раёнах. У прыярытэце — фармацэўтычная галіна, вытворчасць ветэрынарных прэпаратаў (у тым ліку інавацыйных). Так, у Віцебску ўжо рэалізаваны праект па будаўніцтве завода па вытворчасці інавацыйных ветпрэпаратаў. Завод быў адкрыты ў мінулым годзе, сёння ён выпускае ветэрынарныя сродкі на базе канцэпцыі «Індустрыя 4.0», 80 % яго прадукцыі адпраўляецца на экспарт.

У сельскай гаспадарцы прыярытэтным для Віцебшчыны з’яўляецца развіццё мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Адзначаецца станоўчая дынаміка ў птушкагадоўлі: прадпрыемствы мадэрнізуюцца, вырабляюць прадукцыю высокай якасці, і гэты кірунак трэба развіваць.

Разважаючы аб планах і праектах па мадэрнізацыі існуючых і стварэнні новых вытворчасцяў на 2025 год, эксперты ў першую чаргу абапіраюцца на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы «Адзін раён — адзін праект».

— Гэта дае прырост аб’ёмаў вытворчасці, працоўныя месцы з годнай заработнай платай, стымул і штуршок развіцця рэгіёнаў, — падкрэсліла Алена Барздыка. — За чатыры гады бягучай пяцігодкі ў рэальным сектары эканомікі рэалізавана больш за 160 праектаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Створана 353 новыя вытворчасці і больш як дзве тысячы новых працоўных месцаў. Пры гэтым у рэгіёнах з колькасцю насельніцтва 80 тысяч чалавек і больш, у абласным цэнтры плюс Орша, Полацк, Наваполацк, мы робім стаўку на стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцяў: машынабудаванне, электронная прамысловасць, фармацэўтыка, нафтахімія, з выкарыстаннем навуковага патэнцыялу і нашых кампетэнцый у названых галінах.

У гэтых рэгіёнах завершана рэалізацыя 59 праектаў з аб’ёмам інвестыцый больш чым 2 млрд рублёў.

— У цэлым па Віцебскай вобласці за чатыры гады прыцягнута 12,7 млрд рублёў інвестыцый. З іх 55 % — гэта інвестыцыі ў рэальны сектар эканомікі, які дае напаўняльнасць бюджэту і, адпаведна, развіццё сацыяльнай сферы, — рэзюмавала Алена Барздыка.

Праекты па стварэнні новых вытворчасцяў рэалізоўваюцца і ў іншых раёнах Віцебшчыны, распавялі спецыялісты. У якасці прыкладу: у Браслаўскім раёне на базе завода электронікі «Зарад» створана вытворчасць электратэхнічнай прадукцыі, якая дазволіла прадпрыемству ўдвая павялічыць экспарт. У Віцебскім раёне на ТАА «Белфуд Прадакшн» устаноўлена лінія па вытворчасці сухіх каш, а ў Бешанковіцкім — створана новая вытворчасць харчовых араматызатараў. Эксперты адзначаюць, што, акрамя з’яўлення новых працоўных месцаў, заработная плата на такіх новых вытворчасцях, як правіла, у 1,3-1,4 раза вышэйшая, чым у сярэднім па раёне.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю