Праграма мінімум — дзіцячая пляцоўка і пляж.
Не так даўно ў вёску Мельнікі Маларыцкага раёна прыйшла добрая навіна з вобласці. Грамадзянская ініцыятыва па ўстаноўцы дзіцячай спартыўна-гульнявой пляцоўкі названая ў ліку пераможцаў па выніках конкурсу абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў, расказаў старшыня Хаціслаўскага сельскага Савета Эдуард ПАЎЛАЎ.

Эдуард Васільевіч падкрэслівае, што ідэя нарадзілася менавіта ў асяроддзі жыхароў вёскі. Дзіцячая пляцоўка ёсць у суседнім Хаціславе, а Мельнікі — таксама вялікая вёска, тут пражывае каля 600 чалавек. Вось і ўтварылася ініцыятыўная група, яе актывісты правялі гутарку з жыхарамі, апошнія выказалі рашучасць паўдзельнічаць у фінансаванні добрай справы. Аформілі належным чынам дакументы, падалі ў асацыяцыю. А калі прыйшло адабрэнне, гэтая ж група за тыдзень сабрала больш чым 2000 рублёў. Грошы залічылі на адпаведны рахунак. Тым часам мясцовая ўлада ўзялася за падрыхтоўку ўчастка для будучай пляцоўкі. Дамовіліся з найбліжэйшымі прадпрыемствамі — гаспадаркай, лясгасам — аб шэфскай дапамозе ў плане добраўпарадкавання, вывучылі прапановы магчымых пастаўшчыкоў абсталявання.
Паводле слоў кіраўніка мясцовай улады, як толькі паступяць грошы, адразу будуць набыты кампаненты для гульнявой пляцоўкі для малых, а для старэйшых — гімнастычны комплекс, які складаецца з турніка, брусаў, іншых снарадаў. Усё для таго, каб дзеці выйшлі на вуліцу: малыя пагулялі на свежым паветры, а школьнікі адарваліся ад гаджэтаў, пазаймаліся фізкультурай з карысцю для здароўя. Вясковая грамада ўжо раіцца аб тым, як набыць дэкаратыўныя кусты, разбіць клумбы, каб гэта мясціна стала не толькі карысным аб’ектам, але і ўпрыгажэннем вёскі
Да летняга сезона рыхтуецца і мясцовая славутасць — возера, дакладней, прыбярэжная зона. Вадаём утварыўся на месцы былога пясчанага кар’ера. Пясок выбралі, прыйшла вада, людзі сталі купацца, хоць гэта раней было пад забаронай. Даволі крутыя берагі не адпавядалі патрабаванням бяспекі, зноў жа, не было ніякай інфраструктуры для адпачынку. Два гады таму райвыканкам прыняў адпаведную пастанову, і бераг уладкавалі, прывезлі белага пяску. А цяпер работы па паляпшэнні і ўладкаванні пляжнай зоны працягваюцца. Тут ужо ёсць кабіны для распранання, туалеты, устаноўлена вялікая альтанка. Яшчэ размясцілі стэнды з інфармацыяй для адпачывальнікаў. Напрыклад, абазначылі месца для купання дзяцей. На возеры з’явіўся будынак ратавальнага паста. «Толькі вось персанал яшчэ не падабраны, — гаворыць Эдуард Паўлаў. — Думаем на лета прапанаваць магчымасць падпрацоўкі студэнтам, якія прыедуць на канікулы. Хлопцам, якія ўмеюць плаваць, трэба будзе прайсці невялікае навучанне, і можна будзе заступаць на дзяжурства па зменах».

Вадаём цікавы не толькі гісторыяй, якую вывучаюць мясцовыя краязнаўцы, але і энтузіястамі-валанцёрамі, такімі як Алена Фёдараўна Ківачук. Па падказцы дактароў яна стала займацца пешымі прагулкамі ў раёне вадаёма. Аднойчы жанчына ўзяла пакет і сабрала смецце, якое трапілася на шляху. А потым гэта ўвайшло ў прывычку, і Алена Фёдараўна стала прыбіраць пастаянна. Адзін час у яе быў паслядоўнік, студэнт з суседняга Хаціслава, але цяпер ён жыве ў Мінску. Пенсіянерка ж не адмаўляецца ад прывычкі рабіць навакольны свет больш чыстым і прыгожым.
Старшыня Маларыцкага раённага Савета Эдуард КАНДЗЯРЭШКА адзначае:
— У вёсках Хаціслаўскага сельскага Савета жывуць надзвычай дружныя людзі. Сведчаннем таму ініцыятывы, якія яны ператвараюць у жыццё, а таксама цэлы шэраг добрых спраў, што робяцца талакой. Вось і гэты праект па ўладкаванні дзіцячай пляцоўкі ажыццяўляецца грамадой з падтрымкай мясцовай улады. У працэсе ўстаноўкі пляцоўкі ў Мельніках, мантажу, далейшага добраўпарадкавання адбудзецца яшчэ не адзін суботнік. А сумесная работа здружвае, спрыяе здаровай атмасферы. Ужо і цяпер зразумела, што два разы запрашаць гэтых людзей не давядзецца. Не так даўно ў Хаціславе, паводле рашэння сельскага сходу, прыводзілі ў парадак стадыён. На працоўную акцыю выйшлі 87 чалавек розных узростаў
Святлана ЯСКЕВІЧ, фота аўтара.