Top.Mail.Ru

Якімі клопатамі жыве Пружанскі раён?

У авангардзе быць пачэсна

Працавітыя, паспяховыя, прыгожыя

Сённяшні праект, які датычыцца сацыяльна-эканамічнага развіцця Пружанскага раёна, мы прысвяцілі Году беларускай жанчыны, у тым ліку і па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама. Яго кіраўнік Таццяна ГАМАНЧУК акцэнтавала ўвагу на тым, што ў 2026 годзе сярод 25 чалавек, імёны якіх занесены на Дошку гонару Пружанскага раёна, — 15 жанчын. І кожная з іх заслугоўвае цэлага аповеду, упэўнена яна. Кожная ўдала спалучае вытворчыя абавязкі з грамадскай работай, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам, павагай у калектыве і ў асяродку аднадумцаў.

Алена ЯКУТЧЫК, напрыклад, працуе намеснікам дырэктара філіяла Пружанскага райспажыўтаварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці». Алена Васільеўна актыўная ўдзельніца ўсіх мерапрыемстваў патрыятычнага кірунку. Да Дня Перамогі яна разам з калегамі сёлета падрыхтавала ўнікальную выстаўку хлеба. На спецыяльнай лакацыі ў парку наведвальнікі маглі не толькі ўбачыць, але і і паспрабаваць франтавы і партызанскі хлеб, савецкі хлеб мірнага часу, духмяны каравай ХХІ стагоддзя. Хлеб спяклі па адмысловых рэцэптах, якія аднаўлялі па гістарычнай літаратуры, па ўспамінах сталых людзей. На выстаўцы было шмат інфармацыі пра састаў хлеба, яго рэцэптуру і кошт у розныя часы. Гэта лакацыя настолькі зацікавіла наведвальнікаў, што было прынята рашэнне на наступны год працягваць і развіваць пачынанне.

Алена АНТОНЧЫК — загадчыца Ліноўскай сельскай бібліятэкі, што ўваходзіць у лік найлепшых устаноў культуры раёна. Алена Мікалаеўна ўмее зацікавіць і дзяцей, і дарослых. У бібліятэку ходзяць, яна стала неад’емным складнікам культурнага жыцця вёскі, што ў цяперашні час з’яўляецца паказчыкам творчага падыходу да работы.

Наталля ЧАРЭШКА, намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, старшыня Пружанскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», — ініцыятар жаночых спраў і мерапрыемстваў, акрамя іншага, плануе ў найбліжэйшы час жаночы аўтапрабег.

— На сустрэчы з жаночай грамадскасцю з нагоды 8 Сакавіка старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч сказаў, што нашы жанчыны, і не толькі тыя, фатаграфіі якіх можна ўбачыць на Дошцы гонару Пружанскага раёна, — працавітыя, паспяховыя і самыя прыгожыя. І з гэтым нельга не пагадзіцца, — заўважыла Таццяна Гаманчук.

Дапамагаць людзям кожны дзень

Медыцына — безумоўна, цяжкі кірунак, але разам з тым вельмі цікавы. Як рэалізавацца ў прафесіі і пры гэтым застацца добрай жонкай і мамай? Гэтыя пытанні мы абмеркавалі з урачом-афтальмолагам Пружанскай ЦРБ Людмілай ШАЎЧЭНЯ.

— Я заўсёды ведала, што звяжу сваё жыццё з дапамогай людзям. Перада мной стаяў толькі адзін галоўны выбар: вучыць дзяцей ці лячыць людзей. Было адчуванне, што менавіта ў гэтых кірунках закладзена маё прызначэнне, — успамінае Людміла Шаўчэня.


У выніку выбрала медыцыну. І вось ужо з 1997 года наша гераіня працуе ўрачом-афтальмолагам у Пружанскай ЦРБ. Яна прыехала сюды па размеркаванні разам з мужам Віктарам, тут яны і засталіся.

— Нягледзячы на тое, што мы абодва медыкі, канкурэнцыі паміж намі ніколі не было, — сцвярджае Людміла Шаўчэня. — Вельмі розныя кірункі. Віктар першапачаткова быў урачом-рэаніматолагам, а цяпер працуе намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай частцы. 

Я ўсё жыццё — урач-афтальмолаг. Яшчэ неяк так склалася, што мы ніколі не абмяркоўваем працоўныя пытанні дома. Ёсць маса іншых больш асабістых рэчаў, пра якія можна пагаварыць за вячэрай. Магчыма, у гэтым і ёсць сакрэт сямейнага шчасця.

Наша гераіня пераканана: для таго каб стаць добрым урачом, трэба жыць медыцынай. На жаль, гэты шлях патрабуе пэўных ахвяр з боку асабістага жыцця. Калісьці з-за вялікай колькасці працы і начных змен Людміла праводзіла з двума сынамі менш часу, чым хацелася б. Тым не менш з боку блізкіх людзей была вялікая падтрымка. Ды і дзеці з разуменнем і павагай ставіліся да яе працы.

Таксама Людміла Шаўчэння адзначае, што любы ўрач у першую чаргу павінен быць чулым:

— Мне здаецца, у медыцыну не ідуць чэрствыя людзі. Нягледзячы на гады практыкі, усё роўна ўспрымаеш чужы боль як свой. Хоць, вядома, з вопытам пачынаеш дзейнічаць больш прафесійна і выразна, менш дэманструеш эмоцыі.

Наша гераіня пераканана, што зрабіла правільны выбар прафесіі, бо гэта дае ёй магчымасць дапамагаць людзям кожны дзень:

— Прыемна бачыць, што твая праца прыносіць карысць і пацыент усміхаецца, нават калі гаворка ідзе аб банальным падборы акуляраў. Гэта насычае станоўчымі эмоцыямі і дае сілы працаваць далей, — адзначае Людміла Шаўчэня.

Пра сапраўдны прафесіяналізм нашай гераіні сведчаць шматлікія ўзнагароды, у тым ліку і Падзячны ліст ад Міністэрства аховы здароўя, якога яна была ўдастоена некалькі гадоў таму.

Усяго ў Пружанскім раёне пражывае больш за 41 тысячу чалавек у 246 населеных пунктах. Медыцынскую дапамогу ім аказваюць у Пружанскай ЦРБ, якую ўзначальвае Юрый ЮЗЬКО. У яе структуру ўваходзяць Ружанская і Шарашэўская гарадскія бальніцы, Сухапольская бальніца сястрынскага догляду, 7 амбулаторый, 28 ФАПаў і 5 пастоў хуткай дапамогі. Усяго ў сістэме аховы здароўя раёна працуюць 130 урачоў і 444 сярэднія медработнікі.

Як у Пружанскім раёне ствараюць умовы для развіцця асаблівых людзей

Інклюзіўнае выхаванне і рэабілітацыя займаюць вельмі важнае месца ў сучасным свеце. Гэтую ісціну дакладна разумеюць і ў Пружанскім раёне. Для таго каб зрабіць жыццё людзей з асаблівасцямі па-сапраўднаму яркім і насычаным, шмат гадоў нястомна працуюць работнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў і падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аб гэтай высакароднай і самаадданай працы мы пагутарылі з загадчыцай аддзялення Таццянай ШПАРЛА.


— Гэта аддзяленне было ўтворана амаль 20 гадоў таму для пераемнага пераходу ад цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі дзяцей, — тлумачыць суразмоўца. — Дзеці з асаблівасцямі, калі дасягаюць 18 гадоў, на жаль, па стане здароўя не могуць вучыцца і працаваць. На дапамогу ім прыходзіць наша аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў і падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання.

Тут з 8 да 17 гадзін яны заняты рознымі справамі — ад рукадзелля да ўдзелу ў культурных мерапрыемствах і турыстычных паездках. Дарэчы, абмежаванняў па ўзросце няма. На бягучы момант самаму малодшаму выхаванцу — 18 гадоў, а самаму старэйшаму — 44.

— Наведванне нашага аддзялення абсалютна бясплатнае. Галоўнае, каб у выхаванца і яго бацькоў былі цікавасць і жаданне. А ўсе неабходныя ўмовы мы створым, — сцвярджае Таццяна Шпарла.

Усяго ў аддзяленне залічана 40 чалавек. 35 прыходзяць займацца ў Цэнтры, а астатніх кіраўнік гуртка наведвае дома. Кожнаму падбіраецца занятак па магчымасцях і інтарэсах.

Адметна і тое, што ў жыцці Цэнтра прымаюць актыўны ўдзел валанцёры сярэдняй школы № 1 г. Пружаны імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.

— Мы рэгулярна праводзім сумесныя мерапрыемствы. Спачатку да нас прыходзілі старшакласнікі. Такая сумесная праца вельмі дапамагае сацыялізацыі нашых выхаванцаў. Напрыклад, ставіць танец з людзьмі, якія маюць ментальныя парушэнні. Падчас гэта вельмі складана — яны проста не разумеюць, што такое вадзіць карагод. Але, калі да нашай пастаноўкі далучаюцца школьнікі-валанцёры, справа ідзе на лад, — пацвярджае Таццяна Шпарла.

Дарэчы, па адукацыі яна — настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Пасля заканчэння ўніверсітэта была пераканана ў тым, што яе будучае месца працы — школа.

— Я нават не меркавала, што буду тут працаваць, — распавядае Таццяна. — Патрапіла сюды выпадкова. Прапанавалі працу — і я пагадзілася. На той момант мне было ўсяго 28 гадоў. Спачатку было страшна: а раптам не спраўлюся? Аднак я не толькі справілася, але і затрымалася тут на 

15 гадоў. Цяпер сысці адсюль не магу: для выхаванцаў я родны чалавек. Гэтак жа, як і яны для мяне. У нашым аддзяленні ў цэлым няма цякучкі кадраў. Усе гэтыя гады я, кіраўнік гуртка, разам са спецыялістам па сацыяльнай працы і інструктарам робім разам агульную справу як адна дружная сям’я.

Работу загадчыцы аддзялення Таццяна сумяшчае з выхаваннем дзвюх цудоўных дочак.

— Старэйшая — выпускніца, малодшая — толькі скончыла першы клас. Мае дзеці тут частыя госці. Старэйшая дачка фактычна вырасла ў нашым аддзяленні: валанцёрыла, удзельнічала ў мерапрыемствах. Увогуле яна з вялікім хваляваннем і клопатам ставіцца да людзей з асаблівасцямі, — з гонарам дзеліцца Таццяна Шпарла.

Супрацоўнікі і наведвальнікі аддзялення імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб яркія і станоўчыя эмоцыі сталі даступнымі кожнаму. І спраўляюцца з гэтым яны вельмі паспяхова.

Святлана ЯСКЕВІЧ 

Лізавета ГОЛАД, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю