Навізна, актуальнасць, практычнасць — менавіта такімі якасцямі, на думку журы, павінны валодаць найлепшыя праекты штогадовага конкурсу навуковых і інавацыйных ідэй сярод навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Сёлета за права на рэалізацыю змагалася 20 перспектыўных ідэй. Аб падрабязнасцях некаторых з іх даведалася карэспандэнт «Звязды».
Кузня ідэй і кадраў
Свае інавацыйныя распрацоўкі індустрыяльным партнёрам конкурсу маладыя таленты БДУІР і Мінскага радыётэхнічнага каледжа прадэманстравалі на ўнікальнай пляцоўцы. Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк лічыцца самай сапраўднай кузняй будучых абітурыентаў тэхнічных спецыяльнасцяў. Невыпадкова, што многія студэнты БДУІР — учарашнія выхаванцы гэтай «калыскі» студэнцкіх навуковых каманд. Каб паказаць, у што выраслі іх першапачатковыя ідэі, яны вяртаюцца сюды ўжо ў новым статусе — у якасці фіналістаў прэстыжнага конкурсу.
Яны атрымалі магчымасць прэзентаваць свае рашэнні напрамую экспертам галін, пачуць канструктыўную крытыку, атрымаць ад іх дзелавыя прапановы. Каб стымуляваць распрацоўкі ў ключавых напрамках, партнёры нават заснавалі спецыяльныя намінацыі.
Першае, на што звярталі ўвагу пры ацэньванні праектаў, — актуальнасць задумкі. Але не менш важнае было і пытанне навізны: ці ёсць у прапанаванай ідэі нешта прынцыпова свежае? Высока цаніліся незвычайныя рашэнні, арыгінальнае спалучэнне правераных тэхналогій ці проста ўдалае паляпшэнне існуючага прадукту. Журы разглядала праект і з пункту гледжання яго жыццяздольнасці.
І спажыўцам, і работадаўцам
Аляксандр Лебедзеў працуе над вырашэннем адной з самых недаацэненых пагроз інфармацыйнай бяспекі. Справа ў тым, што ў кампаніях і іншых установах з вялікай колькасцю супрацоўнікаў USB-парты ўсё яшчэ застаюцца самым уразлівым месцам рабочых камп’ютараў. Злачынец, скарыстаўшыся няўважлівасцю кагосьці з работнікаў, можа атрымаць практычна поўны кантроль над кампаніяй, проста ўставіўшы ў порт звычайную з выгляду флэшку. Праект актыўнай сістэмы абароны ад BadUSB-нападаў з аналізам паводзін у рэальным часе «USB-Shіeld» накіраваны на тое, каб максімальна мінімізаваць гэту пагрозу. «Аналагі нашай распрацоўкі на рынку нешматлікія і не вельмі функцыянальныя. Мы ж, у сваю чаргу, нацэлены на тое, каб як мага больш выключыць умяшанне карыстальнікаў у працэс: яны могуць працаваць як звычайна, але ў фонавым рэжыме заўсёды будуць абаронены», — тлумачыць аўтар праекта. Тэма актуальная як ніколі, бо часам з падобнымі кібермахлярамі не спраўляецца нават устаноўлены на камп’ютар антывірус: «Справа ў тым, што праграмы шукаюць шкодныя файлы ці трафікі. Але ў флэшках злачынцаў нічога такога няма — прылада літаральна імітуе клавіятуру, ад імя карыстальніка выконваючы каманды, толькі ў 100 разоў хутчэй». Дапаможа сістэма і ў выпадках, калі пакрыўджаныя работнікі хочуць перад звальненнем за нешта «адпомсціць» работадаўцам — такія здарэнні часам фіксуюцца ў нашай краіне.
Праект, які дапамагае кампаніям (у першую чаргу ІT-сферы) не губляць каштоўных супрацоўнікаў, а іх кар’ерны рост робіць справядлівым, сумленным і прадказальным, прадставіў Аляксей Комар. «Evalyze» ўяўляе сабой платформу, якая аналізуе выкананую работу, складае адпаведную справаздачу і падае яе HR-ам і кіраўнікам. Навізна праекта, як запэўніваюць яго стваральнікі, заключана ва ўжыванні штучнага інтэлекту — менавіта ён аналізуе неструктураваныя даныя, навыкі работнікаў і іх складанасць. Адмысловая ўвага ўдзяляецца і так званым «soft skіlls». «Ёсць пэўныя навыкі, такія як лідарскія, якія не відаць у рэзюмэ, але пры гэтым яны важныя і патрэбныя для той ці іншай пасады. Наша платформа адсочвае і іх», — распавёў Аляксей. Ідэя стварэння такога незвычайнага праекта, па яго ўласным прызнанні, узнікла спантанна. На канцэпцыю і першыя этапы распрацоўкі спатрэбілася ўсяго 2-3 тыдні. Але хлопцы разумеюць: у выпадку рэалізацыі іх праект будзе патрэбны асабліва маладым спецыялістам — тым з іх, чые здольнасці яшчэ не атрымалася разглядзець работадаўцам.
А вось Соф’ю Бурду на вынаходства падштурхнулі добра знаёмыя кожнаму праблемы сучаснага шопінгу: чэргі ў пікавыя гадзіны, памылкі касіраў і недахоп персаналу. Выключыць уплыў чалавечага фактару дзяўчына прапанавала з дапамогай апаратна-праграмнага комплексу, закліканага моцна спрасціць працэс пакупак. Распрацоўка складаецца, па сутнасці, з дзвюх прылад — разумнага кошыка з убудаваным сканерам штрых-кода, каб прапусціць гэты этап на касе, і мабільнага дадатку, аб’яднанага з кошыкам агульнай базай даных. Акрамя сканера, у кошыку прапануецца размясціць спецыяльны датчык для кантролю вагі, магнітную зарадку, дысплей і некаторыя элементы кіравання. А праграмная частка праекта дазволіла б складаць і кіраваць спісамі тавараў і аналізаваць свае пакупкі, прагледзеўшы іх гісторыю ў мабільным дадатку. Адсюль і галоўныя перавагі для пакупнікоў: эканомія часу і поўная празрыстасць выдаткаў. У перспектыве распрацоўка можа яшчэ і павысіць продажы крам, паменшыць іх выдаткі на персанал. Журы адзначыла: у буйных супермаркетах такія кошыкі наўрад ці будуць актуальныя, але з іх дапамогай можна было б вырашыць праблему спажыўцоў на тых жа аўтазапраўках, якая цяпер на асаблівым кантролі.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара