Top.Mail.Ru

Якімі прынцыпамі работы ў сваёй акрузе кіруецца дэпутат Святлана Сянько?

Законнасць, адкрытасць да дыялогу і адказнасць перад кожным выбаршчыкам

Штомесяц дэпутаты Палаты прадстаўнікоў тыдзень працуюць у выбарчых акругах, якія прадстаўляюць. Цяпер у нашай рубрыцы мы будзем расказваць падрабязней пра тое, чым менавіта быў напоўнены чарговы візіт дэпутата ў акругу і што сёння хвалюе яе мясцовых жыхароў.

Як прынятыя нормы дзейнічаюць на практыцы

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Святлана СЯНЬКО прадстаўляе Жыткавіцкую выбарчую акругу № 39, у межы якой уваходзяць аднайменны Жыткавіцкі, Лельчыцкі і Петрыкаўскі раёны.

— Работа ў акрузе ахоплівае шырокі спектр кірункаў: ад заканадаўчай дзейнасці да вырашэння праблем жыхароў, — падкрэсліла Святлана Уладзіміраўна. — Раз на месяц мы абавязкова выязджаем у рэгіёны. Паколькі ў Палаце прадстаўнікоў я ўваходжу ў склад Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, для мяне асабліва важна рэгулярна сустракацца з калектывамі ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падчас чарговай паездкі ў кастрычніку ў акругу такія сустрэчы прайшлі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама, Петрыкаўскім раённым ТЦСАН.

Нам як заканадаўцам вельмі важна чуць меркаванне профільных спецыялістаў, з першых вуснаў даведвацца, як прынятыя нормы працуюць на практыцы, у якой яшчэ дапамозе маюць патрэбу людзі.

Так, у прыватнасці, мы абмеркавалі, як на месцах рэалізуюцца змены ў Закон «Аб пенсіённым забеспячэнні». Адна з норм — зніжэнне страхавога стажу з 10 да 5 гадоў для маці, якія нарадзілі і выхавалі чацвярых дзяцей. Яшчэ адна важная тэма — прадстаўленая працуючым пенсіянерам магчымасць атрымліваць і заработную плату, і пенсію ў поўным аб’ёме.

Не менш важным фарматам работы на месцах парламентарый лічыць пастаяннае правядзенне Адзіных дзён інфармавання.

— Працуючы ў выбарчай акрузе ў кастрычніку, я сустрэлася з працоўнымі калектывамі Цэнтра банкаўскіх паслуг № 311 «Беларусбанк» у Жыткавічах, Хлупінскай базавай школы Жыткавіцкага раёна і Петрыкаўскай сеткі публічных бібліятэк. У цэнтры ўвагі, вядома, былі пытанні падтрымкі інстытута сям’і, захаванне традыцыйных каштоўнасцяў, умацаванне шлюбу, абарона мацярынства і дзяцінства — гэта нязменныя прыярытэты дзяржаўнай палітыкі Беларусі, бо менавіта на моцнай сям’і будуецца моцная і стабільная дзяржава. У працяг гэтай тэмы мы падрабязна абмеркавалі даступнасць і эфектыўнасць маштабных дзяржаўных дапамог, якія сёння накіраваны на дапамогу маладым і шматдзетным сем’ям.

Жыхары ведаюць, што на хвалюючае пытанне яны абавязкова атрымаюць адказ

Па словах Святланы Уладзіміраўны, сустрэчы з людзьмі, якія пражываюць на тэрыторыі акругі, заўсёды праходзяць у адкрытым фармаце. Людзі ведаюць, што на хвалюючае пытанне яны абавязкова атрымаюць адказ, да кожнай праблемы дэпутат ставіцца ўважліва.

— Гэтым разам работнікаў устаноў і прадпрыемстваў цікавілі самыя розныя тэмы: ад пенсіённага забеспячэння і работы сістэмы аховы здароўя да атрымання жылля маладымі сем’ямі, — адзначыла яна. — Мы гаварылі аб замацаванні маладых спецыялістаў у раёнах і арганізацыі вольнага часу для моладзі на месцах.

Традыцыйна самай хвалюючай застаецца сфера камунальнай і дарожнай гаспадаркі. Напрыклад, падчас асабістага прыёму паступалі пытанні аб падвядзенні газавага ацяплення, рамонце электраправодкі ў пад’ездзе, афармленні зямельнага ўчастка, аднаўленні на ранейшым месцы працы ў сельгасарганізацыі.

Паколькі далёка не кожны жыхар аддаленай вёскі або пажылы чалавек можа фізічна прыехаць на прыём грамадзян да дэпутата, для гэтага праводзяцца прамыя тэлефонныя лініі.

— Гэты фармат работы, на мой погляд, мае ключавое значэнне, становячыся сувязным мостам, — лічыць Святлана Сянько. — Калі прамая лінія дазваляе аператыўна рэагаваць на бытавыя пытанні, то асабісты прыём — гэта заўсёды дэталёвы разбор складаных жыццёвых сітуацый. За кожным званком і візітам стаіць рэальная праблема, якая патрабуе кампетэнтнага рашэння.

Гавару шчыра: ні адзін званок, ні адзін зварот не застаюцца па-за ўвагай. Частка пытанняў вырашаецца на месцы, а праблемы, якія патрабуюць дадатковага вывучэння, бяруцца на мой асабісты кантроль. Кожны такі кантакт дазваляе з першых вуснаў даведацца, чым жыве акруга, і служыць рэальнай асновай для нашай далейшай заканатворчай работы.

Сустрэчы з тымі, хто адказны за будучыню краю

— Сапраўды, асаблівую ўвагу ў сваёй дзейнасці я ўдзяляю рабоце з моладдзю, — сказала Святлана Сянько. — У рамках праекта «Дэпутацкая гадзіна з моладдзю» правяла серыю адкрытых дыялогаў і круглых сталоў. Галоўная мэта такіх дыялогавых пляцовак — дапамагчы маладым спецыялістам адаптавацца на першым працоўным месцы, даведацца, чым жыве працоўная моладзь, даць ім адчуць падтрымку дзяржавы. У ходзе размовы мы падрабязна разабралі ўвесь спектр сацыяльных гарантый, на якія маладыя людзі могуць разлічваць: ад выплаты пад’ёмных і прадастаўлення арэнднага жылля да льготнага крэдытавання і кампенсацыі расходаў на ўладкаванне побыту.

Сваю спецыфіку мела сустрэча са старшакласнікамі сярэдняй школы № 1 у Петрыкаве. Ключавой тэмай абмеркавання з дзецьмі стала фундаментальная роля сям’і і традыцыйныя каштоўнасці беларусаў. Акрамя таго, мы абмеркавалі рэалізацыю маладзёжнай палітыкі ў краіне і актуальныя аспекты нашай заканатворчай дзейнасці. Гэта дазволіла мне пачуць голас падрастаючага пакалення.

Як працуюць гандаль і сацыяльная сфера

Падчас рабочай паездкі ў Жыткавіцкі раён дэпутат узяла ўдзел у Адзіным дні дэпутата. Праграма дня ахапіла ключавыя сферы жыцця вяскоўцаў.

— Сумесна з дэпутатамі раённага ўзроўню мы правялі маніторынг гандлёвых аб’ектаў у аграгарадку Азяраны і вёсцы Перароў. Маніторынг пацвердзіў, што абавязковы асартыментны пералік у крамах строга выконваецца. Прыемна адзначыць, што для пенсіянераў у крамах спажыўкааперацыі стабільна дзейнічаюць зніжкі на тавары першай неабходнасці, — адзначыла парламентарый.

— Наведваючы Перароўскі фельчарска-акушэрскі пункт, я пераканалася, што тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі ў сельскай мясцовасці. Затым азнаёмілася з матэрыяльна-тэхнічнай базай Хлупінскай базавай школы і пагаварыла з яе працоўным калектывам.

І гэта далёка не ўвесь спектр праведзеных падчас работы ў акрузе мерапрыемстваў. Аднак Святлана Уладзіміраўна неаднаразова падкрэслівала: дэпутацкая дзейнасць — пастаянная ўцягнутасць і прысутнасць там, дзе жывуць і працуюць людзі.

— Уся мая работа ў Жыткавіцкай выбарчай акрузе № 39 будуецца на трох прынцыпах: законнасць, адкрытасць да дыялогу і адказнасць перад кожным выбаршчыкам, — падкрэсліла Святлана Сянько. — Кожны зварот для мяне мае каштоўнасць: дзякуючы пытанням і праблемам, якія ўздымаюцца ў акрузе, я магу зразумець, ці патрабуецца карэкціроўка нарматыўных актаў.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота з асабістага архіва Святланы СЯНЬКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю