Магазіны на колах, якія абслугоўваюць сельскіх жыхароў, павінны быць сучаснымі і зручнымі для пакупнікоў, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў у лютым 2024-га. У красавіку таго ж года Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці, падчас якой азнаёміўся з новай аўтакрамай, вырабленай Мінскім аўтамабільным заводам. Тады Прэзідэнт даручыў прапрацаваць пытанне закупкі такой тэхнікі для Белкаапсаюза. А ўчора па ініцыятыве Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на пляцоўцы ТАА «Завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава» адбылася рабочая сустрэча па пытаннях набыцця гандлёвых аўтамабіляў і прычэпаў «Купава» для выкарыстання
ў якасці аўтакрам.
Пункты росту
Намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана КАРАТКЕВІЧ адзначыла, што галоўнай мэтай мерапрыемства стала прапрацоўка некаторых нявырашаных пытанняў у рамках эксплуатацыі тэхнічных характарыстык аўтамашын, якія выкарыстоўваюцца на сяле ў выглядзе аўтакрам:
— У рамках нашай сустрэчы мы таксама хацелі абмеркаваць пытанні магчымасці змены дзеючага заканадаўства ў частцы прадастаўлення крэдытных рэсурсаў або на ўмовах фінансавай арэнды аўтатранспарту, што можа выкарыстоўвацца ў кірунку, які мы сёння разглядаем. А таксама вывучыць перспектывы развіцця нашай галіны як з боку гандлю, так і з боку прамысловасці для таго, каб разумець, у якім кірунку мы рухаемся, якія ў нас ёсць пункты росту і, адпаведна, вырашыць усе пытанні, што ўзнікаюць з наступным увасабленнем гэтых задач у дзеянні.

Сёння ў нашай краіне створаны дастаткова добрыя ўмовы для ажыццяўлення бізнесу ў сельскай мясцовасці, лічыць Святлана Караткевіч:
— Працуе шэраг указаў Прэзідэнта, якія ўжо сябе добра зарэкамендавалі. Нашы гандлёвыя прадпрыемствы выкарыстоўваюць ільготныя ўмовы для ажыццяўлення гандлю ў сельскай мясцовасці, адпаведна, развіваюць кірунак па абслугоўванні насельніцтва.
Святлана Караткевіч дапоўніла, што гандлёвая галіна сёння прадстаўлена не толькі Беларускім рэспубліканскім саюзам спажывецкіх таварыстваў — у сельскую мясцовасць прыходзіць і буйны рытэйлер:
— Я думаю, што спіс гандлёвых аб’ектаў і гандлёвых суб’ектаў будзе пашырацца з году ў год, каб якаснае абслугоўванне насельніцтва гандлёвымі аб’ектамі было забяспечана не толькі ў гарадской мяжы, але і непасрэдна ў сельскай мясцовасці.

Гатовы закрыць патрэбы ўсіх спажыўцоў
Генеральны дырэктар ТАА «Завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава» Віталь ЯКУБАЎ падзякаваў МАРГ за прадуктыўную сустрэчу:
— Мы шмат гадоў распрацоўваем і вырабляем аўтакрамы. Паказвалі нашу аўталаўку кіраўніку дзяржавы — яна была дастаткова высока ацэнена. У асноўным мы працавалі, вядома, з Белкаапсаюзам: рабілі аўтакрамы па замове яго прадстаўнікоў, іх праекце і заяўках. Хацелася б пашырыць лінейку прадпрыемстваў-пакупнікоў такіх аўтамагазінаў.
Падпісаныя Прэзідэнтам указы дазваляюць вялікім гандлёвым сеткам выходзіць на гэты рынак і прадаваць сваю прадукцыю. Мы гатовы закрыць патрэбы ўсіх спажыўцоў. Маючы свае канструктарскія, тэхналагічныя, службы сертыфікацыі, напрацавалі кампетэнцыі ў гэтым кірунку. Падчас рабочай сустрэчы хацелі пачуць пажаданні нашых патэнцыяльных спажыўцоў, што яны хочуць бачыць.
Па словах гендырэктара, прадпрыемства з’яўляецца экспартаарыентаваным — каля 60 % прадукцыі ідзе на рынак Расійскай Федэрацыі.
— Сёння ў месяц вырабляем каля 100 кузаваў, — удакладніў ён.

Першы намеснік Старшыні Праўлення Белкаапсаюза Віктар КАРАЛЁЎ расказаў, што з моманту рэалізацыі Указа Прэзідэнта № 309 «Аб падтрымцы арганізацый спажывецкай кааперацыі» адпаведнымі арганізацыямі набыта каля 200 аўтамабіляў. Усяго 482 аўталаўкі абслугоўваюць 12 800 населеных пунктаў у краіне, з колькасцю да 10 чалавек — 4600 населеных пунктаў.
— Што датычыцца эксплуатацыі, аўтамабілі паспяхова спраўляюцца са сваёй задачай. Канфігурацыя фургона была адпрацаваная яшчэ ў 2021 годзе для зручнасці пакупніка ў частцы прэзентацыйнай вітрыны і, вядома, для прадаўца. Хоць, безумоўна, няма меж дасканаласці. Мы іх яшчэ дапрацоўваем з улікам неабходных умоў.
У пакупніка, са слоў Віктара Каралёва, ёсць жаданне набываць тавары самастойна:
— Таму ў нас запланаваная адпрацоўка фургонаў па метадзе самаабслугоўвання. Мы разумеем, што ў маршрутах аўтакрам даволі шмат населеных пунктаў, аднак на наступны год будзем адпрацоўваць гэта пытанне.
Яна ВАЛАСАЧ