Top.Mail.Ru

Якія абавязкі выконвае манеўраная група Мазырскага пагранатрада

Калі папрасіць абывацеля апісаць вобраз пагранічніка, мы пачуем і пра заставу, і пра зялёную фуражку, і абавязкова пра чатырохлапага напарніка — службовую аўчарку. Некаторыя згадаюць праверку дакументаў у пунктах пропуску. 


Аднак у гэтым матэрыяле мы раскажам пра падраздзяленне, якое адыгрывае не менш важную ролю, чым класічныя заставы і аддзяленні пагранкантролю, — гаворка пойдзе пра манеўраную групу.

Ідэя адраджэння такіх падраздзяленняў, якія паспяхова прымяняліся яшчэ ў савецкі час, была ініцыіравана Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. На сёння гэты магутны і мабільны рэзерв начальніка пагранічнай групы або атрада здольны аператыўна прыкрыць любы ўчастак дзяржаўнай граніцы пры абвастрэнні абстаноўкі. Фарміраванне манеўраных груп — гэта не мілітарысцкая акцыя, а стратэгічны адказ на сучасныя выклікі бяспецы.

1.JPG

Найлепшае ўзбраенне і сучасная тэхніка

Летась завяршылася стварэнне манеўранай групы Мазырскага пагранічнага атрада. Асабовы склад гэтага тактычнага падраздзялення хуткага рэагавання здольны аказаць сілавую падтрымку пры ўзнікненні розных пагроз бяспецы краіны на паўднёвай граніцы.

— Манеўраныя групы валодаюць павышанымі агнявымі магчымасцямі, — расказвае пра асаблівасці падраздзялення намеснік начальніка манеўранай групы Мазырскага пагранічнага атрада падпалкоўнік Дзмітрый Багданаў

— Ваеннаслужачыя гэтых спецпадраздзяленняў вырашаюць шырокі спектр задач: ад прыкрыцця ўчасткаў дзяржаўнай граніцы да ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп праціўніка і знішчэння незаконных узброеных фарміраванняў.

У распараджэнні мангрупы — найлепшае ўзбраенне, баявая і спецыяльная тэхніка, здольная пераадольваць самыя складаныя ўчасткі бездарожжа ў прыграніччы.

3.JPG

12.JPG

Браніраваныя «Волаты» вытворчасці Мінскага завода колавых цягачоў сур’ёзна ўзмацняюць баявы патэнцыял мангруп. 

У выпадку абвастрэння абстаноўкі «Волаты» могуць аператыўна вылучацца на ўказаны напрамак і пры неабходнасці наносіць агнявое паражэнне дыверсантам і незаконным узброеным фарміраванням.

Таксама вайскоўцы манеўранай групы Мазырскага пагранатрада актыўна выкарыстоўваюць прыборы начнога бачання, цеплавізары, прылады вызначэння далёкасці да цэляў і карэкціроўкі агню, такія як артылерыйскія бусолі, перыскопы і дальнамеры.

— Найноўшыя віды сувязі, лічбавыя радыёстанцыі, беспілотнікі, тэхнічныя сродкі аховы — усё гэта дазваляе заўсёды быць напагатове, — адзначае Дзмітрый Багданаў.

Псіхалагічнае тэсціраванне і фізпадрыхтоўка

Самая галоўная сіла падраздзялення — гэта людзі. Служаць у манеўранай групе афіцэры, вайскоўцы кантрактнай і тэрміновай службы, якія маюць выдатную фізічную форму і валодаюць высокімі маральна-псіхалагічнымі якасцямі.

6.JPG


Усе яны праходзяць адбор, што праводзіцца ў некалькі этапаў. Першым і, мабыць, самым складаным з’яўляецца псіхалагічнае тэсціраванне. Тут кандыдатам трэба прайсці серыю тэстаў і сумоўяў, накіраваных на выяўленне іх псіхалагічнага стану, стрэсаўстойлівасці, умення прымаць рашэнні ў экстрэмальных сітуацыях і здольнасці да адаптацыі.

Другі этап — здача нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы. Але яна — толькі падмурак, тлумачыць Дзмітрый Багданаў: «Куды важней сукупнасць якасцяў кандыдата, якія спалучаюць інтэлект, дысцыпліну, аналітычнае мысленне і ўменне працаваць у камандзе. У манеўранай групе няма месца індывідуалістам: тут поспех залежыць ад кожнага звяна».

У групе запатрабаваны спецыялісты розных профіляў: ад універсальнага байца да аператара беспілотных лятальных апаратаў. Вітаюцца кандыдаты з вопытам, набытым у іншых спецпадраздзяленнях, якія ведаюць асновы тактыкі і ўмеюць абыходзіцца са зброяй.

— Галоўнае, каб чалавек разумеў, што служба ў манеўранай групе — не проста работа, а пакліканне. Гэта пастаянная гатоўнасць да рызыкі і цяжкасцяў. Гэта адказнасць за бяспеку сваёй краіны і яе грамадзян, — кажа Дзмітрый Багданаў.

Нейтралізаваць праціўніка голымі рукамі

15.JPG

17-1.JPG

У манеўранай групе Мазырскага пагранатрада акцэнт робіцца на фізічнай і баявой падрыхтоўцы. Штодня пагранічнікі здзяйсняюць шматкіламетровыя маршы ці кросы па перасечанай мясцовасці, трэніруюцца на абсталяваным спартгарадку, а таксама пераадольваюць паласу перашкод.

— Кожны дзень у абавязковым парадку праводзяцца заняткі па рукапашным баі, — расказвае намеснік начальніка манеўранай групы.—. Пад кіраўніцтвам вопытных інструктараў ваеннаслужачыя адточваюць тэхнікі з арсенала армейскага рукапашнага бою, дзюдо і самба, вучацца нейтралізаваць праціўніка голымі рукамі і дзейнічаць ва ўмовах абмежаванай прасторы. На інжынернай падрыхтоўцы пагранічнікі вывучаюць мінна-падрыўную справу: устройства сучасных мін, асаблівасці іх выяўлення і маскіроўкі, устаноўкі і абясшкоджвання.

Актыўна праводзяцца заняткі па тактычнай медыцыне.

25.JPG

— Асаблівая ўвага ўдзяляецца адпрацоўцы дзеянняў у нестандартных умовах: напрыклад, у гарадской забудове, у лесапасадках або пры раптоўным нападзе з засады, — расказвае Дзмітрый Багданаў. — Такія трэніроўкі не толькі павышаюць індывідуальнае майстэрства байцоў, але і ўмацоўваюць зладжанасць групы, забяспечваючы гатоўнасць да імгненнага рэагавання ў крытычных сітуацыях.

Яўген ПЯЧОРЫН

Фота Сяргея КАРЖЫЦКАГА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю