Нядаўна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі падчас XІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «BІG DATA and Advanced Analytіcs», якая сабрала больш за 250 удзельнікаў, абмеркавалі шырокі спектр актуальных пытанняў. Вялікая ўвага ўдзялялася перспектывам выкарыстання штучнага інтэлекту і яго прававога рэгулявання.
Апераджальная бяспека
Па словах рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзіма БОГУША, такая праблематыка сёння вельмі актуальная для міжнароднага абмеркавання: «Дынаміка вытворчасці даных сёння апісваецца экспаненцыяльнай залежнасцю, — адзначыў Вадзім Богуш. — Гэта значыць, тыя аб’ёмы, якія яшчэ дзясятак гадоў таму можна было хоць неяк апрацоўваць з выкарыстаннем чалавечага патэнцыялу, сёння апрацоўваць без выкарыстання спецыялізаваных алгарытмаў, праграмных сродкаў і абсталявання проста немагчыма».
Яшчэ адна тэндэнцыя лічбавага развіцця, на думку рэктара БДУІР, заключана ў тым, што яно дасягнула ўзроўню, калі тэхналогіі пачынаюць не толькі пранікаць у вытворчыя працэсы, але і аказваць магутны ўплыў на сацыяльную сферу. Дарэчы, па статыстыцы Міжнароднай арганізацыі працы, штогод у свеце здараецца каля 317 мільёнаў няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Традыцыйныя метады, планавыя праверкі працуюць не заўсёды, і часта — постфактум. А штучны інтэлект здольны аналізаваць вібрацыю, тэмпературу і ціск абсталявання з недаступнай чалавеку хуткасцю, заўважаючы мікраскапічныя збоі задоўга да таго, як абсталяванне канчаткова зламаецца, прычыніўшы шкоду чалавеку.
На практыцы гэта выглядае як пераход ад планава-папераджальнага рамонту да абслугоўвання па рэальным стане. Яскравы прыклад — вопыт Мінскага аўтамабільнага завода. «Нашымі маладымі спецыялістамі былі створаны праграмныя прадукты, якія даюць магчымасць сістэматызаваць даныя, што атрымліваюцца з транспартнага сродку, — расказаў Андрэй САЎЧЫЦ, дырэктар навукова-тэхнічнага цэнтра — галоўны канструктар Мінскага аўтамабільнага завода. — Нават калі момант няспраўнасці яшчэ не настаў, але ўмовы работы набліжаюцца да крытычных, мы атрымліваем папярэджанне аб неабходнасці загадзя правесці тэхнічнае абслугоўванне».
Экзашкілеты і аўтапілоты
Асаблівую ўвагу на канферэнцыі ўдзялялі таксама пытанням прымянення тэхналогій вялікіх даных (Bіg Data) у маркетынгу і электроннай камерцыі, а таксама выкарыстанню гэтых інструментаў для аптымізацыі ІT-рашэнняў, бізнес- і вытворчых працэсаў. Акрамя гэтага, разгледзелі сучасныя тэхналогіі і інструментарый для аналітыкі, а таксама спецыфіку ўкаранення Bіg Data у такіх крытычна важных сферах, як медыцына і адукацыя. Атрымліваецца, падкрэсліў загадчык кафедры інжынернай і камп’ютарнай графікі БДУІР Сяргей ДЗІК, тэматыка адпавядае галоўным трэндам сучаснага развіцця навукі і тэхнікі — выкарыстанне камп’ютарных лічбавых тэхналогій, нейрасетак, штучнага інтэлекту.
Існуе шэраг варыянтаў выкарыстання яго магчымасцяў на вытворчасці. Адзін з іх — разумныя ўстройствы. Такія экзашкілеты, напрыклад, могуць зніжаць нагрузку на пазваночнік, а біяметрычныя бранзалеты — сачыць за работай сэрца і ўзроўнем трывожнасці. Перспектыўным уяўляецца і выкарыстанне ШІ ў сістэме аўтапілота.
Стварэнне разумнага і бяспечнага аўтапілота шмат у чым залежыць ад таго, наколькі добра машына арыентуецца ў сітуацыі на дарозе, ведае дарожныя знакі і сігналы святлафораў. Вырашыць праблему распазнавання ўзяліся студэнты БДУІР. У супрацоўніцтве з МАЗ ім удалося стварыць простую нейрасеткавую мадэль, якая працавала б на магутнасцях самога аўтамабіля ў рэальным часе.
Па словах Андрэя Саўчыца, выпрабаванні паказалі: яна ўстойліва знаходзіць святлафоры на фотаздымках са складанымі ўмовамі надвор’я і пры моцных засветах. Пры гэтым хуткасць апрацоўкі даных застаецца высокай, а дакладнасць лакалізацыі — здавальняючай для бяспечнага манеўравання. Праўда, кіраваць транспартным сродкам згодна з правіламі дарожнага руху ў Беларусі можа толькі чалавек, а значыць, карыстацца сістэмай аўтапілота ў нашай краіне не дапускаецца. Тэхналогія, тым не менш, шматабяцальная і вартая таго, каб яе развіваць.
Правілы для штучнага інтэлекту
У паўсюднага выкарыстання і ўкаранення штучнага інтэлекту ёсць і мінусы, з якіх найбольшую небяспеку ўяўляюць маніпуляванне грамадскай думкай, дэзінфармацыя, магчымая манапалізацыя рынку і незаконнае абарачэнне персанальных даных. Як Беларусь шукае баланс паміж інавацыямі і бяспекай, расказаў генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Сяргей КРУГЛІКАЎ. Паводле яго слоў, гэта асабліва папулярная ў апошнія гады тэхналогія насамрэч развіваецца на розных узроўнях на працягу дзесяцігоддзяў.
І паколькі сёння штучны інтэлект пранікае ва ўсе сферы жыцця, усё, што звязана з яго стварэннем, укараненнем і паўсядзённым выкарыстаннем, патрабуе дакладных і зразумелых правіл, замацаваных на ўзроўні заканадаўства.
У Беларусі пакуль яшчэ няма асобнага закона, які комплексна б рэгуляваў сферу штучнага інтэлекту. Але гэта не значыць, што тэму абыходзяць, — наадварот, у шэрагу стратэгічных дакументаў ужо заяўлена: выкарыстанне ШІ ў розных галінах адпавядае нацыянальным інтарэсам і ўваходзіць у лік прыярытэтаў інавацыйнага развіцця дзяржавы. Ды і ў галіновых актах — напрыклад, па адукацыі або электратранспарце — тэрміны з сферы штучнага інтэлекту сустракаюцца ўсё часцей. «Свет не стаіць на месцы, як і наша краіна, — адзначыў Сяргей Круглікаў. — Насамрэч пытанням штучнага інтэлекту надаецца самае сур’ёзнае значэнне».
Пацвярджэннем таму стаў мадэльны Закон «Аб тэхналогіях штучнага інтэлекту», прыняты 18 красавіка 2025 года Міжпарламенцкай Асамблеяй дзяржаў — удзельніц СНД. Распрацаваны беларускімі навукоўцамі дакумент апісвае магчымасці дзяржаўнага рэгулявання пытання, прынцыпы кіравання рызыкамі, правы і абавязкі распрацоўшчыкаў і карыстальнікаў ШІ. Асобная ўвага ўдзелена апрацоўцы, захоўванню і абароне даных. Мадэльны закон быў накіраваны ва ўсе краіны Садружнасці і рэкамендаваны для выкарыстання ў нацыянальным заканадаўстве.
Рашэнне аб распрацоўцы адпаведнага закона ў нашай краіне пакуль не прынята, але крокі ў гэтым кірунку, паводле слоў вучонага, актыўна робяцца. Напрыклад, у НАН Беларусі была сфарміравана рабочая група для стварэння законапраекта аб штучным інтэлекце — у яе ўвайшлі 45 экспертаў з 30 арганізацый. Яны ўжо падрыхтавалі два дакументы: праект гласарыя асноўных ШІ-тэрмінаў і праект канцэпцыі будучага Закона «Аб штучным інтэлекце». Цяпер спецыялісты абмяркоўваюць заўвагі і прапановы да апошняга.
Аміна НАЗАРАВА