Top.Mail.Ru
515

Якія фактары рызыкі сасудзістых катастроф мы павінны кантраляваць?

Не па сэрцы

Колькасць захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы — прычыны сасудзістых катастроф (інфаркту і інсульту) — не зніжаецца, а пацыенты кардыёлагаў маладзеюць. Звязана гэта пераважна з ладам жыцця, які мы вядзём. Каб пераламаць такую непрыемную тэндэнцыю і прымусіць статыстыку пачаць адваротны адлік, варта працаваць і ўрачам, і самім пацыентам. Што менавіта трэба зрабіць, расказалі спецыялісты РНПЦ «Кардыялогія».

Не толькі ціск

Сёння дакладна вядомыя асноўныя фактары рызыкі, на якія мы можам паўплываць. Гэта перш за ўсё атлусценне, курэнне, цукровы дыябет, артэрыяльная гіпертэнзія і дысліпідэмія.

— Падчас дыспансерызацыі недастаткова проста прыйсці здаць аналізы і забыцца пра гэта. Нават калі ўрач не зрабіў акцэнт на нейкіх момантах, самому чалавеку трэба пацікавіцца аб выніках і магчымасцях якога-небудзь уплыву, — адзначае загадчык лабараторыі хранічнай сардэчнай недастатковасці РНПЦ «Кардыялогія», кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Алеся ШАТАВА.

Перш за ўсё варта звярнуць увагу на ўзровень халестэрыну. 

Дысліпідэмія — гэта павышэнне ўзроўню агульнага халестэрыну, але тут важныя менавіта так званыя ліпіды нізкай шчыльнасці. І гэты паказчык можна карэктаваць, прычым здаровым ладам жыцця. Найперш рэкамендуецца на працягу шасці месяцаў нармалізаваць сваё харчаванне. Калі гэта не дасць эфекту, давядзецца звяртацца да стацінатэрапіі.

— Хачу адзначыць, што стаціны — гэта не зло, а тое, што дазволіць нам перамагчы і зменшыць рызыку хвароб сістэмы кровазвароту на працягу 5–15 наступных гадоў жыцця пацыента. На жаль, у абывацеляў існуе меркаванне аб шкодзе дадзенай групы прэпаратаў. Аднак менавіта апошнія дазваляюць знізіць захваральнасць, смяротнасць ад хвароб сістэмы кровазвароту, — кажа Алеся Шатава.

— Халестэрын — асноўны складнік атэрасклератычных бляшак. Яны знаходзяцца ў каранарных артэрыях, артэрыях сэрца і пры іх пашкоджанні, разрыве, эрозіі адбываецца тромбаўтварэнне і ўскладненне ў выглядзе інфарктаў, — дадае выканаўца абавязкаў намесніка дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ «Кардыялогія», кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Святлана САЛАВЕЙ.

— Стаціны не толькі зніжаюць узровень халестэрыну, а значыць, і аб’ём атэрасклератычнай бляшкі, але і стабілізуюць яе, не даючы магчымасці разарвацца і тым самым прывесці да ўскладненняў. Стаціны аказваюць супрацьзапаленчы эфект, таму насцярожанасць насельніцтва да гэтай групы прэпаратаў празмерная і залішняя.

Курэнне — яшчэ адзін фактар, на які можа паўплываць кожны, прычым самастойна. А вось цукровы дыябет і артэрыяльную гіпертэнзію трэба карэктаваць з урачом агульнай практыкі.

— На жаль, нават калі прызначаюцца прэпараты ад артэрыяльнай гіпертэнзіі і тыя, што нармалізуюць узровень цукру, не заўсёды ёсць вынік. Пры недасягненні мэтавых значэнняў, што адбываецца пры дысліпідэміі, артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукровым дыябеце, узнікаюць негатыўныя наступствы, — нагадвае Алеся Шатава.

Бязболевая катастрофа

Галоўнай прычынай смяротнасці сярод захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы з’яўляецца ішэмічная хвароба сэрца. Захваральнасць апошнім часам расце, і гэтаму спрыяюць не толькі названыя фактары рызыкі. Ёсць і спадчынная схільнасць да ішэмічнай хваробы сэрца. Сярод сімптомаў гэтай немачы і прыступ стэнакардыі. Ён развіваецца ў адказ на фізічную або псіхаэмацыянальную нагрузку. Праяўляецца болем за грудзінай ці пачуццём цяжару, які душыць. Як правіла, пякучы боль ці пачуццё цяжару, якія ўзнікаюць на нагрузку, праходзяць пасля яе ці пасля прыёму нітрагліцэрыну.

Аднак сёння распаўсюджаная бязболевая форма стэнакардыі, калі дыскамфорту за грудзінай не адчуваецца, але ўзнікае задышка ў адказ на фізічную нагрузку.

— Гэта таксама можа быць прыкметай ішэмічнай хваробы сэрца. І з такімі сімптомамі неабходна звяртацца да ўрача, акцэнтаваць увагу на гэта, каб своечасова праводзіць карэкцыю. У арсенале медыкаў цяпер маецца вялікі спектр лекавых прэпаратаў для зняцця прыступу стэнакардыі, яго прадухілення і папярэджання ўскладненняў ішэмічнай хваробы сэрца, — заўважае Святлана Салавей.

Гэта прэпараты гемадынамічнага дзеяння, якія ўплываюць на артэрыяльны ціск, пульс, частату сэрцабіцця, а таксама лекі, што ўплываюць на ўзровень халестэрыну ў крыві. Яшчэ адна група прэпаратаў, важная для прадухілення ўскладненняў ішэмічнай хваробы сэрца, — дэзагрэганты ў выглядзе аспірыну або кардыямагнілу. Яны прадухіляюць і зніжаюць рызыку тромбаўтварэння, калі разрыў бляшкі і трамбоз усё-такі адбудзецца. Гэта асноўныя групы лекаў, што павінны быць у арсенале пацыента, які пакутуе ад ішэмічнай хваробы сэрца.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю