Top.Mail.Ru

Якія гарантыі на працоўным месцы маюць цяжарныя жанчыны? Расказалі ў Мінпрацы

Жанчын у перыяд цяжарнасці забаронена прыцягваць да звышурочных работ, працы ў дзяржаўныя святы і святочныя дні, у начны час і ў выхадныя дні. Якія яшчэ гарантыі маюць цяжарныя жанчыны на рабоце, нагадалі БелТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.


Жанчын у перыяд цяжарнасці нельга накіроўваць у службовую камандзіроўку, зніжаць ім заработную плату з матываў, звязаных з цяжарнасцю. Забаронена таксама скасаванне працоўнага дагавору па ініцыятыве наймальніка з цяжарнымі жанчынамі ў сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў. 

Цяжарную жанчыну нельга звольніць і з прычыны неадпаведнасці пасадзе, якую яна займае, або працы, якую выконвае, калі працягу гэтай працы перашкаджае стан здароўя альбо недастатковая кваліфікацыя. Акрамя таго, будучую маму нельга звольніць праз няяўку на працу на працягу больш як чатырох месяцаў запар з прычыны часовай непрацаздольнасці. Пры гэтым у названы чатырохмесячны тэрмін не ўключаецца водпуск па цяжарнасці і родах.

У адпаведнасці з заключэннем урачэбна-кансультацыйнай камісіі (УКК) або медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі (МРЭК) жанчыне ў перыяд цяжарнасці зніжаюцца нормы выпрацоўкі і нормы абслугоўвання. Будучых мам, згодна з заключэннем камісіі, пераводзяць на іншую працу — больш лёгкую і такую, што выключае ўздзеянне шкодных і (або) небяспечных вытворчых фактараў, з захаваннем сярэдняга заробку па ранейшай рабоце.

Працягласць водпуску па цяжарнасці і родах складае 126 каляндарных дзён. У выпадках ускладненых родаў або пры нараджэнні двух і больш дзяцей гэты тэрмін павялічваецца да 140 каляндарных дзён. Для жанчын, якія пражываюць і працуюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, працягласць водпуску складае 146 каляндарных дзён, а пры ўскладненых родах або нараджэнні двайнят і больш дзяцей — 160 каляндарных дзён. Подставай для прадастаўлення водпуску з’яўляецца лісток часовай непрацаздольнасці, выдадзены дзяржаўнай арганізацыяй аховы здароўя.

У Мінпрацы нагадалі, што перад водпускам па цяжарнасці і родах або адразу пасля яго наймальнік абавязаны даць жанчыне працоўны водпуск, калі яна не выкарыстала яго цалкам. Пасля заканчэння дэкрэта наймальнік таксама абавязаны прадаставіць супрацоўніцы водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Для гэтага жанчыне дастаткова напісаць заяву. Пры гэтым водпуск па доглядзе дзіцяці можа быць выкарыстаны цалкам альбо па частках любой працягласці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю