Заўтра ў Мінску завяршаецца кінафестываль «Лістапад». Пра самае галоўнае мы даведаемся толькі ўвечары, калі ў сталічным кінатэатры «Масква» адзначаць найлепшыя стужкі. Але адным з вынікаў кінафестывалю мы можам лічыць яго ўплыў на кінасупольнасць і развіццё кінавытворчасці ў Беларусі, калі становяцца зразумелымі тэматычныя арыенціры, удакладняецца разуменне пра якасць і канкурэнтаздольнасць на прасторы, дзе мы можам прадстаўляць сябе. Адзін з вынікаў фестывалю для Беларусі — фільм «Бацька Мінай. Партызанская легенда», прэм’ера якога адбылася падчас «Лістапада», але стужка застанецца з намі надоўга.
Тое, што трэба здымаць кіно пра чалавека з такім драматычным лёсам як у Міная Шмырова, было зразумела яшчэ падчас вайны — яго паказвалі ў дакументальнай хроніцы, а таксама ў асобных кінасюжэтах 1942 года, што былі прысвечаны існаванню Суражскіх варот ды наогул партызанам Віцебшчыны. Ужо пасля вайны пра асобу Героя Савецкага Саюза Шмырова нагадалі не менш чым у 7 дакументальных фільмах (пачынаючы з 1964 года і да 2026-га).
У 1971 годзе «Беларусьфільм» выпусціў стужку рэжысёра Барыса Сцяпанава «Бацька». Паміж ім і новай версіяй рэжысёра Ігара Угольнікава — адлегласць у 55 гадоў, за гэты час моцна змяніліся тэхнічныя магчымасці кіно. Але што прынцыпова адрознівае сучасную стужку ад папярэдняй?
Сучасны фільм «Бацька Мінай. Партызанская легенда» створаны Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» сумесна з расійскай студыяй «ВаенФільм» пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і расійскага Фонду кіно. Народны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Угольнікаў ужо меў за плячыма шэраг кінапраектаў ваенна-патрыятычнага кірунку, у якіх ён удзельнічаў як рэжысёр ці прадзюсар.
— Адметна, што 16 гадоў таму мы падчас кінафестывалю «Лістапад» прадстаўлялі карціну «Брэсцкая крэпасць», а цяпер падрыхтавалі новую працу — расійска-беларускі фільм «Бацька Мінай. Партызанская легенда», — узгадаў Ігар Угольнікаў. — Вельмі важна, што мы захоўваем памяць. Мы стараліся быць максімальна праўдзівымі, але і эмацыйнымі, адлюстраваўшы няпростую гісторыю. Чалавек прымае самае адказнае рашэнне ў сваім жыцці. Як паступіць: ці змагацца супраць немцаў, забіваць іх у вёсцы? Тады вёску, магчыма, спаляць. Што і здаралася ў Беларусі. Дык няўжо не змагацца? Адступіць? А, можа быць, змагацца, але за 100 кіламетраў адсюль? А там хіба не спаляць вёску? (Мы ведаем, што кожны трэці чалавек загінуў у Беларусі). А калі бяруць у заложнікі тваіх дзяцей, наогул чалавеку цяжка нешта разумець і дзейнічаць. А гэты чалавек — Мінай Піліпавіч Шмыроў — знайшоў у сабе сілы змагацца. Што яшчэ вельмі важна: людзі пайшлі ў партызанскія атрады, кінуўшы свае дамы, гаспадаркі, не жадаючы прыслужваць немцам. І тады ў Беларусі партызаны перамаглі. Мінай Шмыроў стварыў партызанскую армію, на плячах якой савецкія войскі прайшлі ўсю Беларусь і рушылі далей. Нашым дзецям пра гэта трэба распавядаць. Няхай яны жывуць у мірным свеце, але памятаць пра гэта яны павінны.
Ігар Угольнікаў падкрэсліў, што карціна — даніна павагі партызанскаму руху ў Беларусі і вялікаму савецкаму кіно, у традыцыях якога ён ствараў фільм. Менавіта пра тыя традыцыі і хацелася разважаць пасля прагляду поўнай рэжысёрскай версіі новага фільма, працягласць якой склала больш чым 2 з паловай гадзіны (дарэчы, «Бацька» Сцяпанава доўжыўся паўтары). Значыць, было чым узбагаціць гісторыю легендарнага чалавека, які яшчэ напачатку вайны перажыў асабістую трагедыю: чацвёра яго дзетак фашысты кінулі ў турму як вязняў у разліку, што бацька здасца альбо прыйдзе іх вызваляць, а калі гэтага не адбылося, яны і сваякі Шмырова былі расстраляныя. Ад яго рашэння залежала існаванне ўсяго атрада, іншых партызан, у якіх таксама дзеці і сем’і, наогул усіх землякоў ды суграмадзян, якія былі нязгодныя з новым парадкам і станавіліся на шлях змагання з чужынцамі. Ці не ўся Беларусь тады перажывала такі выбар...
Таму відавочна, што такая жудасная трагедыя павінна праходзіць чырвонай ніццю праз усю кінастужку. Расціслаў
Шмыроў (прыёмны сын партызанскага камбрыга) разумеў гэта, калі пісаў сцэнарый для савецкай карціны. Увесь той фільм фактычна з’яўляецца адказам на пытанне: ці мог Мінай Піліпавіч зрабіць нешта для выратавання дзяцей? Мы бачым не стальнога чалавека, а жывога бацьку, які пакутуе і нават вагаецца. Нетыповы герой для савецкага часу, можа таму пра той фільм хутка забыліся...
А цяпер у кінематографе ўсё часцей замест ідэалізаваных персанажаў мы бачым складаных, часам разгубленых людзей у пошуку адказаў на жыццёвыя пытанні. «Моцны мужчына», які яшчэ нядаўна не вагаючыся ратаваў свет, цяпер можа быць разгубленым, памыляцца ці нават плакаць у кадры. Галоўную ролю ў фільме «Бацька Мінай. Партызанская легенда» выконвае народны артыст Расіі Аляксей Краўчанка, які прыйшоў у кіно 40 гадоў таму яшчэ школьнікам, калі ўвасобіў хлопчыка Флеру ў ваеннай драме Элема Клімава «Ідзі і глядзі» — знакавае для Беларусі кіно. Краўчанка ўмее ўвасабляць стрыманых і нешматслоўных мужчын — яго Шмыроў выглядае менавіта такім. У поўнай рэжысёрскай версіі ён не толькі камандуе, але і ваюе, удзельнічае ў партызанскіх акцыях, ганяецца за здраднікамі — гэта тэма стала больш выпуклай, часам падаецца карыкатурнай (магчыма, з вышыні сённяшняга дня можна так глядзець на паліцаяў ды фашысцкіх прыслужнікаў, але гэта былі вельмі хітрыя і небяспечныя людзі). Дадалася тэма яўрэйскага гета (пры тым, што партызаны ўбачылі толькі вынік яго знішчэння). Сцэны са стралянінай займаюць значную частку фільма (таму што сучасную маладую аўдыторыю прыцягвае экшн?). А калі ўвага вяртаецца да дзяцей, суровы Мінай перажывае са слязой, цяжка хварэе, у беспрытомнасці бачыць вобраз памерлай жонкі. Яна, нябачная, нібыта з’яўляецца і побач з дзецьмі ў момант расправы. Гэта, відавочна, выбіваецца з традыцый савецкага рэалістачнага кіно. Але, націскаючы на «эмацыйныя пункты», фільм балансуе на мяжы сентыментальнасці, каб выбіць слязу ў сучаснага чалавека (так яго можна вывесці са стану аморфнасці?). І «кантрольны стрэл» у самае сэрца — напрыканцы, калі Мінай прыходзіць да коміна, што застаўся ад уласнай хаты, і з-пад зацярушанага снегам попелу дастае драўлянага дзіцячага каня-гушкалку... Слёзы. Цітры.
Можна пагадзіцца з Ігарам Угольнікавым: у савецкага (у прыватнасці, беларускага) кіно можна вучыцца пошуку героя, псіхалагізму і глыбіні, увазе да дэталяў (у якіх можа хавацца падвох). І наогул карысна часам да яго звяртацца, каб разумець, чаму ваенная драма стала нашым брэндам, і што мы ў ёй хочам бачыць цяпер.
Ларыса ЦІМОШЫК