Top.Mail.Ru

Якія інавацыі ўкараняюць беларускія прамыслоўцы?

Больш за чвэрць валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі фарміруе прамысловасць. Цяжкая прамысловасць, у прыватнасці машынабудаванне і станкабудаванне, вытворчасць прадуктаў харчавання і напояў, нафтапрадуктаў, гумавых, пластмасавых вырабаў і будаўнічых матэрыялаў, хімічная і фармацэўтычная галіны, дрэваапрацоўка, лёгкая прамысловасць, робяць найбольш важкі ўнёсак у эканоміку краіны. Сёлета на айчынных прадпрыемствах працягваецца работа, пачатая ў Год якасці, па мадэрнізацыі і аўтаматызацыі вытворчасці, укараненні новых тэхналогій і інавацыйных рашэнняў.


У 30-я гады транспарт будзе беспілотным

Улічваючы гэту тэндэнцыю, працуюць у Аб’яднаным інстытуце машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ужо сёння тут ствараюць беспілотны кар’ерны самазвал БелАЗ. У кар’ерах Кузбаса працуюць айчынныя самазвалы, на якіх у рэальным часе адсочваецца рэсурс, які застаўся да рамонту тэхнікі. Гэта дазваляе папярэдзіць паломкі дарагіх машын — кошт 450-тоннага самазвала даходзіць да мільёна долараў.

— Мы як навукоўцы сёння працуем на 2032–2035 гады. Што датычыцца беспілотнага транспарту, у нас ёсць тэхнічныя напрацоўкі, мы пачалі развіваць інфраструктуру нашага палігона выпрабаванняў беспілотнага транспарту, — расказаў намеснік дырэктара Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алег Ялавой, прагназуючы што ў 30-я гады мы перасядзем на беспілотны транспарт. — Мы нікуды не падзенемся ад сусветных трэндаў і аналізуем, куды ідзе свет у розных галінах: ад медыцыны да машынабудавання, ад энергетыкі да космасу. Тым больш што тэхнічнае, тэхналагічнае і матэрыяльнае аснашчэнне айчынных прадпрыемстваў не стаяць на месцы. Найбліжэйшыя 5–7 гадоў, максімум дзесяць нашу машынабудаўнічую сферу моцна зменяць.

Навукоўцы інстытута машынабудавання працуюць з усімі айчыннымі флагманамі машынабудавання — БелАЗам, МАЗам, МТЗ, Гомсельмашам, Белкамунмашам. Выкарыстоўваюцца іх распрацоўкі і ў самых нечаканых сферах, напрыклад, у медыцыне.

— Тыя ж пакрыцці, нанесеныя на пэўныя аб’екты, механізмы, сасуды могуць як прыцягваць на сябе пэўныя мікраарганізмы, так пазбаўляць ад іх. Напрыклад, абеззаражваць паверхні. І такія праекты ў медыцыне ў нас ужо ёсць, — адзначыў Алег Ялавой.

Унікальныя разлікі, якіх нідзе ў свеце пакуль няма, зрабілі навукоўцы для зуба-сківічнага апарату: як паводзіць сябе зуб у напружана-дэфармаваным стане сківіцы.

— Набіраем вопыт, выпрабоўваем імплантанты рознага кшталту: каленных суставаў, клапанаў сэрца, якія робіць «Планар». Сфера прымяненняў навукі ў прамысловасці проста вялізная, — рэзюмаваў Алег Ялавой.

Час магчымасцяў

Адным з флагманаў айчыннай мікраэлектронікі з’яўляецца ААТ «Інтэграл», высокая якасць прадукцыі якога адзначана прэміяй урада ў галіне якасці, а зусім нядаўна кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў прадпрыемства Знакам якасці. І калі 1990-я гады для айчыннага прадпрыемства былі не лепшым часам — тады былі страчаны пэўныя тэхналогіі, то цяпер — час магчымасцяў.

— Менавіта цяпер у нас ёсць шанц. Мы кантактуем з вельмі добрымі партнёрамі з Кітая, дзе сканцэнтравана вялікая колькасць прамысловых прадпрыемстваў, шмат інавацыйных рашэнняў, якія яны ўкаранілі. Мы можам зрабіць вялікі скачок у развіцці і ўкараненні інавацый. Санкцыі нам у гэтым, як ні дзіўна, дапамагаюць, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара па якасці ААТ «Інтэграл» — кіруючая кампанія холдынга «Інтэграл» Аляксей Цывака.

На прадпрыемстве шырока ўкараняюць аўтаматызацыю вытворчасці і робататэхніку. Што датычыцца кантролю якасці прадукцыі, працуюць на «Інтэграле» над укараненнем інтэлектуальнай адбракоўкі вырабаў, якая цалкам заменіць чалавека.

Шыюць робаты

А вось прадпрыемствы лёгкай прамысловасці ўкараняюць інавацыйную сыравіну. У прыватнасці, Брэсцкі панчошны камбінат вырабляе мужчынскія, жаночыя і дзіцячыя шкарпэткі з бамбукавага валакна. Часткова гэта звязана таксама з санкцыямі — менавіта яны закранулі пастаўкі сыравіны айчынным вытворцам.

Летась больш шырока стала выкарыстоўвацца ў вытворчым цыкле робататэхніка. Напрыклад, Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне ў 2024 годзе ўстанавіла першую ў краіне аўтаматызаваную лінію па пашыве пасцельнай бялізны, а абутковая фабрыка «Белвест» укараніла рабатызаваныя комплексы, якія выконваюць раскрой скур. Як адзначыла выконваючы абавязкі дырэктара Цэнтра навуковых даследаванняў лёгкай прамысловасці Ірына Швайкова, у перспектыве аналагічным абсталяваннем абзавядуцца і іншыя прадпрыемствы галіны, каб паступова адыходзіць ад ручной працы.

Актыўна мадэрнізуе свае фабрыкі і Аршанскі льнокамбінат — найбуйнейшы вытворца льняных тканін і вырабаў з лёну ў краінах СНД і Еўропы, які мае экспартна-арыентаваную накіраванасць і каля 80–90 працэнтаў прадукцыі пастаўляе на экспарт. Летась тут былі ўстаноўлены два рабатызаваныя комплексы па пашыве ручнікоў.

Кадры пад задачы вытворчасці

Адным са складнікаў паспяховага развіцця прамысловасці з’яўляецца падрыхтоўка інжынерных кадраў, пра што ішла размова на нарадзе ў прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі 17 снежня мінулага года на базе БНТУ. Як расказаў першы прарэктар БНТУ, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Андрэй Сафонаў, ва ўніверсітэце працуе адукацыйны цэнтр, створаны сумесна з МАЗам, аналагічны адукацыйны цэнтр арганізоўваецца сумесна з Мінскім заводам шасцерань. Дагаворы аб стварэнні аналагічных адукацыйных пляцовак падпісаны з БелАЗам і «Пеленгам». Тут у прыватнасці будуць асвойваць кампетэнцыі стварэння беспілотнага транспарту.

— Універсальных інжынераў не бывае. Мы рыхтуем спецыялістаў пад задачы вытворчасці сумесна з прадпрыемствамі, — падкрэсліў Андрэй Сафонаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю