Top.Mail.Ru

Якія карэкціроўкі плануюцца ў Падатковы кодэкс

Змяненні — толькі для фізічных асоб

Саветам Міністраў у Палату прадстаўнікоў 1 ліпеня ўнесены праект закона «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Ён рыхтуецца да разгляду ў першым чытанні. Каго закрануць змяненні на гэты раз, расказала член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Наталля Куляшова.

«Мы карэкціруем падатковае заканадаўства штогод. Апошняя карэкціроўка была ў снежні 2024-га, калі заканадаўцы прымалі фінансавы і падатковы пакеты законапраектаў на 2025 год. Змяненні, унесеныя на разгляд у сярэдзіне гэтага года, закрануць выключна фізічных асоб. Размова ідзе аб такой даволі распаўсюджанай крыніцы даходу, як даходы, атрыманыя ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Гэта, па сутнасці, грошы, якія атрымліваюць нашы людзі ад продажу лішкаўпрадукцыі, вырабленай на асабістай падсобнай гаспадарцы», — расказала Наталля Куляшова.

У прыватнасці, змяненні датычацца фізічных асоб, якія ўказваюць у тлумачэннях аб крыніцах даходаў даходы, што перавышаюць 200 базавых велічынь, атрыманыя ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, вырашчанай (вырабленай) плацельшчыкам або яго блізкімі родзічамі ці сваякамі на зямельным участку.

«З 1 студзеня 2022 года фізічная асоба пры ўказанні ў тлумачэннях такіх даходаў праводзіла выплату падаходнага падатку з фізічных асоб у памеры 10 працэнтаў ад сумы такога перавышэння, — удакладніла дэпутат. — Пры гэтым для падаткаабкладання датай фактычнага атрымання такіх даходаў прызнаваўся дзень падачы плацельшчыкам тлумачэнняў аб крыніцах даходаў. Праектам закона ўносяцца змяненні, паводле якіх дата атрымання даходу будзе вызначацца ў агульнаўстаноўленым парадку, зыходзячы з даты фактычнага атрымання даходу ў годзе яго атрымання».

Адначасова праектам прадугледжана змяненне асаблівасцяў падаткаабкладання або вызвалення даходаў ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі, якія заяўляюцца фізічнымі асобамі ў тлумачэннях аб крыніцах даходаў.

Чакаецца, што ў Авальную залу ў першым чытанні законапраект будзе ўнесены ў верасні.

Паводле БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю