Top.Mail.Ru

Якія катэгорыі сем’яў атрымаюць матэрыяльную дапамогу да школы, расказалі ў Мінпрацы

Якія катэгорыі сем’яў атрымаюць матэрыяльную дапамогу да школы, расказалі БелТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. 


Аднаразовую дапамогу выплацяць сем’ям з трыма і больш дзецьмі. Памер выплаты на кожнае дзіця-школьніка складзе 159,11 рубля. Даход бацькоў пры гэтым не мае значэння. Для атрымання выплаты неабходна звярнуцца ў орган па працы, занятасці і сацабароне па месцы жыхарства або знаходжання аднаго з бацькоў. У Мінску, некаторых раёнах Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей — па месцы вучобы дзіцяці.

Дзяржаўная адрасная дапамога выплачваецца малазабяспечаным сем’ям, уключаючы шматдзетныя. Памер выплаты вызначаецца раённай камісіяй індывідуальна, пры гэтым улічваецца даход і сітуацыя ў сям’і. Для атрымання дапамогі звяртацца неабходна ў службу «Адно акно» мясцовага выканкама, орган сацыяльнай абароны або тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства або знаходжання аднаго з бацькоў.

Работнікам, якія выхоўваюць дзяцей-школьнікаў, у адпаведнасці з калектыўным дагаворам або лакальнымі актамі наймальніка таксама аказваюць дапамогу па месцы працы.

Акрамя таго, бацькі або законныя прадстаўнікі дзіцяці могуць звярнуцца ў мясцовыя тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва або дабрачынныя арганізацыі па дапамогу, якую арганізуюць дабрачынныя фонды, грамадскія аб’яднанні ў рамках акцый «Школьны ранец», «Збяры дзіця ў школу», «У школу з усмешкай», «Партфель першакласніка».

У Мінпрацы падкрэслілі, што матэрыяльная дапамога да школы пералічваецца на базавы рахунак атрымальніка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю