Top.Mail.Ru

Якія хітрыкі выкарыстоўваюць ілжэарэндадаўцы?

Арэнднае жыллё ў Мінску заўсёды карыстаецца вялікім попытам. Студэнты і госці горада штодня маніторыць шматлікія сайты аб’яў, каб знайсці выгадную прапанову аб здачы кватэры. Ашуканцы актыўна карыстаюцца гэтым у сваіх карыслівых і нават злачынных мэтах. Пра тое, як не стаць ахвярай аферыстаў, расказаў намеснік начальніка Партызанскага РУУС Мінска—начальнік крымінальнай міліцыі Вадзім Грыб.


Зламыснікі размяшчаюць аб’явы аб здачы жылля на папулярных сайтах, напаўняюць старонку фэйкавай інфармацыяй і чакаюць, калі чарговы кватэраздымшчык трапіцца на іх вудачку, тлумачыць праваахоўнік:

— У якасці прынады аферысты выкарыстоўваюць прыгожыя фатаграфіі з новенькім рамонтам кватэры, пры гэтым кошт такога жылля нашмат таннейшы, чым у іншых арэндадаўцаў, ды яшчэ і размяшчана яно, маўляў, у самым цэнтры: побач метро, прыпынак грамадскага транспарту, магазіны і г. д. Аднак не трэба губляць пільнасць, неабходна як мага лепш вывучыць такую прапанову.

Нядаўна, напрыклад, у Партызанскае РУУС звярнуліся двое пацярпелых, якія паддаліся на ўгаворы арэндадаўцаў і ў якасці гарантыі арэнды жылля пералічылі перадаплату. 20-гадовая дзяўчына пазбавілася ў выніку 300 рублёў, а 28-гадовы хлопец — 100 рублёў. Пасля атрымання сродкаў аферысты перасталі выходзіць на сувязь.

Яшчэ адзін выпадак: 30-гадовы грамадзянін суседняй краіны, які прыехаў у Мінск па працоўнай візе, зацікавіўся аналагічнай прапановай. Аднак яго насцярожыла патрабаванне перадаплаты ў памеры 300 рублёў. Мужчына своечасова звярнуўся ў міліцыю, дзякуючы чаму ўдалося пазбегнуць страты сродкаў. Узбуджаны крымінальныя справы.

Вадзім Грыб раіць звяртаць увагу на характэрныя прыкметы ашуканскіх схем: нізкі кошт арэнды, патрабаванне стопрацэнтнай перадаплаты ў сціслыя тэрміны, спроба перавесці зносіны ў месенджары, а таксама ціск з боку арэндадаўцы, які пераконвае, што на кватэру высокі попыт і тэрмінова неабходны аванс для браніравання, а то «кватэра пойдзе».

Каб не стаць ахвярай ашуканцаў, намеснік начальніка Партызанскага РУУС раіць патрабаваць ва ўласніка дакументы на жыллё, якое здаецца ў арэнду; сустракацца з уладальнікам асабіста пры аглядзе жылля; пераканацца, што чалавек сапраўды з’яўляецца гаспадаром нерухомасці; не ўносіць аванс без падпісанай дамовы арэнды. 

Калі вы сутыкнуліся з ашуканцамі, неадкладна паведаміце аб гэтым па тэлефоне 102.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю