Аб ключавых задачах, якія вырашае Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, расказаў БелТА намеснік дырэктара па навуковай рабоце запаведніка Максім Кудзін.
Для ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС ствараліся спецыялізаваныя прадпрыемствы — такім з’яўляецца і Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Яго ключавыя задачы можна падзяліць на тры блокі. Першы — выкананне комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на мінімізацыю вынасу радыенуклідаў за межы тэрыторыі. Другі — навуковы складнік. Трэці — апрабацыя метадаў і методык, вынікі якіх могуць быць выкарыстаны і на ўмоўна чыстых тэрыторыях.
«З 1992 года мы адпрацоўвалі розныя сцэнарыі выкарыстання тэрыторыі — ад кансерватыўных да практычных. Разглядалі чатыры асноўныя варыянты: поўная запаведнасць, ізаляцыя з падтрыманнем мінімальнай інфраструктуры для ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі, вяртанне людзей і стварэнне кластара для пахавання адходаў дэзактывацыі. Экспертныя ацэнкі, якія ўлічваюць геалогію, глебы і іншыя фактары, паказалі: аптымальным сцэнарыем з’яўляецца поўная ізаляцыя з мінімальным падтрыманнем інфраструктуры», — сказаў Максім Кудзін.
Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы былі сфарміраваны сістэмы спецыялізаваных мерапрыемстваў, якія даюць магчымасць утрымліваць аб’ект у бяспечным стане. Чым вышэйшая ступень здзірванення адкрытых участкаў, лясістасць і абводненасць тэрыторый, дзе магчыма другасная рэабілітацыя, тым больш эфектыўна мінімізуецца вынас радыенуклідаў на сумежныя землі, падкрэсліў ён. «Гэты паэтапны падыход стварае карціну, якая дае магчымасць утрымліваць зону на сучасным узроўні. І гэта, мабыць, галоўны вопыт, які можна пазіцыянаваць як у рэспубліцы, так і на міжнародным узроўні», — сказаў Максім Кудзін.
Аб’ектаў ядзернай спадчыны ў свеце няшмат: Сяміпалацінскі палігон, Усходне-Уральскі след, Чарнобыльскі і Палескі радыяцыйна-экалагічныя запаведнікі. «Радыяцыйны аспект — гэта лакаматыў развіцця кожнай краіны: стварэнне атамнай энергетыкі, падтрыманне інфраструктуры, фарміраванне кампетэнцый. Галіна з’явілася дзякуючы ваенным напрацоўкам, якія прывялі да стварэння рэактараў у мірных мэтах», — расказаў ён.
Але важна дзейнічаць усвядомлена: ключавое правіла міжнароднага атамнага права гаворыць, што цяперашняе пакаленне не павінна перакладаць праблемы на наступнае. «У рамках нашага пакалення ўтрыманне такіх аб’ектаў мае і выгады — даследчы патэнцыял, захаванне біяразнастайнасці, апрабацыя метадаў для ўмоўна чыстых тэрыторый. З часам гэта будзе стымуляваць распрацоўку больш інтэнсіўных метадаў рэабілітацыі. На жаль, з улікам перыядаў паўраспаду прывесці запаведнік у поўнасцю бяспечны стан на доўгатэрміновую перспектыву немагчыма. Але вывучаць гэтыя працэсы — не толькі магчыма, але і неабходна», — падкрэсліў Максім Кудзін.