Якія выданні пра Касцюковічы будуць прадстаўлены на Дні пісьменства, расказалі ў прэс-цэнтры Дома прэсы, перадае БелТА.
Загадчыца аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» Анжэла Садоўская расказала, што да Дня беларускага пісьменства па традыцыі вырабілі альбом, які прысвечаны месцу, дзе праходзіць свята. Альбом «Касцюковіцкі край» створаны пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Выданне налічвае каля 200 маляўнічых ілюстраваных старонак і змяшчае гістарычныя факты, інфармацыю пра сённяшні дзень Касцюковічаў і звесткі пра знакамітых людзей гэтага краю.
«Мы разлічваем, што ён трапіць ва ўстановы адукацыі, бібліятэкі. Я лічу, гэта будзе галоўная кніга на свяце, свайго роду даведнік. Вельмі шмат людзей цяпер падарожнічае ўнутры краіны, і часцяком, нават жывучы ў суседнім населеным пункце, не ўсе ведаюць пра тыя славутасці, якія ёсць у раёне. Таму выданне дапаможа больш даведацца пра нашу цудоўную Беларусь», — адзначыла Анжэла Садоўская.
Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Вольга Рацэвіч расказала, што да Дня пісьменства выдадзены зборнік твораў аўтараў Касцюковіцкай зямлі «Тут, дзе Бесядзь». У зборніку прадстаўлены вершы і проза класікаў і сучасных аўтараў.
Кнігу для дзяцей «Касцюковічы — мой родны край» сумесна з Магілёўскім аблвыканкамам выпусціў Выдавецкі дом «Звязда». Па словах намесніка дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы Святланы Ганцарэвіч, у ёй сабраны факты аб прыродзе, гісторыі і культуры краю. Кожны першакласнік Касцюковічаў і Касцюковіцкага раёна атрымае такую кнігу ў падарунак 1 верасня.
Госці Дня пісьменства змогуць убачыць і набыць усе выданні на тэматычных пляцоўках. Таксама падчас свята пройдзе ўзнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.