Top.Mail.Ru
188

Якія лекавыя расліны можна вырасціць на дачы?

Вясна — час пачатку дачнага сезона. У многіх на падаконніках падрастае расада, а ў крамах вока ўсё часцей затрымліваецца на пакеціках з насеннем: «Што б яшчэ такое карыснае і няцяжкае ў абыходжанні пасадзіць?» Можна паспрабаваць разнастаіць флору свайго прысядзібнага ўчастка, высадзіўшы лекавыя расліны, многія з якіх ужываюцца яшчэ і ў якасці вострых прыпраў у кулінарыі. Ці шмат набярэцца раслін, здольных выносіць капрызы нашага надвор’я? Так, нямала.


Мацярдушка

Мацярдушка звычайная, вядомая пад моднай назвай арэгана, — шматгадовая травяністая расліна. Выкарыстоўваецца як вострапахучая і лекавая расліна. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць траву мацярдушкі, якую нарыхтоўваюць падчас яе масавага цвіцення.

— Мацярдушку можна ўжываць у якасці адхарквальнага сродку пры захворваннях дыхальных шляхоў (востры і хранічны бранхіт, вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі), у якасці сродку, які павышае апетыт і паляпшае страваванне, пры сакраторнай недастатковасці страўнікава-кішачнага тракта, пры атаніі кішэчніка, пры энтэракалітах, якія суправаджаюцца запорамі і метэарызмам, у складзе комплекснай тэрапіі пры піядэрміі і атапічным дэрматыце, — расказвае інструктар-валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юлія КЛІМЧАНКА.

У кулінарыі мацярдушку дадаюць да мясных страў, соусаў і падлівак.

Любіста

Любіста валодае спецыфічным пахам, які нагадвае пах сельдэрэю. Лісце гэтай магутнай шматгадовай расліны выкарыстоўваюць для араматызацыі кандытарскіх вырабаў, напояў, марынадаў, пры гатаванні зялёнага алею, салатаў, соусаў.

— Настоі і адвары каранёў выкарыстоўваюць для лячэння захворвання нырак, мочавыводзячых шляхоў, у якасці адхарквальнага сродку, для паляпшэння сну, стрававання і апетыту, — раіць Юлія Клімчанка.

Мята перцавая

Мята валодае асвяжальным водарам і смакам.

З эфірнага масла гэтай расліны быў выдзелены ментол, які шырока прымяняецца ў харчовай прамысловасці і медыцыне. У прыватнасці, з’яўляецца асноўным складнікам сасударасшыральнага сродку валідол.

Настой лісця мяты перцавай валодае спазмалітычным, заспакаяльным, жаўцягонным, мясцовараздражняльным, процірвотным дзеяннем.

Пры зборы лекавай сыравіны неабходна ведаць, дзе менавіта ў расліне сканцэнтраваны карысныя элементы, у які перыяд развіцця іх канцэнтрацыя максімальная, і правільна захоўваць сыравіну, каб не страціць яе карысць.

Календула

Яркія кветкі календулы ўпрыгожаць прысядзібны ўчастак і дапамогуць адпудзіць насякомых-шкоднікаў. Але нямала карысці ў гэтай расліне і для нашага здароўя. За кошт ярка выяўленых антысептычных, супрацьзапаленчых, раназажыўляльных уласцівасцяў настой з кветак календулы ўжываюць для лячэння запаленчых захворванняў поласці рота і горла, нязначных пашкоджанняў скуры. Расліну выкарыстоўваюць для вырабу касметычных сродкаў, а жаўцягонныя і спазмалітычныя ўласцівасці календулы выкарыстоўваюцца пры лячэнні халецыстыту, халангіту, дыскінезіі жоўцевыводзячых шляхоў.

У ежу выкарыстоўваюцца пялёсткі расліны, якія надаюць страве лёгкі водар і прывабны выгляд. Калісьці календулу называлі «шафран бедняка», замяняючы ёй больш дарагія вострыя прыправы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю