Анлайн-гандаль у Беларусі перажывае бум. За апошнія пяць гадоў аб’ём гэтага рынку вырас амаль у 30 разоў. Штотыдзень пакупкі ў інтэрнэце робіць кожны другі беларус. Як дзяржава кантралюе гэты шматмільярдны сектар і якія нішы ў ім могуць заняць беларускія вытворцы? Перспектывы развіцця гандлёвай анлайн-прасторы абмеркавалі эксперты на тэлеканале «Першы інфармацыйны».
Аб’ектыўная рэальнасць віртуальнай камерцыі
За апошнія пяць гадоў, акцэнтуе ўвагу намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана Караткевіч, маркетплэйсы па аб’ёмах продажаў прыраслі практычна ў 3 разы. За 2024 год доля анлайн-гандлю ў рознічным тавараабароце краіны склала амаль 12 %.
За 2025-ы гэты паказчык яшчэ пралічваецца. Аднак, паводле папярэдніх ацэнак, вынікі мінулага года будуць больш значнымі.

Нягледзячы на віртуальны характар анлайн-гандлю, сістэма падатковага адміністравання дадзенага сектара, падкрэслівае намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Яськова, выбудавана дакладна — як для рэзідэнтаў, так і для нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь. У ходзе цеснага ўзаемадзеяння з Нацыянальным банкам падатковыя службы валодаюць поўнай інфармацыяй аб анлайн-плацяжах за тавары і паслугі, а таксама маюць права запытваць даныя аб абаротах па рэалізацыі. Дзякуючы комплексу мер ёсць магчымасць пракантраляваць выручку і памер падатковых абавязацельстваў любога маркетплэйса, які ажыццяўляе продажы на тэрыторыі краіны. Замежныя пляцоўкі — не выключэнне. Для іх таксама прадугледжана пастаноўка на ўлік у падатковым органе. Адпаведна падача падатковых дэкларацый з’яўляецца нормай для ўсіх удзельнікаў рынку. Пры гэтым разнастайнасць рэжымаў падаткаабкладання забяспечвае цалкам камфортныя ўмовы ў сферы электроннай камерцыі.
«Суб’екты гандлю маюць права прымяняць сістэму падаткаабкладання як агульнаўстаноўленую з выплатай ПДВ і падатку на прыбытак, так і спрошчаную, — тлумачыць Святлана Яськова. — Выплачваецца толькі падатак з абароту 6 %, які замяняе выплату ПДВ і падатку на прыбытак. Індывідуальныя прадпрымальнікі таксама маюць права выплачваць адзіны падатак».
Гульцы поля інтэрнэт-продажаў, падкрэсліваюць эксперты, знаходзяцца ў роўных умовах. І гэта, несумненна, спрыяе развіццю дадзенага гандлёвага сегмента. Між тым, адзначае дырэктар Асацыяцыі прадпрыемстваў анлайн-гандлю Вячаслаў Драгун, беларускім пляцоўкам даволі складана канкурыраваць з буйнымі замежнымі маркетплэйсамі. Павінны быць прыняты меры, якія перашкаджаюць манапалізацыі рознічнага рынку электроннымі гігантамі.
Стаўка на айчыннае
У дадзеным кірунку, сцвярджае Святлана Караткевіч, сёння якраз вядзецца работа:
— Мы бачым гэту праблему. На пляцоўцы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў пачатку года створана рабочая група, куды ўвайшлі ўсе зацікаўленыя дзяржаўныя органы, удзельнікі бізнес-працэсаў анлайн-гандлю. Мы разглядаем усе пытанні, якія так ці інакш датычацца вядзення гэтага бізнесу на тэрыторыі нашай краіны. І ўжо канцэптуальна стварылі новы законапраект і накіравалі яго для разгляду ва ўрад. Я думаю, што і ў частцы манапалізацыі рынку інтэрнэт-гандлю буйнымі гульцамі будуць дадаткова ўстаноўлены тыя крытэрыі, якія ў тым ліку абароняць развіццё нашага афлайн-гандлю.

Развіццё сферы электронных продажаў застаецца ў полі зроку Прэзідэнта краіны. Прыярытэты вызначаны: роўныя ўмовы, імпартазамяшчэнне і падтрымка лакальнага рытэйлу. Прынцыповая пазіцыя кіраўніка дзяржавы — анлайн-гандаль павінен працаваць на краіну. «Гэта датычыцца не толькі маркетплэйсаў, — падкрэслівае Святлана Караткевіч, — але і ўсіх інтэрнэт-платформ. Мы хочам, каб дадзеная дзейнасць была выгадная для дзяржавы, бізнесу і нашага спажыўца, незалежна ад таго, з’яўляецца гэта гандлем ці паслугай, якая аказваецца анлайн». У рэчышчы курсу на нацыянальныя эканамічныя інтарэсы неабходна, каб пляцоўкі-нерэзідэнты працавалі строга ў рамках беларускага прававога поля.
Што датычыцца імпартазамяшчэння ў сферы анлайн-гандлю, дзяржавай прыняты агульныя меры падтрымкі айчынных вытворцаў. У прыватнасці, пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2023 года № 992 «Аб спажывецкім крэдытаванні» дае магчымасць рэалізацыі 35 груп нацыянальных тавараў на прывабных для пакупніка ўмовах. Акрамя таго, лічыць Святлана Караткевіч, беларускія вытворцы павінны весці больш актыўную маркетынгавую палітыку і працаваць на пазнавальнасць уласных брэндаў.
У мэтах развіцця лакальнага анлайн-гандлю
Вячаслаў Драгун прапануе фіскальныя прэферэнцыі для айчынных гульцоў. Дыферэнцыяцыя ў гэтым пытанні, на думку эксперта, можа даць штуршок для нарошчвання аб’ёмаў экспартных продажаў. Святлана Яськова таксама падзялілася сваім пунктам гледжання аб інструментах павышэння эфектыўнасці бізнес-працэсаў у сферы электроннага гандлю.

— Жыццё паказвае, што самі льготы не ўплываюць на цану тавару ці паслугі. Як мне падаецца, трэба вельмі якасна падыходзіць да эканомікі працэсу. Ацэньваць не толькі колькасць падаткаў, якія суб’ект выплачвае ў бюджэт. Тым больш што падатак на дабаўленую вартасць — гэта ўскосны падатак. Ён вылічаецца часткова. Але калі тавар набыты, мы нешта аднімаем. У выніку да выплаты ў бюджэт застаецца нейкая доля. Калі мы паглядзім на сам працэс арганізацыі анлайн-гандлю, ён звязаны ў нас з рухам тавару, аплатай тых жа ўзнагарод, штрафаў, якія электронная пляцоўка можа спаганяць за нейкія парушэнні. Гэта таксама паслугі па захоўванні, заработная плата супрацоўнікаў. Вось калі мы ацэнім усе складнікі, то знойдзем, дзе можна аптымізаваць выдаткі. Таму пытанне прэферэнцый трэба разглядаць з розных бакоў.
Права на бяспеку
Старшыня Беларускага таварыства абароны правоў спажыўцоў Ганна Суша прапануе звярнуць увагу на бяспеку пакупак праз электронныя сэрвісы:
«Каля 60 % усіх зваротаў за 2025 год — гэта скаргі на інтэрнэт-гандаль. Гэта значыць: купіў тавар, ён не падышоў, спрабаваў вярнуць — узніклі праблемы. Спажыўцу цяжэй абараніць свае правы, калі тавар набываецца па-за зонамі .by або .ru».
Па даных МУС, махлярства на гандлёвых анлайн-пляцоўках займае другое месца, саступаючы толькі тэлефонным інцыдэнтам. Са студзеня па май бягучага года зарэгістравана больш за 1700 такіх фактаў. Што супрацьпаставіць нядобрасумленнасці асобных інтэрнэт-прадаўцоў?
Святлана Караткевіч раіць рабіць пакупкі толькі на правераных сайтах, дзе ёсць інфармацыя аб рэгістрацыі суб’екта анлайн-гандлю, а таксама ўлічваць водгукі аб гандлёвай пляцоўцы як на самім маркетплэйсе, так і ў сетцы Інтэрнэт.

І яшчэ. Пакупніка павінна насцярожыць занадта прывабная цана на які-небудзь масавы тавар. Фармат пакупак праз сацсеткі або месенджары таксама з’яўляецца небяспечным. Перш чым штосьці набываць на замежных гандлёвых пляцоўках, Святлана Яськова рэкамендуе зайсці на сайт Міністэрства па падатках і зборах і праверыць рэгістрацыю пастаўшчыка. Да ведама: на сёння ў Беларусі зарэгістравана 10 замежных маркетплэйсаў. Прасцей кажучы, бяспека інтэрнэт-пакупак — шмат у чым пытанне
дасведчанасці.
Якой эксперты бачаць будучыню анлайн-гандлю?
Святлана Караткевіч:
— Я думаю, што гэта сфера будзе і далей дынамічна развівацца. Мы плануем, што да 2030 года ўдзельная вага анлайн-гандлю вырасце ў два разы і складзе не менш за 30 %. У дадзенай сітуацыі, як бы мы ні хацелі, глабальная лічбавізацыя робіць сваю справу. Але традыцыйная форма гандлю ўсё роўна застанецца, паколькі вельмі шмат ёсць людзей, якія любяць памацаць, памераць, паглядзець.
Святлана Яськова:
— На маю думку, лічбавы гандаль пяройдзе ў наступны фармат. Гэта будзе шоу-рум, у які вы можаце прыйсці, памераць, паглядзець, памацаць тавар, вызначыцца з колерам і памерам і тут жа заказаць яго анлайн. А затым вам даставяць пакупку на дом.
Вячаслаў Драгун:
— Калі ў 2025 годзе абарот буйных маркетплэйсаў павялічыўся ў разы, то гэта тэндэнцыя, я лічу, будзе працягвацца. З развіццём штучнага інтэлекту можна выключыць класічны шоу-рум. Вы проста візуальна можаце прымераць на сябе любую рэч. Але, вядома, трэба прымаць неабходныя меры бяспекі пры здзяйсненні такіх пакупак. Калі сумняваецеся — не купляйце.
Таццяна ШЧАДРАНОК