Напярэдадні Дня Перамогі ва ўстановах адукацыі Беларусі пройдуць мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне гістарычнай памяці і выхаванне ў дзяцей і моладзі павагі да гісторыі нашай краіны, яе гераічнага мінулага. Некаторыя з іх будуць праводзіцца ўпершыню.
Год 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Указам Прэзідэнта быў аб’яўлены таксама Годам добраўпарадкавання. У сувязі з гэтым у 2025-м будзе дадзены старт рэспубліканскай акцыі «Вахта Памяці — 2025». Яе галоўная мэта — прыцягнуць як мага больш навучэнцаў і студэнтаў да працы па добраўпарадкаванні мемарыяльных аб’ектаў і воінскіх пахаванняў:
— У Рэспубліцы Беларусь налічваецца больш за 7000 воінскіх пахаванняў, каля 7280 помнікаў і абеліскаў увекавечваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, — падзялілася дырэктар УА «Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства» Алена Ануфровіч. — Каля 3000 аб’ектаў замацавана за рознымі ўстановамі адукацыі. Падчас акцыі дзеці змогуць вывучыць гісторыю памятных мясцін, зрабіць свой унёсак у стварэнне інтэрактыўных каталогаў па іх і стаць удзельнікамі цырыманіяльных мітынгаў.
З лістапада 2024 года ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзяць зменныя выставы музеяў адукацыйных устаноў пад назвай «Час. Спадчына. Памяць». Унікальны праект арганізаваны сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі. Першыя два месяцы навучэнцы з усёй краіны маглі азнаёміцца з экспанатамі сямі «школьных» музеяў краіны — ад кожнай вобласці і сталіцы. Тэматыка — вядомыя асобы і героі Вялікай Айчыннай. А вось другі этап праекта будзе прысвечаны тэме генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны:
— Экспазіцыю адкрылі 13 лютага, і яна будзе працаваць да красавіка. Трэцяя, заключная, выстава раскажа пра партызанскі і падпольны рух, а таксама воінскія часці на тэрыторыі Беларусі. А завершыцца яна ў чэрвені, — расказала Алена Ануфровіч.
Пра яшчэ адну цікавую ініцыятыву — Рэспубліканскі сямейны марафон «Сям’я пераможцы» — паведаміла начальнік аддзела па рабоце са школьнай моладдзю ЦК ГА «БРСМ» Аляксандра Казлоўская. Праект стане своеасаблівым падарожжам у часе — кожны зможа падзяліцца гісторыяй унёску сваёй сям’і ў Вялікую Перамогу. Разам з тым сёлета стартуе і новы конкурс макетаў аб’ектаў Вялікай Айчыннай вайны сярод школьнікаў. Лепшыя работы праекта «Аб’екты Перамогі: гісторыя ў творчасці» будуць прадстаўлены на выставе ў маі.
Паводле слоў кансультанта ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Наталлі Шыманскай, у рамках Саюзнай дзяржавы запланавана правядзенне фестывалю «Калі табе „кіжаватавец“ імя — імя мацуй справамі сваімі». Каардынатарам мерапрыемства з боку Беларусі выступіць Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.
Таксама 2025 год абяцае стаць годам новых магчымасцяў і для студэнцкай моладзі — Рэспубліканская ваенна-прыкладная гульня «Прарыў» аб’яднае навучэнцаў ВНУ з усёй краіны. Праект з’яўляецца вынікам сумесных намаганняў Міністэрства адукацыі, Міністэрства абароны, абласных выканаўчых камітэтаў, Беларускага саюза афіцэраў, БРСМ і рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».
У нацыянальным парку «Нарачанскі» рыхтуецца маштабная падзея: менавіта тут у першай палове ліпеня будзе праходзіць X Форум СНД «Дзеці Садружнасці», прысвечаны 80-годдзю Перамогі. У свой юбілейны год ён стане сапраўдным святам сяброўства паміж дзецьмі і моладдзю з розных краін. Праграма форуму насычаная і разнастайная. Напрыклад, школьнікі з краін СНД пазнаёмяцца з нацыянальнымі звычаямі і традыцыямі розных народаў. А сфарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю і выхаваць у хлопчыкаў і дзяўчынак адказнае стаўленне да навакольнага свету дапаможа мноства іншых займальных мерапрыемстваў.
Нельга не ўспомніць пра акцыю «Вялікай Перамозе — 80!», якая стартавала яшчэ ў сакавіку мінулага года, але шэраг мерапрыемстваў запланаваны і на 2025-ы. Па сутнасці, акцыя ўяўляе сабой комплекс разнастайных праектаў. Напрыклад, конкурс «Летапіс Вялікай Перамогі» запрашае школьнікаў даследаваць краязнаўчы матэрыял сваёй малой радзімы. «Дарогамі воінскай славы» — наведаць памятныя аб’екты, паўдзельнічаць у экскурсійных маршрутах і турыстычных паходах. Але гэта не толькі шанц дакрануцца да гісторыі, захаваць памяць пра вялікія подзвігі і перадаць яе будучым пакаленням. Пераможцы і прызёры конкурсаў акцыі будуць узнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама дыпломамі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.
Гэтыя і шмат іншых праектаў плануецца рэалізаваць як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным узроўні. Акрамя таго, будуць арганізаваны шэфства над ветэранамі ВАВ і валанцёрскі рух, а таксама запланаваны актыўны ўдзел дзяцей і моладзі ў розных урачыстых мерапрыемствах да Дня Перамогі.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Віктара ИВАНЧЫКАВА