Абласны план мерапрыемстваў Года добраўпарадкавання ўключае шматлікія працоўныя акцыі і дэсанты на тэрыторыі мемарыялаў, у памятных і знакавых месцах, азеляненне населеных пунктаў. Працягнецца рамонт вулічна-дарожнай сеткі, стаянак і парковак, спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак. Важныя кірункі — водазабеспячэнне, уцягванне ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўвальных зямельных участкаў, навядзенне парадку на вытворчых аб’ектах.
Як распавёў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Пятруша, планам-графікам прадугледжваецца не менш чым адно знакавае мерапрыемства ў кожным месяцы. «Напрыклад, у красавіку ў Чашніках — уладкаванне сквера да 80-годдзя Перамогі, а таксама мемарыяльнага комплексу „5-ы полк“ у Віцебску. У цэлым мерапрыемствы маюць накіраванасць на азеляненне тэрыторый, стварэнне паркаў, сквераў, уладкаванне месцаў пахаванняў, іншых знакавых месцаў для нашага насельніцтва, а таксама рэкрэацыйных зон — крынічак, каплічак, экасцежак», — праінфармаваў ён.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Юрый Дзядзёла расказаў, што сёлета плануецца правесці рамонт 1,3 мільёна квадратных метраў дарог, што амаль на 30 % перавышае фактычны паказчык 2023 года. У рэгіёне будуць заменены 13,7 тысячы святлодыёдных свяцільняў. Гэта дае эканомію на 50–60 % па энергазберажэнні і забяспечвае лепшае асвятленне. Плануецца пабудаваць 11 новых станцый абезжалезвання, 195 міні-станцый, 25 новых дзіцячых спартыўных і гульнявых пляцовак і адрамантаваць больш за 280.
У план уключаны азеляненне, рамонт веласіпедных і аўтамабільных парковак, прыпыначных пунктаў грамадскага транспарту, чыгуначных платформаў. Запланавана высадка 30 тысяч дрэў, 28 тысяч кустоў, 3,5 мільёна штук расады кветак. У работу актыўна ўключыліся ўсе раёны, хутка пройдзе адзіны дзень азелянення — прыйшоў час абнавіць дрэвы, пасаджаныя ў дварах прадстаўнікамі ваеннага і пасляваеннага пакаленняў.
Стварэнне спрыяльнага асяроддзя пражывання — гэта не толькі высадка зялёных насаджэнняў. Пройдуць прыродаахоўныя акцыі з удзелам грамадскіх эколагаў: «Зробім», «Чысты лес», «Чысты вадаём». Будзе ўзмоцнена работа па ліквідацыі несанкцыянаваных звалак і недапушчэнні іх утварэння, па папярэджванні выпальвання сухой расліннасці, па захаванні рэжымаў гаспадарчай дзейнасці ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах. Сёлета на Віцебшчыне створаць18 экасцежак, каб жыхары вобласці маглі знаёміцца з прыроднымі багаццямі роднага краю ў натуральным асяроддзі.
Фота з адкрытых крыніц