Top.Mail.Ru

Якія мерапрыемствы прапануюць наведаць турыстам у Беларусі ў жніўні

Апошні месяц лета ў нашай краіне стане месяцам падзейнага турызму. Аб тым, якія фестывалі і дзе можна наведаць гэтым часам, паведаміла Нацыянальнае агенцтва па турызме.



Такім чынам, з 1 па 2 жніўня ў Шумілінскім раёне адбудзецца фестываль «Башнеўская юшка». 

Мерапрыемства збірае разам рыбаловаў-аматараў, кулінараў-энтузіястаў і знатакоў традыцыйнай кухні, каб паспаборнічаць у майстэрстве рыбнай лоўлі і падрыхтоўкі юшкі. Удзельнікі дэманструюць свой рыбацкі прафесіяналізм і кулінарныя навыкі, а лепшыя з іх узнагароджваюцца дыпломамі і памятнымі падарункамі.

Аграгарадок Германавічы Шаркаўшчынскага раёна 2 жніўня запрашае на «Бульбяны фэст» — свята для ўсіх, хто шануе традыцыі, смачную ежу і душэўную атмасферу. Гасцей чакаюць гастранамічныя навінкі, канцэртная праграма, майстар-класы, выстава-продаж сувенірнай прадукцыі, наведванне музея, гульні і забаўкі для ўсіх узростаў.

Сядзіба Дэмбавецкіх у Лідскім раёне 2 жніўня стане пляцоўкай для кветкавага балю. Ён пройдзе сярод вялікай колькасці кветак, і кветкі будуць абавязковым атрыбутам бальных убораў. Адбудзецца майстар-клас па вырабе бутаньерак і міні-кветкавых кампазіцый, таму можна будзе на месцы сваімі рукамі зрабіць упрыгожванне да ўбору.

У аграгарадку Станцыя Ашмяны 2 жніўня арганізуюць фестываль «Стальная магістраль». Госці змогуць «пракаціцца» ў «Інтэлектуальным вагоне», дзе іх пазнаёмяць з гісторыяй паходжання і развіцця чыгуначнага руху раёна. «Вагон добрага густу» прадставіць разнастайную святочную праграму, «Вагон забаў» — атракцыёны і тэматычны цір, «Вагон-выстава» — работы народных майстроў. Завяршальным акордам свята стане танцавальна-забаўляльная праграма пад зорным небам «Вясёлай дарогі!».

Ваенна-гістарычная рэканструкцыя, прысвечаная Дню дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый, «Афганскае неба» 2 жніўня адбудзецца на «Лініі Сталіна». Для наведвальнікаў будзе адкрыта больш за дзесятак інтэрактыўных зон. На тэрыторыі комплексу кожны зможа паспрабаваць свае сілы ў гістарычнай віктарыне, стральбе з пнеўматыкі, кіданні гранаты, праходжанні паласы перашкод і іншых цікавых майстар-класах. Мерапрыемства пройдзе пры падтрымцы Міністэрства абароны.

Жодзіна 2 жніўня праводзіць «БЕЛАЗ ФЕСТ». Гасцям прапануюць мноства забаў, якія пройдуць на плошчы ля Палаца культуры БелАЗ і ў гарадскім парку. У праграме — квэсты, выстава тэхнікі, рамесныя рады, дзіцячая анімацыя, VR-зона, гульні, розыгрышы.

«Ільінскі кірмаш» 2 жніўня адбудзецца ў аграгарадку Новыя Самацевічы Касцюковіцкага раёна. Мерапрыемства прымеркавана да свята Ільіна дня. Кірмаш накіраваны на захаванне народных традыцый рэгіёну.

Стадыён «Дынама» ў Мінску 2 жніўня прыме фестываль FESTIWOW, гарадскі пасёлак Карма Гомельскай вобласці — фестываль «Льняная карусель». Знакавай падзеяй 2 жніўня таксама стане XIII фестываль «Гальшанскі замак» у аграгарадку Гальшаны Ашмянскага раёна. У праграме — рыцарскія турніры, сярэднявечныя танцы і музычная праграма.

З 2 па 3 жніўня ў Мсціславе разгорнецца «Рыцарскі фэст». Гасцей чакаюць выступленні лучнікаў, конныя спаборніцтвы і пешыя рыцарскія турніры, тэатралізаваныя і музычныя выступленні, вогненнае і лазернае шоу. У гэты ж перыяд у Полацкім раёне правядуць маладзёжны фестываль звону «Багатырскія перазвоны». Падчас мерапрыемства кожны ўдзельнік набудзе навыкі ансамблевага звону, пачуццё звонавага рытму.

photo_2025-07-31_18-02-13 (3).jpg

На 2 жніўня запланаваны гастранамічны і экалагічны фестываль «Палескі ўюн». У праграме — конкурс па падрыхтоўцы юхі «Бітва на чарпаках», выступленні творчых калектываў, майстар-класы рамеснікаў, сплавы на байдарках і лодках, выязны гандаль, стравы беларускай кухні. Ініцыятарам і галоўным арганізатарам фестывалю выступае Пінскі раённы выканаўчы камітэт і ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» і «Прастыр». Фестываль праходзіць на тэрыторыі эколага-турыстычнага комплексу «Цішыня» каля вадаёма ў вёсцы Гарадзішча.

У Жыткавіцкім раёне 5 жніўня разгорнецца «Тураўскі кірмаш». У свяце бяруць удзел калектывы мастацкай самадзейнасці.

У Бераставіцкім раёне 7–9 жніўня адбудзецца фестываль радыёкіраваных мадэлей. У праграме — выстава мадэляў самалётаў, спаборніцтвы па паветраным баі, паказальныя выступленні суднамадэлістаў і палёты гідрасамалётаў, майстар-класы па асновах кіравання авіямадэлямі. Любы жадаючы зможа днём атрымаць асалоду ад жывой музыкі, а ўвечары наведаць дыскатэку.

У Бярэзінскім біясферным запаведніку 9 жніўня пройдзе «Мядовы спас», у Жлобінскім раёне — свята майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Рэкцянскія ўзоры», у Рагачоўскім раёне — фестываль «Смак мёду», у Шчучынскім раёне — свята Ракавіцкай іконы Божай Маці. Аўгустоўскі канал запрашае на свята мора, Чавускі раён — на XII этнічнае свята «У госці да радзімічаў», Бялыніцкі раён — на фестываль народнай творчасці «Ільняныя крылы-ручнікі».

У Іўі 9 жніўня правядуць свята «Іўеўскі памідор». У праграме — тэатралізаваныя паказы, канцэрт калектываў аматарскай творчасці раёна, выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці.

Таксама 9 жніўня ў Навагрудку адбудзецца фестываль сярэднявечнай культуры «Наваградскі замак», які прысвечаны сярэднявечнай культуры і гісторыі Навагрудскага замка, які з’яўляецца ўнікальным помнікам абарончай архітэктуры эпохі Сярэднявечча і старажытным цэнтрам Навагрудка.

З 9 па 10 жніўня ў аграгарадку Моталь госці збяруцца на міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі». На працягу ўсяго свята праводзяцца майстар-класы па прыгатаванні страў нацыянальных кухняў і гала-канцэрты творчых калектываў краін—удзельніц фестывалю.

Таксама з 9 па 10 жніўня ў вёсцы Дамжэрыцы адбудзецца VI фестываль славянскай міфалогіі «Шлях Цмока».

15 па 17 жніўня на стадыёне «Дынама» ў Мінску пройдзе MINSKOPENFEST, 14 жніўня ў Слаўгарадскім раёне — фестываль «Макавей», 15 жніўня ў Мёрах — свята «МЁДведакФэст», у Шчучынскім раёне — «Навадворскі фэст», у Чэрыкаве — кірмаш «Дзень варэння».

З 15 па 16 жніўня Дрыбін прыме XIV рэгіянальны фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі».

16 жніўня адбудзецца каравай-фэст «Бацькава булка» ў Свіслачы. Гасцей мерапрыемства чакае выстава хлебных вырабаў, конкурс вырабаў з цеста сярод прафесійных пекараў (Белкаапсаюз, Гроднахлебпрам і г. д.), прысвечаныя гістарычным аб’ектам Беларусі.

photo_2025-07-31_18-02-13.jpg

Кірмашы «Мядовы спас» 16 жніўня правядуць у Валожынскім і Шаркаўшчынскім раёнах, рэгіянальны маладзёжны фестываль «Дружба без межаў» — у Карэлічах, свята «Спасаўка-ласаўка» — Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

На 17 жніўня запланаваны фестываль арганнай музыкі ў касцёле святых Пятра і Паўла Ляхавіцкага раёна, фестываль кветак — у гарадскім пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна, фестываль сямейнага адпачынку — у Воранаўскім раёне.

З 22 па 23 жніўня ў Нясвіжы пройдзе WOSTRAU FEST. Прадугледжаны забаўкі ў зонах актыўнасцей, фуд-корт. Таксама з 22 па 23 жніўня ў Зэльве адбудзецца свята «Ганненскі кірмаш». У цэнтры ўвагі на кірмашы — коні. Кожны жадаючы можа пракаціцца на павозцы або брычцы, павучыцца асновам верхавой язды.

На 23 жніўня запланавана «Свята лялькi» ў Круглым.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю