Матэрыяльная дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны выплачваецца з 2 да 8 мая і на ўчарашні дзень яе атрымалі 97% адрасатаў. Для ўдзельнікаў і інвалідаў вайны яна складае сёлета 5 тысяч рублёў, для іншых катэгорый ветэранаў — 2,5 тысячы, для асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, — 1,5 тысячы. Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай АРОЛ, летась памеры дапамогі былі павялічаны ўдвая, сёлета — яшчэ на 20 %. На гэтыя мэты з бюджэту выдаткавана каля 13 мільёнаў рублёў, а дапамогі ахопяць больш за 7 тысяч чалавек. Расказваем, якія мерапрыемствы запланаваны на 9 Мая ў сталіцы і іншых гарадах.
Парад з паветраным эшалонам і ўдзелам краін-суседак
Як праінфармаваў намеснік міністра абароны Аляксандр НАВУМЕНКА, падчас ваеннага парада ў складзе паветранага эшалона над сталіцай пройдуць 39 паветраных суднаў — 12 верталётаў і 27 самалётаў. З іх 35 адзінак прадстаўляюць Міністэрства абароны Беларусі, яшчэ чатыры адзінкі авіяцыйнай тэхнікі — Расію. Суседнюю краіну, дарэчы, прадставіць авіяцыйная група вышэйшага пілатажу «Рускія віцязі» на самалётах Су-30СМ. У падрыхтоўцы паветранага эшалона задзейнічана 48 паветраных суднаў, у тым ліку 9 запасных.
У складзе пешай калоны возьмуць удзел 33 парадныя разлікі, з іх 30 прадстаўляюць сілавыя структуры і ведамствы Беларусі і тры — замежныя дзяржавы. Гэта кадэты Ніжагародскага кадэцкага корпуса Прыволжскай федэральнай акругі імя генерала арміі В. Ф. Маргелава, курсанты Міхайлаўскай ваеннай артылерыйскай акадэміі (Санкт-Пецярбург) і ганаровая варта Народна-вызваленчай арміі Кітая. Акрамя таго, удзел возьмуць 5 знамённых груп ад Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан і Рэспублікі Узбекістан. Усяго ў складзе пешай калоны задзейнічаны 4832 чалавекі. Яшчэ 431 прыцягнуты ў якасці запасных.
У механізаванай калоне будуць удзельнічаць 26 парадных разлікаў з 275 адзінкамі тэхнікі, яшчэ 60 — запасныя.
Аляксандр Навуменка падкрэсліў, што асаблівасцю парада ў гэтым годзе з'яўляецца павелічэнне яго гістарычнай часткі.
— Мы ўбачым кавалерыстаў, тачанку з кулямётам, дадаліся парадныя разлікі афіцэраў з вінтоўкамі і баявымі сцягамі-рэліквіямі воінскіх часцей, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Таксама пройдзе зводны парадны разлік інжынераў з сабакамі, медыцынскіх работнікаў і рэгуліроўшчыкаў. Механізаваную калону ўзначаляць легендарныя танкі Т-34, пройдуць матацыклы, «Кацюша», аўтамабілі з пражэктарам і зенітнымі ўстаноўкамі, — расказаў ён.
На плошчах, у парках і нават у гандлёвых цэнтрах
Аднак роля ваенных у свяце не абмяжуецца парадам. Шэраг мерапрыемстваў з іх удзелам пройдзе па ўсёй краіне.
— Работа ваенна-тэматычных пляцовак у святочныя дні ўжо стала добрай традыцыяй. Беларусы, асабліва самыя юныя і маленькія, з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з ваеннаслужачымі. Жыхары і госці сталіцы змогуць азнаёміцца з сучасным узбраеннем і спецыяльнай і ваеннай тэхнікай, узорамі вайсковай формы адзення і экіпіроўкі, атрымаць асалоду ад выступлення ваенных аркестраў і армейскіх творчых калектываў. Традыцыйна вайскоўцы прыгатуюць і пачастуюць гасцей свята салдацкай кашай. У святочных лакацыях будуць працаваць фотазоны, пункты прафарыентацыі, выстаўкі музейных экспанатаў і многае іншае, — расказаў начальнік аддзела ўпраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Аляксандр КІСЕЛЬ.
У Мінску 9 мая ваенна-тэматычныя пляцоўкі будуць разгорнуты ў гандлёвым цэнтры «Першы Нацыянальны гандлёвы дом». У парку Перамогі з боку гасцініцы «Вікторыя» Міністэрства абароны возьме ўдзел у арганізацыі свята «Пераможны май». Сустрэцца з ваеннымі можна будзе і на ўрачыстых мерапрыемствах, што арганізоўваюцца на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». Асобную экспазіцыю прадставіць Міністэрства абароны і ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры. На пляцоўцы перад Палацам Рэспублікі напярэдадні гала-канцэрта «Вялікая Перамога» Міністэрства абароны пачастуе ўсіх салдацкай кашай у рамках праекта «Пераможная кухня». Акрамя таго, 10 мая на пляцоўцы Палаца спорту падчас сямейнага свята «Наша Перамога» жыхары і госці сталіцы таксама змогуць пачаставацца салдацкай кашай і пазнаёміцца з выстаўкай сучаснай ваеннай тэхнікі.
Гала-канцэрт «Вялікая Перамога» пачнецца 9 мая а 15 гадзіне на пляцоўцы каля Палаца спорту. У ім будуць удзельнічаць найлепшыя калектывы выканаўцаў краіны, а хэдлайнерам канцэрта стане папулярны расійскі выканаўца Дзяніс Клявер.