Медыцынскую дапамогу жыхары сельскай мясцовасці атрымліваюць у ФАПах, у тым ліку і перасоўных, урачэбных амбулаторыях, участковых і цэнтральных раённых бальніцах. Пры неабходнасці іх накіроўваюць на больш высокія ўзроўні аказання дапамогі — міжраённы, абласны ці рэспубліканскі. Актыўна выязджаюць на месцы, кансультуюць, удзельнічаюць у складаных хірургічных умяшаннях і праводзяць майстар-класы супрацоўнікі Рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў і выкладчыкі медыцынскіх ВНУ. Аднак сёння нават ФАПы аснашчаны самым неабходным медыцынскім абсталяваннем, у тым ліку электракардыёграфамі, глюкометрамі, індыкатарамі ўнутрывочнага ціску, а іх персанал пастаянна павышае кваліфікацыю. Актыўна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база раённых і сельскіх устаноў аховы здароўя — закупляецца новае абсталяванне, у аддзяленнях праводзяцца рамонты.
Высокія тэхналогіі ў глыбінцы
Удасканаленню ўмоў атрымання медыцынскай дапамогі ў сельскай мясцовасці ўдзяляецца вялікая ўвага як з боку Міністэрства аховы здароўя, так і з боку абласных і раённых улад.
— Асноўная наша задача — дайсці да кожнага і забяспечыць усіх максімальна даступнай і якаснай медыцынскай дапамогай, — адзначыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінаблвыканкама Ірына ЛОБАХ, дадаўшы, што доля вясковага насельніцтва на Міншчыне складае 45 %, таму асноўныя меры накіраваны на максімальную даступнасць дапамогі ў сельскай мясцовасці.
У вобласці арганізавана работа 349 ФАПаў. Адметна, што ў 20 раёнах Міншчыны працуе 28 перасоўных ФАПаў, 8 раёнаў маюць па два такія мабільныя комплексы. Менавіта Мінская вобласць была ў 2016 годзе наватарам ва ўкараненні мабільных ФАПаў, першы з якіх з’явіўся ў Крупскім раёне. Таксама ў сельскай мясцовасці сёння дзейнічае 149 амбулаторый, 36 участковых бальніц, у кожным з раёнаў пацыентаў прымаюць цэнтральныя раённыя бальніцы. Міжраённыя цэнтры, дзе сканцэнтравана высокатэхналагічнае абсталяванне, дзейнічаюць у Барысаве, Салігорску і Маладзечне.
Менавіта сетка ФАПаў у краіне самая шматлікая. ФАП — першая ўстанова, куды звяртаюцца па меддапамогу жыхары вёсак і аграгарадкоў. Там працуюць фельчары ці памочнікі ўрача, пры гэтым за імі замацаваны ўрач, які курыруе іх работу і аказвае кансультатыўную дапамогу. Фельчары пастаянна ўдасканальваюць свае веды, праходзячы навучанне падчас адукацыйных семінараў і на базе медкаледжаў. У буйных сельскіх населеных пунктах дзейнічаюць урачэбныя амбулаторыі. Там прыём вядзе ўрач агульнай практыкі, які таксама ажыццяўляе выезды на дом. Усе амбулаторыі аснашчаны аўтатранспартам. Абследуюць вяскоўцаў і паліклінікі цэнтральных раённых бальніц.
На працягу апошніх двух гадоў практыкуюцца выезды ўрачоў-спецыялістаў ва ўрачэбныя амбулаторыі. Найбольш запатрабаваныя, як правіла, неўролагі, акушэры-гінеколагі, хірургі. Выязджаюць у рэгіёны для кансультацый, складаных аператыўных умяшанняў, правядзення майстар-класаў і спецыялісты РНПЦ, а таксама выкладчыкі розных кафедраў медыцынскіх ВНУ.
— Усе медыцынскія ўстановы Мінскай вобласці падключаны да тэлемедыцынскага кансультавання. Калі ва ўрачоў цэнтральнай раённай бальніцы ёсць пытанні па той ці іншай сітуацыі з пацыентам, яны шляхам тэлемедыцынскай кансультацыі накіроўваюць інфармацыю ў замацаваную абласную ці рэспубліканскую ўстанову і атрымліваюць зваротную сувязь па далейшым лячэнні і назіранні, — адзначае Ірына Лобах.
Яна падкрэсліла, што ў рэгіёнах актыўна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база медыцынскіх устаноў. Фінансаванне сістэмы аховы здароўя стабільнае. Сродкі рэгулярна выдаткоўваюцца і накіроўваюцца на набыццё сучаснага медыцынскага абсталявання і рамонт. Дарэчы, нядаўна рамонты праведзены ва ўсіх сельскіх падраздзяленнях.
Жыллё і надбаўкі
Немалаважным аспектам даступнасці медыцынскай дапамогі з’яўляецца і замацаванне медыцынскіх кадраў. Як вядзецца гэта работа на месцах, расказала на прыкладзе Нясвіжчыны галоўны ўрач Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы Вікторыя ПРАЖЭНІК.
— Стараемся максімальна ўкамплектаваць сельскія падраздзяленні кадрамі. Забяспечваем усе гарантаваныя надбаўкі за спецыфіку работы ў сельскай мясцовасці. Загадчыкі ФАПаў і амбулаторый атрымліваюць дадатковую надбаўку за выкананне распарадчых функцый. Працуем з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў па выдзяленні жылля нашым спецыялістам. Ствараем дастойныя ўмовы працы — сучаснае абсталяванне, дастойны санітарны стан, што таксама садзейнічае замацаванню кадраў, — адзначыла галоўны ўрач.
Яна дадала, што прафарыентацыйныя мерапрыемствы праводзяцца ў раёне з вучнямі 8–11 класаў як у школах, так і на базе раённай бальніцы. З ахвотнымі заключаюцца мэтавыя дагаворы. Таксама кіраўнік раённай бальніцы асабіста ўдзельнічае ва ўсіх размеркаваннях, каб расказаць пра магчымасці і ўмовы працы. Маладым спецыялістам даецца жыллё — ёсць кватэры, таксама пакоі ў інтэрнатах выдзяляюць іншыя арганізацыі Нясвіжа. Калі малады ўрач жадае арандаваць кватэру, яму кампенсуюць 5 базавых велічынь штомесяц. Акрамя таго, у моладзі ёсць магчымасць далейшага навучання і прафесійнага росту.