— Заліваць лёд на катках і ў хакейных каробках, а таксама ствараць лыжныя трасы трэба адразу пры ўсталяванні падыходзячага надвор’я, — падкрэсліў кіраўнік горада. — Попыт на такія лакацыі ў гараджан вялікі.
У сваю чаргу начальнік галоўнага ўпраўлення спорту Мінгарвыканкама Максім Варапай расказаў, што ў Мінску зімой арганізуюць каткі, горкі для катання на цюбінгах, схілы для заняткаў горнымі лыжамі і сноўбордам, хакейныя каробкі і лыжныя трасы — усяго больш за 120 аб’ектаў.
Пры спрыяльных або адпаведных умовах надвор’я ў Мінску запланавана арганізацыя 47 лядовых каткоў, 28 горак для катання на цюбінгах, двух схілаў для заняткаў горнымі лыжамі і сноўбордам, 32 хакейных каробак і 14 лыжных трас.
— Сёлета дадаткова будуць залітыя 16 лядовых каткоў і адна хакейная каробка. Колькасць горак для катання на цюбінгах паменшыцца на сем адзінак у сувязі з прызнаннем іх небяспечнымі. У зімовы перыяд работнікі ЖКГ будуць засыпаць іх пяском, каб дзеці там не каталіся і не атрымлівалі траўмаў, — падзяліўся ён.
Новы лядовы каток з’явіцца ў парку імя Уга Чавеса. Па словах Максіма Варапая, там прыменяць такую тэхналогію: на роўнае бетоннае пакрыццё ўкладваецца цеплаізаляцыйны пласт, над ім рассцілаюцца спецыяльныя маты, на якія і намарожваецца лёд.
— Да работ ужо прыступілі. Якраз хочам выпрабаваць пакрыццё пры пагранічнай тэмпературы — ад плюс 8 градусаў з пераходам у мінус, — адзначыў ён.
Для насельніцтва будуць функцыянаваць больш за 550 пунктаў пракату.
— У асноўным яны размесцяцца ў агульнаадукацыйных школах, дзе мінчане змогуць прыйсці і ўзяць інвентар, каб пазаймацца зімовымі відамі спорту, — дадаў Максім Варапай.
Ён падкрэсліў, што як толькі дазволяць умовы надвор’я ў горадзе аператыўна прыступяць да вырабу штучнага снегу, а таксама да залівання хакейных каробак і лядовых каткоў.
Начальнік упраўлення таксама адзначыў, што падрыхтоўка да будучага зімовага сезона пачалася загадзя. Быў распрацаваны і зацверджаны план яе арганізацыі. У летне-восеньскі перыяд падрыхтавана ўся неабходная тэхніка для ўладкавання лыжных трас. Праведзена тэхнічнае абслугоўванне снегагенератараў, правераны студні для падлучэння да вады.
Акрамя гэтага, ён распавёў, што ў каляндарным плане на зімовы сезон значыцца больш за 260 спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Сярод найбольш важных для дзяцей і падлеткаў — спаборніцтвы па біятлоне «Снежны снайпер» і турнір па хакеі «Залатая шайба».
Акрамя таго, у Мінску плануецца абсталяваць 28 горак для катання на цюбінгах. А вось са стыхійнымі горкамі не ўсё адназначна.
— Разам з усімі зацікаўленымі мы абследавалі такія спускі. Сем з іх былі прызнаныя небяспечнымі для катання. Як правіла, яны размешчаны каля жылых дамоў або праезнай часткі вуліц. Катанне ў такіх месцах можа лёгка скончыцца сур’ёзнай траўмай. У зімовы перыяд іх будуць засыпаць пяском, — растлумачыў Максім Варапай. — Таму заклікаем выкарыстоўваць цюбінгі толькі ў дазволеных для гэтага месцах.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота БелТА