Як нагадала намеснік старшыні камітэта ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Таццяна Гарбачова, у Беларусі з моманту аварыі на ЧАЭС рэалізаваны шэсць дзяржаўных праграм па пераадоленні яе наступстваў. «І калі першыя з іх насілі пераважна ахоўны і рэабілітацыйны характар, то праграмы пятага і шостага цыклаў былі нацэлены на пераход ад стратэгіі мінімізацыі шкоды да стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага адраджэння», — звярнула ўвагу яна.
У цяперашні час ключавой задачай становіцца не проста падтрыманне жыццядзейнасці, а стварэнне ўмоў для актыўнага развіцця пацярпелых раёнаў з выкарыстаннем іх унутранага патэнцыялу. «Землі вяртаюцца ў абарот, на іх штогод вырошчваецца чысты ўраджай. Для людзей з пацярпелых раёнаў створаны бяспечныя і камфортныя ўмовы. Яны працуюць на роднай зямлі, выхоўваюць дзяцей, адраджаюць некалі адчужаныя тэрыторыі і на асабістым прыкладзе даказваюць: цяпер за гэтымі населенымі пунктамі будучыня», — сказала Таццяна Гарбачова.
Дзмітрый Руткоўскі падкрэсліў: «Наша задача на сёння — эканамічны ўздым гэтых тэрыторый, стварэнне максімальна камфортных умоў для пражывання».
У ліку ключавых задач ён назваў замацаванне маладых спецыялістаў у пацярпелых раёнах. «Пасля аварыі быў сур’ёзны адток спецыялістаў. Але роля новых кадраў, новых прафесіяналаў у развіцці раёнаў вялікая — і ў АПК, і ў медыцыне, і ў адукацыі, і ў будаўніцтве. Каб развіваць эканамічны і чалавечы патэнцыял, безумоўна, трэба было стварыць умовы для замацавання людзей на гэтых тэрыторыях», — адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення.
Адзін з элементаў прыцягнення спецыялістаў — будаўніцтва жылля, звярнуў увагу ён. «Мы будуем не толькі шматкватэрнае жыллё, але і аднакватэрныя жылыя дамы, куды засяляюцца сем’і. У першую чаргу будуем жыллё для маладых спецыялістаў. Гэта значыць, замацоўваем іх з гэтага пункту гледжання», — зрабіў акцэнт Дзмітрый Руткоўскі.
«Далей ствараюцца магчымасці для працы, ствараюцца новыя працоўныя месцы. За кошт сацыяльнай праграмы даюцца надбаўкі, пад’ёмныя. Так, напрыклад, малады спецыяліст пры заключэнні першага пяцігадовага кантракта атрымлівае 200 базавых велічынь, пры заключэнні другога пяцігадовага — ужо 300 базавых велічынь. І меры дзяржпраграм даюць ужо свой вынік. Мы бачым сітуацыю, калі застаюцца і замацоўваюцца сем’ямі», — канстатаваў Дзмітрый Руткоўскі.
«Мы ўкладаем інвестыцыі ў гэтыя раёны. У асноўным гэта, вядома, інвестыцыі ў аграпрамысловы комплекс, бо гэта сельгасраёны. Таксама створаны максімальна камфортныя ўмовы для пражывання людзей. Дзіцячы сад, школа, бальніца, аснашчаная неабходным абсталяваннем. І цяпер мы кропкава ствараем аб’екты. Напрыклад, у Хойніках пабудавалі басейн. Людзі даўно прасілі. Але асноўныя рэсурсы, вядома, — гэта інвестыцыі ў вытворчасць, у стварэнне эканомікі», — падсумаваў начальнік Галоўнага ўпраўлення.
Блогеры і журналісты падчас прэс-туру па Гомельскай вобласці азнаёміліся з ладам жыцця ў пацярпелых раёнах праз 40 гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У маршруце — Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, гадавальнік племянных коней, пчальнік, сыраробная вытворчасць, завод гідраапаратуры і іншыя аб’екты.