Top.Mail.Ru

Якія напрамкі для даследаванняў выбіраюць маладыя навукоўцы Беларусі, расказалі ў НАН

За апошнія гады колькасць маладых даследчыкаў у Беларусі павялічылася. Пра гэта паведаміў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік на XXIII Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Моладзь у навуцы — 2026», перадае БелТА.



Па словах Уладзіміра Караніка, 29% даследчыкаў — маладыя навукоўцы. «Але трэба думаць ужо аб наступным пакаленні, таму што моладзь у навуцы — падмурак развіцця НАН. Наладжана добрае ўзаемадзеянне з Міністэрствам адукацыі, пачынаючы ад Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, вядучымі ВНУ краіны, што дазваляе бачыць патэнцыяльных даследчыкаў са школьнай лавы», — адзначыў ён.

Праекты, над якімі працуюць маладыя вучоныя, адпавядаюць прыярытэтным напрамкам навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі на 2026-2030 гады, якія вызначаны ўказам Прэзідэнта. У іх ліку сферы біятэхналогій, лічбавых тэхналогій, новых матэрыялаў. «Гэта тое, ад чаго залежыць будучыня развіцця краіны, эфектыўная работа рэальнага сектара эканомікі», — падкрэсліў кіраўнік НАН.

Нацыянальная акадэмія навук узаемадзейнічае з 93 краінамі свету. На яе базе функцыянуюць 40 міжнародных лабараторый. Стратэгічнымі партнёрамі выступаюць Расія, КНР, В’етнам, Індыя. «Мы зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва абсалютна з усімі краінамі свету, таму што аб’яднанне кампетэнцый дазволіць вырашаць пытанні больш эфектыўна і аператыўна», — дадаў Уладзімір Каранік.

Канферэнцыя аб’яднала каля 600 маладых даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Кітая, Узбекістана, Туркменістана, Арменіі і Алжыра. У адкрыцці мерапрыемства прынялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый і саветаў маладых вучоных арганізацый — членаў Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук. 

Прадстаўлены даклады аб прарыўных дасягненнях у ключавых галінах: ад матэрыялазнаўства і медыцынскай генетыкі да сацыялогіі і тэхналогій малочнай прамысловасці.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю