Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч расказаў аб перспектыўных сумесных праектах з Самарскай вобласцю на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёну Вячаславам Федарышчавым, перадае БелТА.
Віктар Каранкевіч падкрэсліў, што прадпрыемствы Самарскай вобласці добра знаёмы з грузавой і камунальнай тэхнікай МАЗ. «У 2024 годзе ў Самарскую вобласць пастаўлена 95 грузавікоў, у гэтым годзе — ужо 30. Гатовы прапанаваць пастаўкі смеццявозаў, мультыліфтаў-кантэйнеравозаў, а таксама забяспечыць Самарскую вобласць не толькі грузавой і камунальнай тэхнікай, але і дарожна-будаўнічай, лесанарыхтоўчай і іншымі машынамі», — адзначыў ён.
Акрамя гэтага, у Самарскай вобласці эксплуатуюцца больш за 80 адзінак тэхнікі БЕЛАЗ. Напрыклад, летась у расійскі рэгіён адгружаны тры кар’ерныя самазвалы. У сувязі з ростам попыту на кар’ерную тэхніку ў Расіі Віктар Каранкевіч лічыць мэтазгодным актывізаваць работу па прагнозе паставак паміж вытворцамі і спажыўцамі.
Ён звярнуў увагу і на тое, што беларускі завод пажарнай тэхнікі ТАА «Пажснаб» працуе па шэрагу перспектыўных праектаў у суб’ектах Расійскай Федэрацыі. «Па выніках аўкцыёну заключаны кантракт на пастаўку трох аўтацыстэрнаў у Самарскую вобласць, што дасць магчымасць заказчыку пераканацца ў якасці прадукцыі завода», — заўважыў віцэ-прэм’ер, дадаўшы, што гэта стане дадатковым крокам да развіцця гандлёва-эканамічных адносін з Самарскай вобласцю.
Таксама «Магілёўліфтмаш» удзельнічае ў большасці аб’яўленых тэндэраў на пастаўку ліфтавага абсталявання ў рамках рэалізацыі праектаў па капітальным рамонце жылых будынкаў і будаўніцтве новага жылля ў Самарскай вобласці. «За апошнія пяць гадоў самарскім бокам набыта больш за 2,4 тыс. беларускіх ліфтаў, а ў 2024 годзе пастаўлена больш за 600. Прапануем разгледзець пытанне аб стварэнні сумеснай вытворчасці ліфтаў у Самарскай вобласці пры наяўнасці пастаяннага попыту на прадукцыю», — заявіў намеснік прэм’ер-міністра.
У гандлёва-эканамічных адносінах бакоў можна вылучыць далёка не адзін прыклад прамысловай кааперацыі, сказаў Віктар Каранкевіч, тым не менш ёсць шмат напрамкаў, якія можна даследаваць.
Віцэ-прэм’ер таксама запрасіў Самарскую вобласць узяць удзел у прамысловай выставе «ІНАПРАМ. Беларусь», якая пройдзе ў Менску з 29 верасня па 1 кастрычніка 2025 года. Ён выказаў упэўненасць, што кожны знойдзе на гэтай выставе надзейнага партнёра.
Беларускі бок накіраваны таксама пашыраць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з Самарскай вобласцю ў сферы сельскай гаспадаркі, а таксама па пастаўках будматэрыялаў. «Беларускія арганізацыі таксама маюць значны вопыт праектавання прамысловых, інфраструктурных, сацыяльных аб’ектаў, у тым ліку на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Беларусь адкрыта да любых прапаноў для пашырэння і якаснага нарошчвання сувязей. Мы максімальна аператыўна разгледзім любыя прапановы нашых партнёраў», — сказаў на заканчэнне намеснік прэм’ер-міністра.