Асобы, якія дасягнулі сямнаццацігадовага ўзросту, змогуць атрымліваць права кіравання самаходнымі машынамі сельгаспрызначэння, а таксама колавымі трактарамі з рухавікамі магутнасцю да 110,3 кілавата (напрыклад, такімі як «Беларус-1221»). Гэта дасць магчымасць больш актыўна прыцягваць вучняў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі да пасяўных і ўборачных работ.
Таксама абноўленым законам прадугледжваецца павелічэнне максімальна дапушчальнай магутнасці рухавіка для колавых трактароў і самаходных машын катэгорый C, D, E, F (з 80 да 110,3 кілавата), якія выкарыстоўваюцца для выканання сельскагаспадарчых работ. Замена раней выдадзеных вадзіцельскіх пасведчанняў на права кіравання колавым трактарам, самаходнай машынай не спатрэбіцца. Такія пасведчанні захоўваюць сваё дзеянне на працягу тэрміну, на які яны былі выдадзены, і пацвярджаюць права кіравання колавымі трактарамі, самаходнымі машынамі катэгорый, указаных у гэтых пасведчаннях.
У ходзе разгляду гэтага законапраекта яшчэ ў першым чытанні дэпутаты выказалі прапанову скараціць тэрмін уступлення ў сілу Закона «Аб дарожным руху» з шасці месяцаў да двух, што паўплывае на аператыўную рэалізацыю прапанаваных новаўвядзенняў. Прапанова падтрымана.
Як адзначыў падчас разгляду ў Палаце прадстаўнікоў законапраекта «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дарожным руху» намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, законапраект накіраваны на павышэнне эфектыўнасці вытворчай практыкі студэнтаў і навучэнцаў у сельгасарганізацыях, а таксама на паляпшэнне забеспячэння сельгасгаліны кадрамі механізатараў. «Гэта дазволіць у сезон масавых палявых работ задаволіць патрэбы ў дадатковай колькасці механізатарскіх кадраў за кошт прыцягнення практыкантаў ВНУ і каледжаў для выканання такіх сельгасаперацый, як узворванне, баранаванне, пасяўныя работы, культывацыя, апрацоўка, пасадка, нарыхтоўка зялёнай масы, уборка і вываз ураджаю, дасць магчымасць выконваць усе работы ў агратэхнічныя тэрміны, што будзе садзейнічаць захаванню ўраджаю», — канкрэтызаваў ён.
Па словах члена Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Сяргея Давыдава, галоўнай мэтай гэтага закона з’яўляецца павелічэнне кадравага патэнцыялу прадпрыемстваў сельскагаспадарчай галіны. «Гэтыя навацыі дадуць магчымасць прыцягнуць маладыя кадры ўжо з другога курса, — патлумачыў дэпутат. — Ужо з 17 гадоў яны змогуць атрымаць правы кіравання такой вялікай і сур’ёзнай тэхнікай, як камбайны. Гэту прапанову выказвалі сельгасарганізацыі, але ў большай частцы Міністэрства сельскай гаспадаркі».
Такім чынам, згаданая катэгорыя маладых людзей зможа зрабіць свой унёсак ва ўборачную кампанію. Цалкам верагодна, што і ў пасяўную.
Фота: БелТА