Вучоныя НАН Беларусі на пляцоўцы Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра» прадставілі распрацоўкі, звязаныя з сельскай гаспадаркай і перапрацоўкай прадукцыі. Падчас аграпрамысловага тыдня высокія госці, спецыялісты і простыя грамадзяне змаглі даведацца, дзякуючы якім распрацоўкам дасягаецца харчовая бяспека краіны і якая трансфармацыя адбываецца ў аграпрамысловай галіне.
Бульба для гурманаў
Нават якасць таго ці іншага прадукту можа залежыць ад распрацовак вучоных. Вы заўважалі, што замежная капуста не падыходзіць да квашання, а смак дранікаў можа розніцца ад таго, які сорт бульбы вы падралі на тарцы?
Вучоныя Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па бульбаводстве і плодаагародніцтве на «Бел-
агра» прадставілі навейшыя сарты беларускай селекцыі. Сярод іх — «Умка» і «Красавік», якія ўжо ўключаны ў дзяржаўны рэестр, а «Ліхтар», «Асілак» і «Оптымум» яшчэ праходзяць дзяржвыпрабаванні. На слыху і сорт з чырвонай мякаццю «Валдберыз», які папоўніць «каляровую» лінейку сартоў. Для вытворцаў гэта навінка разам з фіялетавымі «Сапфірам» і «Лекарам» можа стаць сыравінай для прыгатавання каляровых чыпсаў без выкарыстання фарбавальнікаў, да таго ж такая бульба падыходзіць да дыетычнага харчавання.
Сёння можна падабраць беларускія сарты пад розныя мэты. Так , «Нара», «Вектар» , «Водар» спадабаюцца аматарам рассыпчатай бульбы. «Юлька» — распрацоўвалася для вырабу фры і смажаных долек, асобныя сарты выдатна падыходзяць для смажання. Дарэчы, каб вывесці сорт, трэба 10-12 і больш гадоў. Калекцыя бульбы, якую вучоныя захоўваюць праз культуру ін-вітра (круглы год узоры вырошчваюцца ў прабірках), з’яўляецца нацыянальным здабыткам Беларусі.
Вучоныя прэзентавалі таксама беларускія сарты перцаў, памідораў, агуркоў, цыбулі, арэхаў, клубніц,. Іх адметнасць — прыстасаванасць пад нашы прыродна-кліматычныя ўмовы.
«Сырная» парода
Супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра па жывёлагадоўлі кандыдат сельскагаспадарчых навук Марына Джумкова заўважыла, што спецыяльна для «Белагра» навукоўцы падрыхтавалі сюрпрыз — зрабілі сыр з малака чырвонай каровы (у яе яно вызначаецца павышанымі тлустасцю і ўтрыманнем бялку). Селекцыя па стварэнні гэтай айчыннай пароды вядзецца па даручэнні Прэзідэнта, плануецца завяршыць яе да 2030 года. Наведвальнікі стэнда «Белагра», якія патрапілі на дэгустацыю, высока ацанілі якасць прапанаванага ім прадукту. Змаглі пераканацца, што дзякуючы новай пародзе можна будзе далей развіваць вытворчасць цвёрдых сыроў.
Асаблівасць нашай чырвонай кароўкі і ў яе «трываласці». Калі галштынак хапае на дзве лактацыі,а пасля прадукцыйнасць падае, то новая парода будзе радаваць добрымі надоямі 5-6 лактацый. Дарэчы, на падворку «Белагра» чырвоныя рагулі былі ўжо прадстаўлены. На дадзеным этапе вядзецца далейшае вывучэнне гэтай пароды разам з навукоўцамі з Інстытута генетыкі і цыталогіі. Адначасова распрацоўваюцца тэхналогіі ўтрымання жывёл — бо для кожнай пароды яны падбіраюцца індывідуальна.
«Стэлаж для будучых акадэмікаў»
Прадстаўнік цэнтра святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі Раман Харчанка так назваў фітастэлаж для школ і іншых навучальных устаноў, які вучоныя прадставілі на «Белагра». Такая ўстаноўка дазваляе не проста вырошчваць гародніну пад святлодыёдамі, але і назіраць , аналізаваць, вучыцца праграміраваць, каб падбіраць святло пад расліны, прычым паглядзець, як сябе павядуць расліны на кожнай з паліц стэлажа, задаючы розны спектр. Такі фітастэлаж будзе карысным не толькі для агракласаў, бо дазваляе на практыцы вывучаць розныя дысцыпліны, у тым ліку біямеханіку, праграміраванне, біяоптыку. Таксама інстытут прадставіў на «Белагра» і прафесійную стэлажную ўстаноўку, якая дазваляе вырошчваць розныя культуры.

Напрыклад, памідоры. Сёння навука займаецца распрацоўкай тэхналогій вырошчвання. Натуральна, пад такія магчымасці павінна весціся і селекцыя, бо розныя сарты маюць свае патэнцыялы. Прамысловыя таматы могуць вырастаць да 20 метраў у вышыню. Выкарыстанне свялодыёдаў, іх развіццё можа мяняць цяплічныя гаспадаркі. Сучасныя свяцільнікі дазваляюць атрымліваць якасны ўраджай, пры гэтым эканоміць на электраэнергіі.
Бактэрыі на службе ў чалавека
Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча на выстаўцы прадставіў рэгулятар росту раслін, створаны на аснове прыродных фітагармонаў і бактэрый. Яго можна выкарыстоўваць у азеляненні, з ім газоны лепш кусцяцца, кветкі доўга квітнеюць. Біяпрэпарт узбагачаецца карыснымі дабаўкамі, сярод якіх прыродны мінерал — трэпел, які ўтрымлівае крэмній. Вучоныя працуюць над стварэннем лінейкі дабавак пад розныя культуры — у тым ліку пад агуркі, памідоры, сою. Бактэрыі дапамагаюць паляпшаць якасць жыцця раслін і атрымліваць лепшыя ўраджаі.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара