Камітэтам дзяржкантролю Брэсцкай вобласці выяўлены недахопы пры падрыхтоўцы арганізацый ЖКГ да ацяпляльнага сезона, паведамляе БелТА.
У шматкватэрных жылых дамах Пружанскага і Жабінкаўскага раёнаў устаноўлены факты пашкоджання цеплавой ізаляцыі трубаправодаў сістэмы ацяплення, што ў ацяпляльны перыяд пацягнула б страты цеплавой энергіі і рост выдаткаў арганізацый ЖКГ. Ліквідацыя выяўленых дэфектаў не патрабавала значных фінансавых і працоўных выдаткаў. Аднак работы па ўстараненні недахопаў праведзены толькі пасля ўмяшання КДК. Прычым, напрыклад, у жылым доме ў вёсцы Аранчыцы Пружанскага раёна былі выкананы ў той жа дзень.
Таксама ўстаноўлены факты элементарнай безгаспадарчасці: тэрыторыі асобных кацельняў не былі абкошаны і зараслі пустазеллем, па-за абсталяванымі пляцоўкамі знаходзіўся металалом і будаўнічае смецце, прыёмнікі для попелу ад спальвання мясцовых відаў паліва былі запоўнены бытавым смеццем.
Па гэтых фактах у самыя кароткія тэрміны прыняты меры рэагавання.