Top.Mail.Ru

Якія новаўвядзенні прадугледжаны ў рабоце платных парковак Мінска?

Заніраванне, сіняя разметка, кантроль. 


Як вядома, у Беларусі ў адпаведнасці з указам № 218 ад 27 мая 2025 года ўводзіцца новы парадак работы парковак і стаянак. Асабліва актуальная тэма для Мінска. Хоць у нашай сталицы няма такіх складанасцяў у перамяшчэнні на аўтамабілях, як у Маскве ці іншых шматмільённых мегаполісах, аб’ектыўна і тут наспела неабходнасць рэгуляваць транспартныя патокі. Што зменіцца для аўтааматараў, расказаў БелТА дырэктар дзяржаўнай установы «Паркоўкі сталіцы» Міхаіл Філіпаў.

Сіняя разметка

На сённяшні дзень у горадзе налічваецца 5 тысяч 784 платныя парковачныя месцы, з якіх каля 600 — закрытага тыпу. У перспектыве іх колькасць узрасце. Прадугледжана занаванне — выдзелена пяць парковачных зон. Ад месца знаходжання будзе залежаць тарыфікацыя, умовы функцыянавання.

Закрытыя паркоўкі абсталяваны шлагбаўмамі. Калі машына заязджае на тэрыторыю, камера счытвае нумары, а камп’ютар вызначае кошт.
Адкрытыя паркоўкі — у асноўным месцы ўздоўж дарогі, побач з якімі ўстаноўлены знакі «Паркоўка», «Платныя паслугі», а таксама інфармацыйныя шчыты, якія змяшчаюць інфармацыю аб спосабах аплаты, рэжыме работы і нумарах тэлефонаў для даведкі. З гэтага года яны сталі афармляцца сіняй разметкай. Так вадзіцелі змогуць без лішняй блытаніны знайсці дазволенае месца для стаянкі. Існуючы белы пункцір працягвае дзейнічаць, пакуль вядуцца работы па абнаўленні.

«Сіняя разметка азначае зону платнай паркоўкі. Нашым спецыялістам такое новаўвядзенне дапаможа ў выпадку ўзнікнення спрэчных сітуацый. Вадзіцелям больш складана стане тлумачыць, што не ведалі аб неабходнасці ўносіць плату. Яркі колер складана не заўважыць», — расказаў Міхаіл Філіпаў.
Важны нюанс — стаянку трэба аплачваць адразу, а не падчас выезду. Пры неабходнасці ў некалькі клікаў на смартфоне час падаўжаецца. Плацёж аператыўна праходзіць.

паркоўка2.jpg

Адказнасць за незаплачанае паркаванне

Кантралюе аплату адкрытых парковак спецыяліст установы — правярае па аўтамабільных нумарах з дапамогай планшэта. Калі месца не аплачана, выдаецца апавяшчэнне на бланку жоўтага колеру — яго аўтаўладальнік знаходзіць пад дворнікамі.

Для зручнасці вадзіцеляў прадугледжана некалькі спосабаў аплаты — з дапамогай СМС на нумар 204, USSD — запыту, АРІП, мабільнага сэрвісу «Аплаці».
«Пасля ўвядзення ў дзеянне ўказа нумар 218 наступіць адказнасць за няплату. Сума прапануецца роўнай адной базавай велічыні — як за спыненне — стаянку ў неналежным месцы. Прадугледжваецца электронны абмен данымі з інфармацыйнымі сістэмамі МУС па ўласніках транспартных сродкаў. У выпадку нявыплаты будзем звяртацца з іскам у суд і спаганяць сродкі праз аддзелы прымусовага выканання», — праінфармаваў Міхаіл Філіпаў. Плануецца запусціць спецыяльна абазначаны мабільны комплекс, абсталяваны камерамі на 360 градусаў, якія будуць фіксаваць нумары і кантраляваць аплату ў аўтаматычным рэжыме. Пры фіксацыі неаплаты, будуць выдавацца прэтэнзіі па прынцыпе «лістоў шчасця» — як пры парушэнні хуткаснага рэжыму. Магчыма, будзе прадугледжана пеня за пратэрміноўку. Цяпер распрацоўваецца новае палажэнне.
Розная тарыфікацыя

Кошт паркоўкі вызначаецца рашэннем Мінгарвыканкама. Цяпер прайс такі: стаянка на адкрытай паркоўцы — адзін рубель, на закрытай —- два рублі за гадзіну. Для парковак у Верхнім горадзе плацёж вышэйшы — за першую гадзіну 5 рублёў, за кожную наступную — па два. Таксама можна набыць абанементы на адкрытыя паркоўкі на суткі, сем ці 30 дзён. У прыватнасці, абанемент на месяц абыдзецца ў Br35 (стандартная «падпіска») і Br80 (пашыраная). Безліміт стаянкі на суткі каштуе Br5.

Аплата за адкрытыя паркоўкі ажыццяўляецца ў перыяд з 9.00 да 18.00, субота і нядзеля — выхадныя, за закрытыя — кругласутачна. Выключэнне — раён вул. Зыбіцкая і Энгельса, якія з пятніцы 20.00 да панядзелка 8.00 становяцца пешаходнымі зонамі.
«Рэжым працы і тарыфы ў цэнтральнай частцы горада плануецца перагледзець, рыхтуецца адпаведны праект рашэння Мінгарвыканкама. Гаворка, у прыватнасці, ідзе пра вул. К. Маркса, Камсамольская, Інтэрнацыянальная, якія карыстаюцца попытам кругласутачна. 
Новаўвядзенні дазволяць „разгрузіць“ горад ад машын. Трэба стымуляваць работу грамадскага транспарту, наводзіць парадак, каб вадзіцелі выбіралі варыянт не ехаць у цэнтр, а пакідаць машыну на паркоўцы каля метро, каля дома», — растлумачыў Міхаіл Філіпаў.

Таксама ён расказаў, што ў сталіцы з’явяцца новыя закрытыя паркоўкі. Іх плануецца абсталёўваць на вул. Бабруйскай, Мяснікова, Няміга, Даўгабродская. Мяркуецца ўвесці на такія пляцоўкі абанементы. Цяпер такі варыянт можна абраць толькі пры стаянцы на адкрытай пляцоўцы. Будзе прадугледжаны і начны тарыф. У прыватнасці, ён актуальны для паркоўкі на вул. Кірава, 8. Яна ў дзённы час запоўнена, а ў начны — пустуе. Жыхароў, магчыма, зацікавіць варыянт пакінуць транспарт тут, а не ў двары.

паркоўка3.jpeg

Калі ўступаюць у сілу новыя нормы

Указам нумар 218 удакладняюцца ўмовы арганізацыі і ўтрымання аўтапарковак, за карыстанне якімі будзе спаганяцца плата. Выключаецца абавязковая ўмова па абсталяванні платных парковак прыладамі па ўліку часу і разліку платы, а таксама тэхнічнымі сродкамі, якія перашкаджаюць выезду транспартнага сродку з паркоўкі ў выпадку неўнясення платы.

Вызначаюцца катэгорыі транспартных сродкаў, плата за паркоўку якіх не спаганяецца. Да іх аднесены ТС аператыўнага прызначэння, а таксама выкарыстоўваюцца ў мэтах забеспячэння абараназдольнасці, правапарадку, ліквідацыі надзвычайных сітуацый, аказання медыцынскай дапамогі (у тым ліку хуткай меддапамогі), нацыянальнага аператара паштовай сувязі і іншыя.

Аўтамабільныя паркоўкі, размешчаныя на рынках, ля гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння, застаюцца бясплатнымі. 
Нормы ўказа ў частцы ўвядзення новага парадку работы аўтапарковак і стаянак уступаюць у сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю