Сёння галіна сельскай гаспадаркі ў ліку асноўных спажыўцоў ноу-хау. Ва ўмовах навукова-тэхнічнай канкурэнцыі і кліматычных выклікаў рухацца наперад без навукі немагчыма: неабходны новыя распрацоўкі і механізмы іх укаранення ў практыку ў галіне сельгасабсталявання і сродкаў абароны раслін, біятэхналогій і геннага мадэлявання, рэсурсазберажэння і лічбавых інтэлектуальных тэхналогій. Усё гэта дазваляе павялічыць ураджайнасць і дамагчыся сучаснага ўзроўню якасці прадуктаў харчавання.
У нашай краіне ўдасканаленне сельскагаспадарчых тэхналогій з апорай на навуку — сярод прыярытэтных кірункаў развіцця, і гэта дае вынікі, падкрэслілі прадстаўнікі НАН Беларусі.
80/20: вытрымаць прапорцыю
— У 2023 годзе падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую і Гродзенскую вобласці кіраўнік дзяржавы паставіў задачу беларускай навуцы, у прыватнасці селекцыянерам, забяспечыць засяванне не менш чым 80 % пасяўных плошчаў сартамі айчыннай селекцыі і 20 % — замежнай, — адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве, доктар сельскагаспадарчых навук Эрома Урбан. — Мы адаптаваліся ва ўмовах зменлівага клімату і сёння ствараем сарты новага пакалення, устойлівыя да засухі, іншых неспрыяльных умоў надвор’я. Для гэтага практыкуем новыя біятэхналагічныя метады, выкарыстоўваем матэрыял, прыстасаваны да змены тэмпературных і пагодных умоў.
У 2024–2025 гадах у Дзяржаўны рэестр сартоў сельскагаспадарчых раслін уключана 35 новых сартоў збожжавых, зернебабовых і кармавых культур айчыннай селекцыі, канкрэтызаваў вучоны. У цэлым, створаныя ў НПЦ па земляробстве сарты ўжо займаюць каля 70 % пасяўных плошчаў Беларусі, а па асобных культурах (азімае жыта, яравая пшаніца, ячмень і грэчка) — больш за 90 %. Такім чынам, выкананне задачы (80/20) — пытанне часу, прычым не самага далёкага, перакананы навукоўцы.
Сёння беларускія селекцыянеры перадалі на сортавыпрабаванне яшчэ 27 сартоў збожжавых.
У цэлым, прадукцыйнасць пшаніцы, жыта, трыцікале беларускай селекцыі перавышае 100 ц/га. На ўзроўні 50–60 ц/га — прадукцыйнасць беларускага рапсу, а ўраджайнасць ільнотрасты беларускага лёну-даўгунцу — 46–55 ц/га, звярнуў увагу доктар навук.
— Створаны гібрыды цукровых буракоў, ураджайнасць якіх даходзіць да 750 ц/га, і гібрыды кукурузы з прадукцыйнасцю 140–160 ц/га, — дадаў ён. — Такія паказчыкі ўраджайнасці сартоў беларускай селекцыі паспяхова канкурыруюць з найлепшымі замежнымі ўзорамі. Напрыклад, за апошнія тры гады ў рэестр уключылі сем новых сартоў азімай пшаніцы і тры сарты яравой. Ураджайнасць аднаго з гэтых патэнцыяльна прадукцыйных сартоў азімай пшаніцы, які сёння актыўна ўкараняецца ў сельгасвытворчасць, даходзіць да 122 ц/га. Усе беларускія сарты азімай і яравой пшаніцы вызначаны як каштоўныя па якасці. Іх можна выкарыстоўваць як для хлебапячэння, так і для макаронных вырабаў без дадання сартоў так званай моцнай пшаніцы. Актывізавалі мы апошнім часам навуковую працу па стварэнні гібрыдаў азімага жыта.
Гібрыд жыта айчыннай селекцыі «Белгім» (2022 год) ужо шырока вырошчваецца ў краіне, а два новыя гібрыды гэтай культуры — «Рэзон» і «Батлейка» — сёння на сортавыпрабаванні.
«Другі хлеб» і новы смак агародніны
Па выніках дзяржсортавыпрабаванняў, у апошнія чатыры гады ў Беларусі дапушчана ў вытворчасць 11 новых сартоў бульбы — яны ўстойлівыя да шкоднікаў і маюць патэнцыяльную ўраджайнасць на ўзроўні 60–70 тон з гектара, расказаў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Андрэй Чайкоўскі. А ў цэлым, у бульбяных пасадках штогод сарты айчыннай селекцыі займаюць 50–55 %. Для параўнання:
у пасадках яблынь і груш гэта доля — каля 80 %, а ў агароднінных — прыблізна 20 %, адзначыў навуковец. У гэтым кірунку беларускімі селекцыянерамі вядзецца планамерная работа, скіраваная на пашырэнне асартыменту агароднінных культур.
— Так, па стане на гэты год Дзяржрэестр папоўніўся 102 сартамі і 37 гібрыдамі 34 агароднінных культур для прафесійнага агародніцтва, — падкрэсліў Андрэй Чайкоўскі. — Створана 26 сартоў і гібрыдаў таматаў: ад дробнаплодных да буйнаплодных, розных афарбовак і смакаў, для вырошчвання ў адкрытым грунце і ў цяпліцах. З’явіліся таксама 15 новых сартоў і гібрыдаў агурка. Асноўная стаўка зроблена на грунтавыя, пчолаапыляльныя разнавіднасці ўніверсальнага прызначэння. Маюцца і сарты для вытворчасці карнішонаў. Распрацавана лінейка сартоў і гібрыдаў белакачаннай капусты — 19 найменняў усіх груп спеласці: ад ультраранняй да позняй, што робіць магчымым канвеернае спажыванне.
У актыве беларускіх селекцыянераў — дзевяць сартоў рэпчатай цыбулі (форма і колер цыбулін розныя, але ўсе яны адрозніваюцца добрай лёжкасцю), шэсць сартоў буракоў, пяць — морквы.
— Сёння ў вытворчасці асвойваецца тэхналогія захоўвання насеннай і харчовай бульбы з выкарыстаннем абсталявання пятага тэхналагічнага ўкладу, — сказаў прадстаўнік НПЦ па бульбаводстве і плодаагародніцтве. — Апрабоўваецца таксама тэхналогія вырошчвання харчовай фасолі.
Ласункі ў радасць
Што датычыцца распрацовак у галіне костачкавых і ягадных культур, ёсць што паказаць селекцыянерам і тут. Сярод дасягненняў апошніх гадоў — беларускія сарты персіка «Лойка», рэмантантнай маліны «Вераснёвая», ляшчыны «Лал», «Яшма», «Аркадзь», глогу «Сваяк».
Навукоўцы ацанілі патэнцыял для перапрацоўчай прамысловасці асартыменту слівы, вінаграду, садовых суніц: распрацаваны рэкамендацыі па падборы сартоў для вырабу чарнасліву, разынак і вяленых суніц, паведаміў Андрэй Чайкоўскі.
— Вяленыя суніцы — новы для Беларусі прадукт, які можа вырабляцца з айчыннай сыравіны. Ласунак мае высокія смакавыя якасці, адрозніваецца нізкім утрыманнем цукру і цалкам захоўвае водар свежых ягад, — падкрэсліў ён. — Каб павысіць канкурэнтны ўзровень беларускай прадукцыі ў галіне пладаводства, спецыялісты нашага цэнтра таксама распрацавалі тэхналагічныя рэгламенты інтэнсіўнага вырошчвання камерцыйных сартоў яблыні і грушы, вытворчасці дэсертных ягад рэмантантных малін ва ўмовах адкрытага грунту, мікракланальнага размнажэння бружмелю і абляпіхі.
Адна з унікальных распрацовак беларускай навукі апошніх гадоў, якую з гонарам прэзентуюць селекцыянеры, — першы айчынны сорт цёмна-сіняга вінаграду тэхнічнага прызначэння «Ларэд». Мяркуецца, што ён стане пачаткам беларускага вінаграднага вінаробства: навуковае дасягненне дапаможа выпускаць у нашай краіне натуральныя сухія вінаградныя віны з уласнай сыравіны.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
У тэму
Да сяўбы гатовы
Сучасныя падыходы ў сельскай гаспадарцы патрабуюць укаранення агранамічна абгрунтаванай сістэмы землекарыстання, павышэння эфектыўнасці выкарыстання раллі і захавання глебавай урадлівасці. І тут праца беларускіх навукоўцаў накіраваная на імпартазамяшчэнне.
Новае пакаленне айчынных шматкорпусных абаротных плугоў для ўзворвання глеб па эксплуатацыйных паказчыках не саступае замежным аналагам. Не забытыя і фермеры.
— Калі шматкорпусныя абаротныя плугі больш эфектыўныя на вялікіх плошчах, то для фермерскіх гаспадарак і апрацоўкі мелкаконтурных палёў актуальна выкарыстанне навяснога абаротнага шыракакорпуснага плуга. Гэта яшчэ адна наша навуковая распрацоўка, — расказаў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Мікалай Бакач. — У Беларусі распрацавана практычна ўся лінейка плугоў, у тым ліку пад загрузку ўсіх відаў трактароў, якія ўжываюцца ў краіне, — дадаў ён.
Сёння новае абсталяванне запускаецца ў вытворчасць у дзвюх мадыфікацыях — для глеб, не засмечаных камянямі, і з гідраўлічнай абаронай для засмечаных камянямі глеб. Сумесная распрацоўка НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі і ТАА «Біяком тэхналогія», якая сёння блізкая да фіналу, — глебаапрацоўчыя модульныя агрэгаты для трактароў магутнасцю 400–450 конскіх сіл.
— Тэхніка ўяўляе сабой паўнаважкую машыну, на якой паслядоўна ўстаноўлены тры глебаапрацоўчыя модулі: здрабняльны, рыхлільны і выраўнівальны, — растлумачыў Мікалай Бакач. — За адзін падыход агрэгат дазваляе ўзараць глебу на глыбіню да 40 см і падрыхтаваць яе пад пасеў сельскагаспадарчых культур.
Малако ад чырвоных кароў
Селекцыя малочнай жывёлы ў першую чаргу накіравана на павышэнне прадукцыйнасці кароў пры скарачэнні выдаткаў на вытворчасць малака, адзначаюць навукоўцы. Але не менш важны фактар — якасць малака. Высокае ўтрыманне ў ім бялку і тлушчу сёння найважнейшы крытэрый для селекцыянераў.
Селекцыйная работа па стварэнні беларускай пароды «чырвоных кароў» вядзецца ва ўзаемадзеянні з племянной службай краіны, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Аляксандр Будзевіч. Малако гэтых кароў — высокабялковы прадукт, і гэтым яно асабліва каштоўнае, патлумачыў навуковец. Дарэчы, менавіта такое малако неабходна, у прыватнасці, для вытворчасці сыроў, у тым ліку дарагіх сартоў гэтага прадукту.
— Матачнае пагалоўе прадстаўлена сёння дастатковай колькасцю нашчадкаў, аптымізавана колькасць вытворцаў, — канкрэтызаваў навуковец. — Мы правялі аналіз племянной каштоўнасці вытворцаў чырвоных малочных парод і распрацавалі рэкамендацыі па індывідуальным і індывідуальна-групавым падборы іх да матачнага пагалоўя. Таксама распрацаваны селекцыйна-генетычныя прыёмы ўдасканалення чырвонай малочнай жывёлы пры чыстапародным развядзенні і скрыжаванні.
У цэлым, у супрацоўніцтве з «Белплемжыўаб’яднаннем», аграрнымі прадпрыемствамі і профільнымі ВНУ краіны НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі праводзіць даследаванні па многіх кірунках. У прыярытэце акрамя стварэння беларускай чырвонай пароды буйной рагатай жывёлы таксама свінагадоўля.