Top.Mail.Ru

Якія новыя стандарты з'явяцца ў Беларусі сёлета?

У 2025 годзе ў Беларусі будуць распрацаваны 326 стандартаў (у тым ліку 130 ДАСТ) і змяненняў да дзеючых стандартаў у розных галінах эканомікі і сацыяльнага сектара — у прыватнасці ў галіне беспілотных транспартных сродкаў, лёгкай і харчовай прамысловасці.


План дзяржаўнай стандартызацыі на гэты год прадугледжвае работы па 841 тэме. Новыя стандарты і змяненні да ўжо дзеючых з’явяцца ў сферах забеспячэння адзінства вымярэнняў, будаўнічых матэрыялаў, сістэм менеджменту і г. д. Запланаваны распрацоўкі для рэалізацыі праграмы «Якасць 2021–2025», Мэт устойлівага развіцця, дзяржаўных праграм па развіцці электратранспарту, сацыяльнай абароне, у галіне тавараў і паслуг для дзяцей, у сферы турызму і забеспячэння даступнага асяроддзя. 67 ДАСТ будуць распрацаваны да тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС, а праверка навукова-тэхнічнага ўзроўню закране 513 дзяржаўных стандартаў. Такія перспектывы былі агучаны на выніковай калегіі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Сучасныя глабальныя эканамічныя і сацыяльныя змены ставяць перад нашай краінай новыя задачы, якія не могуць быць вырашаны без новых тэхналогій, стварэння інавацыйнай эканомікі. І грамадству патрэбна сучасная нацыянальная інфраструктура якасці, якая ўключае інструменты апераджальнай стандартызацыі, забеспячэнне адзінства вымярэнняў, лічбавізацыі і сістэмнага менеджменту, адзначалася на калегіі. Неабходна стратэгія развіцця такіх кірункаў, як стандартызацыя, акрэдытацыя, ацэнка адпаведнасці, метралогія і міжнароднае супрацоўніцтва. Гэтыя кірункі знайшлі адлюстраванне ў праекце стратэгіі Дзяржстандарта да 2029 года, які распрацаваны і ў найбліжэйшы час будзе накіраваны на ўзгадненне.

Планы на пяцігодку

— Год якасці быў знакавым для сістэмы Дзяржстандарта, — падкрэсліла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена Маргунова. — Мы з’яўляліся куратарамі рэспубліканскага плана па рэалізацыі ўсіх мерапрыемстваў Года якасці. Упершыню ў 2024 годзе быў зацверджаны Знак якасці. Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі праводзіў усю метадычную і кансультатыўную работу па выбары тых вытворцаў, якія ў выніку ўдастоены Знака якасці на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Гэта 17 нашых флагманаў, і работу па праверцы дакладнасці ўсіх матэрыялаў праводзіў сакратарыят, арганізаваны на базе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. У рамках пяцігодкі якасці былі праведзены ўсе неабходныя падрыхтоўчыя работы, — адзначыла кіраўнік ведамства.

Стандартызацыя — падмурак выканання якасных паказчыкаў. Гэта метралагічнае забеспячэнне сістэмы Дзяржстандарта, акрэдытацыя выпрабавальных лабараторый, удасканаленне выпрабавальнай базы — усе гэтыя пытанні звязаны з ацэнкай адпаведнасці ў рамках нарматыўна-прававых дакументаў. 

Наступны конкурс ужо абвешчаны, анансавала Алена Маргунова. Да 1 красавіка прадпрыемствы падаюць заяўкі на прысваенне Дзяржаўнага знака якасці ў аблвыканкамы і Мінгарвыканкам, якія праводзяць першасную ацэнку і адпраўляюць іх у сакратарыят конкурсу.

— Крытэрыі прысваення Знака якасці ўдакладніліся, сталі больш жорсткімі і на сёння дакладна прапісаны, — падкрэсліла старшыня Дзяржстандарта.

Гаворачы пра Год і пяцігодку якасці, кіраўнік Дзяржстандарта адзначыла кірункі дзейнасці, якія складаюць аснову нацыянальнай інфраструктуры якасці. Гэта, перш за ўсё, тэхнічнае нарміраванне і стандартызацыя. У 2024 годзе праводзіліся работы па распрацоўцы змяненняў да васьмі тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС па бяспецы ўпакоўкі, цацак, парфумерна-касметычнай прадукцыі, машын і абсталявання, маркіроўкі харчовай прадукцыі, змазачных маслаў, абмежаванні прымянення небяспечных рэчываў у электратэхніцы, энергетычнай эфектыўнасці. Два змяненні прынятыя па выніках года, астатнія пакуль — на розных стадыях распрацоўкі.

Геаграфія супрацоўніцтва

Сёлета вялікую ўвагу плануецца ўдзяліць работам у рамках ЕАЭС, адзначалася на калегіі Дзяржстандарта. У прыватнасці, выкананню Комплексу мер па рэалізацыі праграмы старшынства Рэспублікі Беларусь у ЕАЭС. Дзяржстандартам прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне поўнага комплексу тэхнічных патрабаванняў да прадукцыі з задзейнічаннем Савета кіраўнікоў нацыянальных органаў па стандартызацыі дзяржаў — членаў ЕАЭС.

— У гэтай сувязі ў нас шмат планаў і ініцыятыў, — канкрэтызавала Алена Маргунова. — У першую чаргу гэта ўкараненне лічбавізацыі ва ўсе нарматыўныя дакументы, а таксама лічбавізацыя ўсіх працэсаў. Гэта апераджальная сучасная стандартызацыя прадуктаў і тавараў на іншыя рынкі, перш за ўсё далёкай дугі: вядзецца распрацоўка стандартаў, якія запатрабаваны на гэтых рынках. Гэта кірункі работы, звязаныя са штучным інтэлектам: распрацоўка стандартаў для фарміравання абароны ў пытаннях, звязаных з ШІ.

У рамках супрацоўніцтва з РФ прыняты шэраг дакументаў, мемарандумаў, дарожных карт, распавяла кіраўнік Дзяржстандарта.

— У нас будуць агульныя інфармацыйныя сістэмы, гэта важна для вытворцаў. Вядзецца распрацоўка адзіных стандартаў Саюзнай дзяржавы, — дадала яна. Пашырылася ў 2024 годзе геаграфія супрацоўніцтва Дзяржстандарта. У прыярытэце — краіны Блізкага Усходу і Азіі (Аман, Катар, Інданезія, Пакістан, В’етнам).

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю