Top.Mail.Ru

Якія новыя зоны адпачынку адкрыліся ў сталіцы?

У Мінску па добрай традыцыі штогод адкрываюцца зоны адпачынку — да Дня Незалежнасці і да Дня горада ў кожным раёне сталіцы. Карэспандэнт «Звязды» далучылася да агляду гэтых лакацый, які зладзіла кіраўніцтва Мінгарвыканкама, і даведалася падрабязнасці.


Фрунзенскі раён

Першы прыпынак па маршруце — лесапарк «Мядзвежына». Тут у гонар 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне заклалі «Алею Герояў СССР», імёнамі якіх названы вуліцы гэтага раёна. Зона адпачынку аформлена ў ваеннай тэматыцы, устаноўлены малыя архітэктурныя формы, пасаджаны дрэвы, кусты і кветкі.

Дырэктар УП «Зелянбуд Фрунзенскага раёна» Алеся Савіч расказала, што такія зоны адпачынку запатрабаваныя, таму што не ўсе мінчане маюць магчымасць выязджаць адпачываць на прыроду: «Яны становяцца месцам прыцягнення гараджан. Галоўным элементам дадзенай зоны адпачынку з’яўляюцца стэнды з інфармацыяй пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Такім чынам можна азнаёміцца з абаронцамі, у гонар якіх названыя вуліцы Фрунзенскага раёна».

Маскоўскі раён

Наступная лакацыя — аўтарскі праект «Сад вершаў» — пераможца конкурсу праектаў «Мінскай змены» 2024 года. Тэрыторыя жывапісная і нібыта неабсяжная: на ёй размясціліся лаўкі ў выглядзе кніг, круглыя лаўкі, асвятляльныя мачты на сонечных батарэях, стэнды з выявамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, а таксама з урыўкамі з іх твораў. Акрамя таго, у наяўнасці гульнявы і спартыўны комплексы.

7_5.jpg

7_9.jpg

7_10.jpg

Адзін з аўтараў гэтага праекта Ангеліна Русак адзначыла, што канкурэнцыя была сур’ёзнай: «Мы збіралі інфармацыю і па рэльефе, і па камунікацыях, пыталіся ў мясцовых жыхароў, што б ім хацелася прыўнесці ў гэту тэрыторыю. Камусьці не хапала дзіцячых пляцовак, камусьці — месца для ціхага адпачынку. Канцэптам вырашылі зрабіць беларускія вершы, таму што гэта наша культура, гісторыя, якую павінны ведаць і цяперашняя моладзь, і будучая».

Кастрычніцкі раён

У мікрараёне «Сокал» цяпер існуе ўласны «Ледніковы перыяд». Такую назву носіць новая экасцежка. У мясцовых жыхароў і гасцей з’явілася цудоўная магчымасць адчуць сябе героямі мультфільма: тут вам і прадстаўнікі дзікай прыроды — напрыклад, вечна незадаволены мамант Манфрэд, і драўляныя арэшкі, а яшчэ арэлі, пясочніцы і шмат чаго цікавага...

7_2.jpg

7_3.jpg

Заводскі раён

Тут цяпер функцыянуе другая частка экасцежкі «Шышкі». Мясцовыя жыхары звярталіся з просьбай аб яе падаўжэнні, а таксама добраўпарадкаванні зялёных зон. Пачалі з навядзення парадку, прыборкі і пакосу тэрыторыі. Усталявалі сучасную сістэму асвятлення, апоры з энергазберагальнымі свяцільнікамі. Уваходную групу з назвай выканалі з дрэва, яна змяшчае пазнавальную інфармацыю аб шышках, іх відах, ролі ў прыродзе і выкарыстанні чалавекам. Па ўсім маршруце размешчаны стэнды з інфармацыяй аб флоры і фаўне лясных зон сталіцы. Паклапаціліся і пра птушак — усталявалі кармушкі. Усё гэта ў комплексе стварае ўтульную атмасферу для адпачынку і назірання за прыродай. А дзеткам асабліва падабаецца лабірынт з выявамі лясных жывёл і гульнявы комплекс.

Ленінскі раён

У гэтым раёне сталіцы наведалі добраўпарадкаваны сквер Амара Хаяма. Кампактная зона адпачынку, якая займае плошчу 4,6 гектара, размешчана ў межах вуліц Ванеева, Алега Кашавога і праспекта Партызанскага. Нашу ўвагу прыкавалі арэлі-гнёзды пад навесам. А для аматараў спорту ёсць варкаўт-пляцоўка, дзе можна рабіць практыкаванні на ўсе групы мышцаў. Для прыхільнікаў спакойнага адпачынку і рэлаксу — від на водную роўнядзь.

7_4.jpg

Партызанскі раён

Тут усталявалі «Алею маладых». У межах Года добраўпарадкавання былі адрамантаваны пешаходныя сувязі, абноўлена ўваходная група, устаноўлены дэкаратыўныя ліхтары-кветачніцы. Гэта зона адпачынку для тых, хто не ведае, дзе правесці выязную рэгістрацыю шлюбу, або хто проста хоча палюбавацца цудоўнымі відамі.

Першамайскі раён

Тут функцыянуе «Сцежка натхнення» — не проста маршрут, а цэлая філасофія, якая заклікае да беражлівых адносін да прыроды і яе рэсурсаў. Сцежка праходзіць уздоўж маляўнічай воднай роўнядзі, прапаноўвае гараджанам атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды і натхніцца яе гармоніяй. Яна створана для тых, хто хоча адпачыць ад гарадской мітусні і паглыбіцца ў атмасферу спакою.

7_6.jpg

7_8.jpg

Савецкі раён

Новая зона адпачынку «Гармонія і горад» знаходзіцца на скрыжаванні вуліцы Цнянскай і завулка Якуба Коласа. Жыхары найбліжэйшых дамоў даўно прасілі ўладкаваць ціхі куток для прагулак, таму ў гарадскім асяроддзі цяпер ёсць месца, дзе можна атрымаць асалоду ад прыроды і правесці час з карысцю для здароўя. Тут бачым і ўнікальныя лаўкі — сапраўдныя арт-аб’екты, якія адлюстроўваюць знакавыя месцы сталіцы: Нацыянальную бібліятэку, манумент Перамогі, архітэктурны ансамбль «Вароты Мінска». Мясцовыя ўлады паклапаціліся і пра тое, каб мінчане маглі бавіць час на свежым паветры з карысцю. У зоне адпачынку таксама ўстаноўлены трэнажоры, тэнісныя сталы і ёсць невялікі стадыён для аматараў футбола.

Цэнтральны раён

Экалагічная сцежка «Акно ў прыроду», размешчаная ўздоўж набярэжнай ракі Свіслач па вуліцы Нававіленскай, уяўляе сабой добраўпарадкаваную тэрыторыю для прагулак і адпачынку. Яна ўключае ў сябе розныя элементы, такія як арэлі, альтанкі, драўляныя фігуры, сонечны гадзіннік, лежакі, а таксама спартыўныя пляцоўкі. Уздоўж сцежкі таксама ёсць зона для пікніка з вогнішчам. Сёлета гэта зона адпачынку атрымала свой працяг.

7_7.jpg

Бачна, што сталіца з кожным годам прыгажэе. Усе зоны адпачынку розныя, але па-свойму цікавыя. Сімвалічна, што яны адкрыліся ў Год добраўпарадкавання — дзевяць экасцежак, якія так падабаюцца і дзецям, і дарослым.

IMG_4278.jpg

IMG_4557.jpg

IMG_4566.jpg

IMG_4717.jpg

Яна ВАЛАСАЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Даслоўна

Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля Качанава ў гутарцы з журналістамі адзначыла, што дэпутаты і адміністрацыя сталіцы актыўна працуюць над стварэннем новых зон адпачынку для грамадзян: «На сёння ў Мінску ўжо ўведзены ў эксплуатацыю 73 такія зоны. Традыцыйна летам нас запрашаюць, і я як упаўнаважаны Прэзідэнта ў горадзе Мінску выязджаю паглядзець, што зрабілі разам жыхары, дэпутацкі корпус і ўлады горада. Мы бачым, што вынікі цудоўныя. Самае галоўнае, што гэта робіцца для людзей».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю