Top.Mail.Ru

Якія пасылы знойдзем у чэрвеньскім нумары «Алесі»

Вышэй, цішэй або ярчэй?


Зусім хутка ў продажы з’явіцца свежы нумар часопіса «Алеся». Рыхтуючы яго з улікам лета на календары і думкамі, што для многіх гэта час адпачынку, мы зноў стварылі інфармацыйны кактэйль з карысных і цікавых матэрыялаў. З іх чытачы даведаюцца аб сакрэтах поспеху прафесіяналаў і аматараў сваёй справы, адкрыюць для сябе адметныя сюжэты чалавечых лёсаў і выведуць уласныя формулы непаўторнага стылю.

«Усяму патрэбен час»

Гэтую думку ў размове з пісьменніцай, ваенным журналістам, тэлевядучай і аўтарам дакументальных фільмаў Ганнай Літаш можна лічыць скразной, і яна дае прастору для роздумаў. Таксама наша гераіня распавядае, як можна дасягаць вялікіх мэт, працаваць над сабой і, галоўнае, знаходзіць у новым і нязведаным пункты развіцця і росту. 

Вулканічная жарсць

Яе сакрэт знойдзеце пры знаёмстве з гераіняй рубрыкі «Адна на мільён» мінчанкай Анастасіяй Лапко і яе мужам Канстанцінам. Дзесяць гадоў таму яны кінулі выклік самім сябе і паставілі мэту — скарыць сем самых высокіх вулканаў на сямі кантынентах нашай планеты. Аб тым, як жанчына, якая некалі не сябравала са спортам, не пабаялася зрабіць крок насустрач прыгодам, што дапамагло скараць вышыні і якія ўражанні набываліся на шляху да здзяйснення задуманага, даведалася наш карэспандэнт. 

Сакрэтныя коды вопраткі

Іх ведае майстар народных мастацкіх рамёстваў філіяла «Акцябрскі раённы дом рамёстваў» ДУК «Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна» Тамара Станіслаўчык. Як адкрыла для сябе яна гэтую тэму, якім чынам спасцігала майстэрства старажытнай вышыўкі і дзе можна ўбачыць захаваныя ўзоры мастацкай творчасці — пра гэта чытайце ў нашым матэрыяле. 

Энергія стварэння

Як уплывае яна на сямейнае шчасце, ці здольная дапамагчы ў выбары будучай прафесіі і ў якіх маштабах можна яе распаўсюджваць — пра гэта распавядае герой рубрыкі «Шукайце мужчыну», начальнік Воранаўскага раёна электрычных сетак філіяла «Лідскія электрычныя сеткі» РУП «Гроднаэнерга» Аляксандр Казлоўскі. Напрыклад, ён адзначае: «Калі працаваць добрасумленна, то ўсюды можна жыць добра. На гістарычнай радзіме чалавек іначай адносіцца да сваёй справы, чым на чужыне. Калі цябе бачаць і ацэньваюць родныя, сябры, тыя, каго ведаеш з дзяцінства, стараешся працаваць так, каб не даводзілася чырванець». 

Захаваць суставы здаровымі

У гэтым дапамогуць парады з матэрыялу ў рубрыцы «Здароўе». Хто ў групе рызыкі, якія суставы трапляюць пад удар часцей за ўсё і чаму так важна не прапусціць першыя сігналы хваробы, расказвае ўрач — траўматолаг-артапед Сяргей Паўловіч. 

Выбіраем жыццё

Такі пасыл мае наш новы аднайменны спецпраект. У цыкле артыкулаў псіхолаг Алена Шаўчэнка будзе расказваць, як бацькам дапамагчы свайму дзіцяці, калі раптам яно апынулася «на мяжы». Так, гэтым разам разбіраемся, як разгледзець намер на суіцыд і дапамагчы справіцца з крызіснай сітуацыяй у жыцці, каб не здарылася непапраўнае. 

Шэпт лесу, улоў сезона...

Не, мы не разважаем пра варыянты адпачынку, а раім звярнуць увагу на рубрыкі «Люстэрка» і «Акцэнты», «Стыль» і інш. З іх дапамогай знаёмім вас з найноўшымі моднымі тэндэнцыямі і апошнімі трэндамі з подыумаў. А далей — кожная наша чытачка сама выбірае, як адаптаваць іх у свой вобраз.

Алена ВАСІЛЬЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю