З году ў год паўночная сталіца Беларусі прырастае новымі аб’ектамі, імкнучыся павысіць якасць жыцця гараджан. Сёлетні год не стане выключэннем.
Яшчэ адзін дзіцячы сад з’явіцца ў густанаселеным мікрараёне Білева-3. Гэты аб’ект стане вынікам сумеснага інвестыцыйнага праекта Віцебска і славенскай будаўнічай кампаніі.
На вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў нарэшце будзе адкрыты лазнева-аздараўленчы комплекс агульнай плошчай 4,5 тысячы квадратных метраў. Там плануюць аказваць шырокі спектр аздараўленчых паслуг, якія дазволяць віцябчанам і гасцям горада прытрымлівацца актыўнага ладу жыцця і клапаціцца аб сваім здароўі. На першым паверсе комплексу размесцяцца руская лазня, фінская саўна, турэцкі хамам і пакоі адпачынку, другі паверх будзе адведзены пад фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з вялікай трэнажорнай залай. Асобнае памяшканне ўладкуюць пад групавыя трэніроўкі, на другім паверсе таксама будуць размешчаны кабінеты масажу, касметычныя салоны.
У гістарычным цэнтры горада на Дзвіне адновіцца рэканструкцыя былога манастыра базіліян, дзе размесціцца дзіцячая мастацкая школа. Пазітыўныя змены закрануць і Парк чыгуначнікаў, у гараджан рознага ўзросту з’явяцца новыя магчымасці для адпачынку на свежым паветры.
У сферы будаўніцтва акцэнт сёлета будзе зроблены на развіцці інфраструктуры віцебскага мікрараёна Тарны, дзе плануюць узвесці сем шматпавярховых жылых дамоў. У сувязі з тым што новыя мікрараёны горада актыўна засяляюцца, ААТ «Віцебскаблаўтатранс» абнаўляе і пашырае парк тэхнікі.
Праз некалькі гадоў на месцы некалькіх карпусоў завода «Віцязь», якія не выкарыстоўваюцца, з’явіцца маштабны аквапарк. Ідэя аб яго стварэнні нарадзілася восенню мінулага года. Цяпер поўным ходам вядуцца дэмантажныя работы ў будынках, выкупленых інвестарам. На аб’екце, які плануюць зрабіць сапраўдным акватэрмальным комплексам, акрамя шматлікіх атракцыёнаў, будуць працаваць сучасны фітнес-цэнтр, рэстаран і гасцініца, што дазволіць гасцям горада атрымаць усе віды паслуг у адным месцы і адпачыць з камфортам.
Сёлета сур’ёзна зменіцца і парк 1000-годдзя Віцебска, дзе запланаваны маштабныя работы па добраўпарадкаванні і азеляненні. Плануецца адкрыццё Плошчы сцяга і герба ў паўночнай частцы парку. На аб’екце ўжо ўстанавілі 69-метровы флагшток і святлодыёдныя экраны. На ім будзе ўзняты Дзяржаўны сцяг памерам амаль 100 квадратных метраў.
Фота «Витебские вести»