Беларусь валодае вялікімі магутнасцямі па вытворчасці драўняных паліўных гранул, так званых пелет. Іх вытворчасць і выкарыстанне знаходзяцца на жорсткім кантролі кіраўніка дзяржавы. Днямі падчас фарміравання новага складу ўрада, кажучы пра дзейнасць Беллеспаперпрама, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу старшыні канцэрна, што для работы ёсць усё, трэба толькі дзейнічаць. «Мы дамовіліся: пелеты і яшчэ раз пелеты — гэта паліва. Мы разбэсціліся зусім: танны прыродны газ, таму дровы і іншае нам не трэба». Гэты адносна новы від паліва мае сур’ёзныя перавагі, падзяліўся дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталь Крэцкі.
Напрыклад, высокая шчыльнасць такога паліва, за кошт чаго пелеты зручна перавозіць і захоўваць. Акрамя таго, высокая цеплатворная здольнасць, якая ледзь ці не раўняе іх з газам, але галоўнае — кошт. Унутры краіны кошт драўняных паліўных гранул у разы ніжэйшы, чым таго ж прыроднага газу.
Сёння для арганізацый камунальнай формы ўласнасці Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Міністэрства энергетыкі, устаноўлена зніжаная цана на пелеты. І складае яна цяпер 160 рублёў за тону.
А вось для насельніцтва цана за аналагічны аб’ём гэтага драўнянага паліва сфарміравана на ўзроўні 50 рублёў за тону. Акрамя таго, з красавіка мінулага года катлы і гарэлкі беларускай вытворчасці, якія працуюць на пелетах, насельніцтва можа купляць на льготных умовах з атрыманнем спецыяльных крэдытаў пад 4 % гадавых. Таксама ў снежні мінулага года быў падпісаны ўказ, які прадугледжвае кампенсацыю грамадзянам да 40 % кошту кацельнага абсталявання для спальвання пелет.
Віталь Крэцкі асобна адзначыў, што на домаўладанне, як правіла, хапае тры тоны пелет на ўвесь ацяпляльны перыяд, гэта значыць, у 150 рублёў абыдзецца ацяпленне дома плошчай 100 квадратных метраў на працягу зімы.
«Такія ўмовы рэдкія. Прыродны газ каштуе даражэй, электраэнергія — таксама, — пракаментаваў эксперт. — Да таго ж, каб паставіць кацёл на пелетах, не трэба складаць праект. Так, рэгіструецца павышаны попыт на электраацяпленне. Аднак важна разумець: каб падаць у аддалены населены пункт электраэнергію для ацяплення, трэба мадэрнізаваць электрасеткавую інфраструктуру. У выпадку невялікай шчыльнасці прыватных дамоў гэта эканамічна немэтазгодна».
Дырэктар дэпартамента падкрэсліў, што ўнутраны рынак спажывае пелеты, вырабленыя з адходаў. Па такой тэхналогіі выпускаецца каля 300 тысяч тон паліўных гранул, і кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача ўвесь гэты аб’ём выкарыстоўваць унутры краіны. Пры гэтым за мяжу Беларусь можа пастаўляць не менш за 900 тысяч тон драўнянага паліва.
У пастаўках пелет могуць быць зацікаўлены дружалюбныя нам краіны блізкай дугі, аднак, як заўважыў Віталь Крэцкі, не адмовяць у Беларусі і пакупнікам з далёкага замежжа.
«У мінулым годзе да ўзроўню 2021-га спажыванне пелет у краіне павялічылася ў два разы. Насельніцтва летась выкарыстоўвала для энергаспажывання прыкладна на 370 тон драўняных паліўных гранул больш, чым у 2023 годзе. Як відаць, вынік ёсць, хоць буйных кацельняў на пелетах мы летась не ўводзілі. У асноўным прырост забяспечылі дробныя аб’екты, да 1 МВт. Гаворка ідзе пра школы, дзіцячыя садкі, бальніцы. Што важна, такі кацёл цалкам аўтаматызаваны і кіруецца з тэлефона. Адзін чалавек можа абслужыць да чатырох падобных катлоў», — падсумаваў Віталь Крэцкі.
З улікам пастаўленых задач Дэпартамент па энергаэфектыўнасці на наступных пяцігодках сфарміруе асобную падпраграму, якая стане ўключаць непасрэдна перавод нізкаэфектыўных катлоў на пелеты. У асноўным гэта аб’екты сацыяльнай інфраструктуры магутнасцю да аднаго мегавата. На сёння гэтых аб’ектаў парадку 86.
Працягваецца пошук тых месцаў, дзе спецыялісты могуць такія катлы паставіць. Гэта можа быць школа або бальніца ў вёсцы, дзе сёння жыве мала чалавек і дзе будаваць новую традыцыйную кацельню нявыгадна. Там нашы вытворцы паступаюць абдумана. Яны выпускаюць модульныя кацельні. Прывезлі на колах, паставілі кацельню, нават без падмуркаў практычна. Падводзяць ваду, кацельня працуе. Пасля пры неабходнасці кацельню перавозяць на іншае месца. Такім чынам забяспечваецца інфраструктура.
Сяргей КУРКАЧ
Дарэчы
Разумная «печка»
Спецыяльныя катлы на цвёрдым паліве, у тым ліку на пелетах, вырабляюць у нашай краіне ў Мінску, у Гродне, Гомелі і ў Полацку. У залежнасці ад магутнасці і вытворцы такія катлы каштуюць ад 4 тысяч рублёў (самыя простыя) да 12 тысяч рублёў. Амаль усё гэта абсталяванне прапануецца ў крэдыт па сістэме «Родныя тавары» пад 4 % гадавых на тры гады.
Распальванне і падача пелет адбываецца аўтаматычна. Яшчэ адна асаблівасць у рабоце цвёрдапаліўнага катла — выкарыстанне GSM або Wі-Fі-модуля. Спажывец можа дыстанцыйна кантраляваць абсталяванне і кіраваць ім. Дастаткова мець пад рукой мабільны тэлефон. Пры выкарыстанні пелетных катлоў неабходна раз у 2-4 сутак запоўніць бункер палівам і забыцца пра паходы ў топачную. Кацёл сам усё зробіць.
Пры неабходнасці абсталяванне хутка пераключаецца паміж рознымі відамі паліва. Для гэтага чалавеку неабходна закласці ў топачную камеру дровы або брыкеты. Далей у настройках выбіраецца альтэрнатыўнае паліва. Тэхніка аўтаматычна прыпыняе падачу пелет. Калі паліва згарыць, сістэма зноў уключыць аўтаматыку падачы.
Дадатковым палівам для такіх катлоў служыць вугаль розных сартоў, драўніна і драўняныя матэрыялы, у тым ліку дровы, дранка, пілавінне, брыкетаваныя або грануляваныя драўняныя адходы, адходы сельскагаспадарчых перапрацоўчых вытворчасцяў, раслінныя адходы, збожжа, насенне, кукуруза, торф, у тым ліку фрэзерны і кускавы, брыкеты.
Аднак пелеты для насельніцтва зараз па цане, напэўна, найбольш прывабныя.