Top.Mail.Ru

Якія платныя паслугі змогуць аказваць музеі і бібліятэкі

Пастанова Савета Міністраў ад 7 лістапада 2026 года № 580 «Аб асаблівасцях фарміравання і выкарыстання пазабюджэтных сродкаў» апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелТА.

Дзяржаўным музеям і бібліятэкам прадастаўлена права аказваць платныя паслугі ў сферы культуры па відах дзейнасці, якія прыносяць даходы і адпавядаюць статутным мэтам і прадмету іх дзейнасці, згодна з устаноўленым пералікам. Таксама ім дазволена рэалізоўваць сувенірную прадукцыю, у тым ліку друкаваную, з дапамогай штатных работнікаў, якія ўтрымліваюцца за кошт бюджэтных сродкаў.

У пералік увайшло 19 платных паслуг, у тым ліку дэманстрацыя і афармленне экспазіцый і выстаў, публічны паказ музейных прадметаў, навукова-тэхнічных і дапаможных матэрыялаў, правядзенне экскурсій — у тым ліку з выкарыстаннем аўдыягіда і тэхналогій віртуальнай рэальнасці, — а таксама кансультацый і экспертыз па атрыбуцыі і ацэнцы прадметаў, якія маюць гістарычную і культурную каштоўнасць (акрамя прадметаў, што змяшчаюць каштоўныя металы і каштоўныя камяні). Таксама ў спісе — выраб копій музейных прадметаў і дакументаў з музейных фондаў, падбор, пошук і выдача дакументаў, іх індэксаванне, рамонт і рэстаўрацыя кніг, правядзенне заняткаў у студыях, клубах па інтарэсах і гуртках, арганізацыя вольнага часу дзяцей у дзіцячым (гульнявым) пакоі і іншыя паслугі.

Гэтыя паслугі ўключаны ў пералік тавараў, работ і паслуг, цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі) пры неабходнасці стабілізацыі цэнавай сітуацыі. Пералік устаноўлены пастановай Савета Міністраў ад 4 лютага 2025 года № 69 «Аб рэгуляванні цэн (тарыфаў)».

Дакументам таксама ўрэгуляваны пытанні размеркавання адпаведных грашовых сродкаў для арганізацый культуры, даход ад асноўнай дзейнасці якіх за папярэдні фінансавы год не перавышае 155 тыс. базавых велічынь уключна.

Асноўныя палажэнні пастановы № 580 уступаюць у сілу з 1 студзеня 2027 года.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю