З усталяваннем савецкай улады ў Заходняй Беларусі кіраўніцтва рэспублікі занялося ацэнкай сітуацыі і навядзеннем парадку на месцах. Як пісала «Звязда», Цэнтральны камітэт Кампартыі і ўрад БССР паслалі ў Заходнюю Беларусь звыш 800 партыйных і камсамольскіх работнікаў, звыш 100 газетных, звыш 300 работнікаў народнай асветы, аховы здароўя, фінансаў і гандлю, якія павінны былі дапамагчы наладжваць нармальнае жыццё.
«Асвета не была даступна для шырокіх мас беларускага народу»
Пасля паездкі па Заходняй Беларусі наркам асветы БССР Еўдакія Уралава расказала карэспандэнту «Звязды» аб сваіх уражаннях: «Мы наглядна ўпэўніліся ў выключным заняпадзе народнай асветы ў Заходняй Беларусі. Асвета не была даступна для шырокіх мас беларускага народу... У Ваўкавыскім павеце па даных мясцовай інспектуры школ у сярэдзіне вучэбнага года школы наведвалі толькі 47 працэнтаў вучняў, а к канцу года яшчэ менш... Адна школа абслугоўвае радыус у 10 кілометраў у той час, як у Савецкай Беларусі гэты радыус складае не больш 2-3 кіламетраў». Але дзяцей у той час было каму вучыць — у Заходняй Беларусі ў 1939 годзе па няпоўных даных налічылі каля 6500 беспрацоўных настаўнікаў. Праблемай для многіх сямей было і тое, што дзеці не маглі вучыцца на роднай мове. Не ўсе гатовы былі плаціць за адукацыю: акрамя нятаннага навучання, трэба было набываць падручнікі і сшыткі па высокіх цэнах.
Адразу ж былі намечаны мерапрыемствы па ліквідацыі беспрацоўя сярод настаўніцкай інтэлігенцыі. Яе накіроўвалі ў школы. З магчымасцю даць дзецям бясплатную адукацыю пачала расці колькасць вучняў у існуючых школах, да таго ж ужо ў кастрычніку 1939 года пачалі адкрывацца новыя школы — пад іх выкарыстоўваліся панскія будынкі.
Пасля паездкі на вызваленыя тэрыторыі намеснік наркама аховы здароўя БССР Саул Эпштэйн паведаміў «Звяздзе», што медыцынская дапамога ў Заходняй Беларусі была толькі платнай, прычым даволі дарагой, таму яна недаступна для шырокіх слаёў збяднелага насельніцтва. У гарадах і вёсках шмат хворых на сыпны тыф, туберкулёз, малярыю і г. д. Медыкаменты адпускаюцца толькі за плату, а многіх не дастаць. «Заходняя Беларусь зусім не ведае аб такіх пашыраных у БССР установах, як дзіцячыя кансультацыі, яслі, радзільныя дамы, малочныя кухні, дзіцячыя бальніцы». На працягу трох месяцаў народны камісарыят аховы здароўя БССР планаваў арганізаваць у гарадах і вёсках Заходняй Беларусі 5000 бальнічных ложкаў, 3000 ясельных ложкаў. Адкрыць у гарадах і вёсках 50 новых бальніц, 60 ясляў, 25 амбулаторый. Упершыню ў Заходняй Беларусі намячалася адкрыць дзяржаўны санаторый для адпачынку працоўных на 500 ложкаў. Праз «Звязду» паведамлялася: «Гарады атрымаюць 14 міжраённых санітарных станцый і 10 гарадскіх станцый. 1200 урачоў, у тым ліку 400 зубных урачоў, будуць аказваць амбулаторную дапамогу працоўнаму насельніцтву гарадоў і вёсак. З Мінска адпраўляюцца ў Заходнюю Беларусь карэты хуткай дапамогі, дэзінфекцыйныя камеры, вялікія партыі медыкаментаў».
Ужо ў кастрычніку «Звязда» паведамляе аб тым, як ажыццяўляюцца такія меры. «З далёкіх вёсак хадзілі сяляне ў павятовы горад за лячэбнай дапамогай. У антысанітарных хатніх умовах прыходзілася ўрачу рабіць складаныя аперацыі, прымаць роды. Ва ўсім Маладзечанскім павеце не было ніводнага радзільнага дома, лячэбнага пункта. З першых жа дзён работы часовае ўпраўленне горада занялося наладжваннем справы аховы здароўя працоўных. Створана 8 амбулаторных і лячэбных пунктаў у валасцях. У Маладзечна адкрыўся першы радзільны дом на 30 ложкаў». Ва ўсіх лячэбных установах лячэнне стала бясплатным.
Ад сацыяльнай дапамогі да меліярацыі
У нумары за 12 кастрычніка 1939 года змешчана гутарка карэспандэнта «Звязды» са старшынёй Саўнаркама БССР Кузьмой Кісялёвым, падчас якой разбіраліся тыя пытанні, якія планавалася вырашаць у найбліжэйшы час.
Так, Кісялёў заўважыў, што па ўсёй Заходняй Беларусі не было ніводнай беларускай школы. У Палессі 25 працэнтаў дзяцей, або кожнае чацвёртае дзіця, былі па-за школай. З 1200 школьных будынкаў 95 працэнтаў з’яўляліся непрыдатнымі для вучобы: маленькімі, цёмнымі, нізкімі сялянскімі хатамі. Наркамасветы БССР прымае шэраг практычных мер для наладжвання нармальнай работы школ Заходняй Беларусі на роднай мове і для ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва.
Савецкая ўлада ўзяла пад кантроль пытанні, звязаныя з дапамогай насельніцтву, якое знаходзілася ў няпростым становішчы. «Заходняя Беларусь не ведала ўстаноў па сацыяльным забеспячэнні. Ніхто не цікавіўся лёсам старыкоў, непрацаздольных, інвалідаў працы. Тут шмат жабракоў, якія жывуць міластаняй... Працоўныя Заходняй Беларусі толькі зараз даведваюцца аб велізарных асігнаваннях Савецкай дзяржавы на сацыяльнае забеспячэнне. Наркамсабез БССР распрацаваў рад мерапрыемстваў па сацыяльным забеспячэнні. Ужо ў гэтым годзе ў Заходняй Беларусі намячаецца арганізаваць 4 дамы для інвалідаў і прэстарэлых, пратэзную майстэрню. Будуць арганізаваны вытворчыя арцелі інвалідаў — швейныя, абутковыя, мэблевыя і інш. Адкрыюцца майстэрні для сляпых, вучэбна-вытворчы камбінат для абучэння і пераабучэння глуханямых, сляпых і іншых інвалідаў».
На тэрыторыі Заходняй Беларусі наладжваюцца чыгуначныя зносіны. У Пінск накіравана камісія са спецыялістаў — меліяратараў, лесаводаў і аграномаў з мэтай вывучэння велізарных балотных і лясных масіваў для іх гаспадарчага скарыстання.
На Палессі намячаліся вялікія меліярацыйныя работы, распрацоўка торфу. Гэты найбагацейшы край планавалася паступова засяляць. Вялікі эканамічны і навуковы інтарэс прадстаўляла Белавежская пушча. Туды з БССР накіроўвалі брыгаду са спецыялістаў, якая павінна была азнаёміцца са становішчам пушчы. Намячалася стварэнне буйнога запаведніка.
Пачалася барацьба з навядзеннем парадку ў гандлі. У гарадах і павятовых цэнтрах ствараюцца аптовыя гандлёвыя базы і склады.Часовыя ўпраўленні прымаюць меры, каб па просьбе насельніцтва завезці савецкія тавары, якія тут надзвычай запатрабаваны: соль, запалкі, газа, тытунь. Тое, што «пры Польшчы» было недаступным з прычыны неабаснавана вялікіх коштаў, хутка размятаецца. Так, у Маладзечне толькі за адзін дзень было прададзена 500 пудоў солі.
Культуру — народу
Савецкая ўлада паклапацілася і пра «культурную дапамогу». Найлепшыя майстры выступаюць перад працоўнымі вызваленай Заходняй Беларусі. Яны бываюць у тых месцах, куды ніколі раней не прыязджалі ніякія артысты. На гастролях па Заходняй Беларусі ў першыя ж тыдні пасля вызвалення пабывалі брыгада Вялікага дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР на чале з народнай артысткай Ларысай Александроўскай, аркестр народных інструментаў і ансамбль песні і танца Белдзяржфілармоніі, брыгада кансерваторыі, тры эстрадныя брыгады. Яны наведалі гарады, мястэчкі і вёскі Заходняй Беларусі, дзе далі каля
170 канцэртаў. Ларыса Александроўская падзялілася, што раней чытала апавяданні польскай вандроўніцы пра цяжкае жыццё сялян на Палессі і не магла ў гэта паверыць, а цяпер ва ўсім пераканалася на ўласныя вочы: «Курныя гарбатыя хаткі... басаногія, пасінелыя ад холаду дзеці... сумная саха на палосцы... зямлістыя твары сялянак». Яе ўразіла, што нават мосцік цераз рэчку ад Ваўкавыска да цэментнага завода быў пазначаны як «прыватны» і з падарожнікаў бралася пошліна за праезд. «З вялікім уздымам пры ўсеагульнай цішыні я спявала ў нацыянальным касцюме беларускія народныя песні», — дзялілася артыстка і радавалася, што многія жыхары Заходняй Беларусі ведалі словы з гэтых твораў...
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ