У топ-5 самых небяспечных прафесій — кіроўца аўтамабіля, слесар, падсобны рабочы, трактарыст, жывёлавод. Пры гэтым кіроўцы і трактарысты, як правіла, атрымліваюць вытворчыя траўмы не з прычыны ДТЗ, а падчас рамонту і абслугоўвання тэхнікі. Адметна, што каля 20 % пашкоджанняў у агульнай структуры вытворчага траўматызму работнікі атрымалі пры падзенні падчас хадзьбы па роўнай паверхні — пры адсутнасці шкоднага ці небяспечнага фактару. Напярэдадні Сусветнага дня аховы працы спецыялісты расказалі, ці часта наймальнікі хаваюць выпадкі траўміравання работнікаў і як іх выяўляюць і чаму тэрміны расследавання няшчасных выпадкаў падоўжылі.
Новае ў заканадаўстве
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар СТАРАВОЙТАЎ адзначыў, што вялікая ўвага надаецца стварэнню нарматыўнай базы ў галіне аховы працы. Летась, напрыклад, былі прыняты новыя Правілы па ахове працы пры халоднай апрацоўцы металаў. А Адзіныя правілы пры вытворчасці харчовай прадукцыі дазволілі скасаваць 12 пастаноў, якія раней рэгулявалі ахову працы ў гэтай сферы. Такім чынам нарматыўная база становіцца больш кампактнай. Ужо сёлета выйшлі абноўленыя правілы аховы працы пры выкананні работ на вышыні — аднаго з самых траўманебяспечных заняткаў.
Вядзецца ў гэтым годзе і работа над законапраектам «Аб унясенні змяненняў у Закон аб ахове працы». Там асаблівая ўвага будзе нададзена пытанням рэгулявання кіравання ў сферы аховы працы, правілам аховы працы для дыстанцыйных работнікаў, дадзена ацэнка прафесійным рызыкам. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны атрымае магчымасць правядзення рэспубліканскага агляду-конкурса на лепшую арганізацыю ў сферы аховы працы. Пакуль яны праводзяцца толькі на рэгіянальным узроўні.
— Усе змяненні будуць прапрацаваны і ўключаны ў тым выглядзе, у якім не будуць парушаць правы работніка, бо галоўная мэта — прадухіліць парушэнне ці папярэдзіць рызыку, — падкрэсліў Ігар Старавойтаў.
Нядаўна ўнесены і змяненні ў Правілы расследаванняў і ўліку няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафзахворванняў. У прыватнасці, падоўжаны тэрміны правядзення расследавання няшчасных выпадкаў, якія праводзіць сам страхавацель і з’явілася магчымасць яго падаўжэння.
— Для нас важна, каб наймальнік якасна правёў расследаванне. Бо толькі дакладна вызначыўшы прычыну няшчаснага выпадку страхавацель зможа правільна выпрацаваць мерапрыемствы па іх недапушчэнні. Мы лічым, што павелічэнне тэрмінаў апраўдана, — падкрэсліў дырэктар Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр СЁМІЧ.
Урэгуляваны і парадак расследавання няшчасных выпадкаў, якія адбыліся з людзьмі пры эксплуатацыі сродкаў персанальнай мабільнасці. Звычайна іх выкарыстоўваюць дастаўшчыкі, кур’еры. Акрамя таго, цяпер Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы дазволена вырашаць, што няшчасны выпадак падпадае пад вытворчы траўматызм нават калі нядобрасумленны страхавацель дапусціў работніка да работы, не аформіўшы з ім ніякіх дакументаў — ні працоўнага, ні грамадзянска-працоўнага дагавора. Калі раней такога чалавека ці яго блізкіх накіроўвалі ў суд, цяпер гэтага не спатрэбіцца.
Застацца на вышыні
Як паведаміў Аляксандр Сёміч, летась паказчыкі па вытворчаму траўматызму (1849 выпадкаў) удалося захаваць на ўзроўні 2023 года (1850 выпадкаў). Пры гэтым колькасць загінулых знізілася са 117 да 105 і дасягнула гістарычнага мінімуму за апошнія 30 гадоў. Пры гэтым 16 траўмаў прызнаны няшчаснымі выпадкамі на вытворчасці пры тым, што работнікі ніяк не былі аформлены. А 21 выпадак траўміравання наймальнікі імкнуліся схаваць ад расследавання. Аднак сёння зрабіць гэта складана. Арганізаваны абмен інфармацыяй як са Следчым камітэтам, так і з усімі медыцынскімі ўстановамі. Інфармацыя пра ўсе выпадкі аказання медыцынскай дапамогі пры няшчасных выпадках на вытворчасці паступае ў Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы і правяраецца. Дарэчы, за спробы схаваць няшчасныя выпадкі на вытворчасці прадугледжана адміністратыўная адказнасць.
Самымі траўманебяспечнымі галінамі традыцыйна з’яўляюцца прамысловасць, сельская гаспадарка і будаўніцтва. Сярод траўміраваных пераважаюць мужчыны, іх 74 %, а сярод загінулых іх увогуле 96 %. Летась вытворчыя траўмы атрымалі і 17 работнікаў да 18 гадоў, двое з іх загінулі. У цэлым жа партрэт загінулага ад вытворчага траўматызму выглядае так: гэта мужчына 44-45 гадоў. Пры гэтым кожны трэці траўміраваны меў стаж работы менш за год. У стане алкагольнага ап’янення летась атрымалі траўмы 68 работнікаў, нецвярозымі былі і 18 загінулых. На выплаты ў выніку вытворчага траўматызму Белдзяржстрах летась выдаткаваў 205 мільёнаў рублёў.
Сярод мер, якія дапамогуць і далей зніжаць вытворчы траўматызм, Аляксандр Сёміч назваў павышэнне якасці навучання пры допуску да работ, дзе маецца шкодныя ці небяспечныя фактары. Пры такім навучанні пажадана выкарыстоўваць інтэлектуальныя трэнажоры і сімулятары. Дарэчы, новая навучальная праграма ў сферы аховы працы з выкарыстаннем віртуальнай рэальнасці днямі адкрыецца ў міжнародным універсітэце «МІПСА». Як паведаміў галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Павел МАНЬКО, патрэба ў такім навучанні ёсць.