Top.Mail.Ru

Якія праграмы падрыхтавалі ў Мінскай вобласці да 3 ліпеня

Урачыстасці да галоўнага свята нашай незалежнасці сёлета пройдуць на Міншчыне. У кожным вялікім і маленькім населеным пункце адбудуцца свае тэматычныя праграмы, народныя гулянні і фееверкі. Усе мерапрыемствы ў рэгіёнах скончацца акцыяй «Спяваем гімн разам!». 


Курган Славы ў Дзень Незалежнасці стане сімвалам жывой памяці, сілы і адзінства народа — месцам, дзе мінулае сустракаецца з сучаснасцю дзеля будучыні. Тут разгорнецца маштабны святочны марафон, прымеркаваны да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Праграма мерапрыемстваў ахопіць усе сферы жыцця сучаснага грамадства: ад адукацыі і сацыяльных ініцыятыў да прамысловасці, культуры і абароны. Гасцей чакае насычаны дзень — з 11:00 раніцы да феерверка ў 23:00.

Адной з галоўных лакацый стане выстава «Міншчына сучасная», дзе свае дасягненні прадэманструюць установы адукацыі, прадпрыемствы Мінскай вобласці, Міністэрства абароны і Ваенная акадэмія. Наведвальнікі ўбачаць, чым жыве і ганарыцца рэгіён: ад майстар-класаў па народнай кулінарыі і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве да сучасных тэхналогій, прадукцыі АПК, лёгкай і цяжкай прамысловасці.

Святочная тэрыторыя падзеліцца на мноства тэматычных пляцовак. Адукацыйны блок прадставіць лепшыя дасягненні навучэнцаў і педагогаў, а таксама ўнікальныя майстар-класы па выпечцы, роспісу пернікаў і вырабе сувеніраў. Сацыяльная абарона прэзентуе інавацыі ў доглядзе і рэабілітацыі, у тым ліку працу творчых майстэрняў і новых пансіянатаў. У зоне МНС дзеці і дарослыя змогуць выпрабаваць інтэрактыўныя сімулятары бяспекі, а побач — палюбавацца тэхнікай ДАІ і спецсродкамі сілавых структур.

Сярод іншага госці змогуць адправіць паштоўку з віншаваннем па ўсёй краіне, паспрабаваць прадукцыю лепшых вытворцаў вобласці — ад малочнай і мясной да хлебабулачнай і салодкай, пазнаёміцца з таварамі лёгкай прамысловасці, фармацэўтыкі, керамікі і дрэваапрацоўкі. Асаблівая ўвага — дзецям: навінкі цацак і крэатыўныя майстар-класы ад «Краіны цацак», «Чароўнага вострава» і іншых кампаній пацешаць самых юных удзельнікаў.

Увесь дзень гасцей будуць радаваць канцэртныя нумары ад вядомых артыстаў і калектываў: заслужанага калектыву «Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл», заслужанага артыста Аляксандра Саладухі, спявачкі Гюнеш і вакальнай групы «Чысты Голас». Працаваць будуць палявы кінатэатр, караоке, электронны цір і іншыя забаўляльныя пляцоўкі.

Апафеозам вечара стане відэапраекцыя на схіле Кургана Славы — «Беларуская зямля», прысвечаная Дню Незалежнасці. У 22:55 пачнецца рэспубліканская акцыя «Спяваем гімн разам!», а ў 23:00 неба над мемарыялам асвяціць святочны феерверк.

Абласное свята з нагоды Дня Незалежнасці «Ты ў сэрцы маім, Беларусь!» прыме горад Любань. Тут з 17:30 да паўночы пройдуць канцэртная праграма з удзелам артыстаў беларускай эстрады. У 22:55 жыхары раёна і госці з розных куткоў Мінскай вобласці прымуць удзел у грамадскай патрыятычнай акцыі «Спяваем гімн разам!», фіналам якой стане святочны феерверк. Завершыць праграму мерапрыемстваў маладзёжная дыскатэка. 

У Барысаве ўрачыстасці адкрыюцца цырымоніяй ускладання кветак да помніка «Ахвярам фашызму» ў аднайменным скверы. А з 10:30 да 23:00 галоўнымі святочнымі лакацыямі стануць праспект Рэвалюцыі ад Цэнтральнай плошчы да скрыжавання з вуліцай Арджанікідзэ і пляцоўка перад Палацам культуры імя Максіма Горкага. Тут пройдзе ўрачыстае шэсце «Дасягненні сучаснай Беларусі», разгорнуцца спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, выставы-прэзентацыі арганізацый і ўстаноў горада, канцэртная праграма дзіцячых творчых калектываў «Дзяцінства пад мірным небам». 

У Дзяржынску 3 ліпеня свята пачнецца ў 14:00 шэсцем працоўных калектываў раёна і механізаванай тэхнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, грамадскасці па вуліцах 1-я і 2-я Ленінскія, Карла Маркса, Савецкая. А на Цэнтральнай плошчы пройдзе святочны тэатралізаваны мітынг «Беларусь — наша слава і гонар!» з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ганаровых грамадзян Дзяржынскага раёна з ускладаннем вянкоў і кампазіцый жывых кветак да стэлы вызваліцеляў горада Дзяржынска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да памятных знакаў Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай Працы ўраджэнцаў Дзяржынскага раёна. 

З 15:00 народнае гулянне разгорнецца ў гарадскім парку, у 16:00 на пляцоўцы насупраць Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў пачнецца баль «Граф Чапскі запрашае гасцей!», увечары з 20:00 да 01:00 галоўнай лакацыяй стане Цэнтральная плошча. 

У Крупках праграма мерапрыемстваў адкрыецца ў 11:00 на мемарыяльным комплексе ў памяць аб земляках, дзе яе ўдзельнікі збяруцца на мітынг. Гасцей чакае таксама гарадскі парк, дзе будуць працаваць тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі, «Крупскі кірмаш», на якім прапануюць паўдзельнічаць у майстар-класах па народных рамёствах, паспрабаваць «Крупскія прысмакі», наведаць выставы, дзіцячыя пляцоўкі. У 20:00 тут пачнецца канцэртная праграма «Мая любімая Беларусь», фінальным акордам свята стане дыскатэка. 

Гарадскі парк культуры і адпачынку імя Перамогі горада Маладзечна чакае на святочную праграму «Я табою ганаруся, Беларусь!», якая пачнецца ў 10:00 мітынгам-рэквіемам. А ў 20:00 майстры сцэны запросяць у летні амфітэатр, дзе ў 22:55 жыхары рэгіёна далучацца да грамадска-культурнай акцыі «Спяваем гімн разам!». 

У Нясвіжы ў 11:00 на брацкай магіле ў гарадскім парку адбудзецца мітынг «Хай памятае кожны». Затым асноўнай лакацыяй свята стане пляцоўка Бернардзінскай сажалкі, дзе з 12:00 да 18:00 пройдуць фестываль сыру, прэзентацыя падворкаў сельсаветаў раёна, фестываль «Гасціннасць па-Радзівілаўску», майстар-клас ад шэф-повара, фестываль фарбаў, канцэртныя праграмы, чэмпіянат па падрыхтоўцы кашы на калодках і многае іншае. А ў 20:30 свята перамесціцца на стадыён «Ураджай». У вячэрняй праграме — канцэрт з удзелам творчых калектываў Нясвіжскага раёна і зорак расійскай эстрады, рэспубліканская акцыя «Спяваем гімн разам!» і феерверк.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю