Top.Mail.Ru

Якія правілы карыстання «блакітным палівам» трэба ведаць?

Яшчэ ва ўсіх на слыху трагедыя на Жлобіншчыне, калі з-за выбуху балона загінулі тры чалавекі. З канчатковымі прычынамі гэтага здарэння будзе разбірацца Следчы камітэт, але ўжо цяпер зразумела, што бяды можна было б пазбегнуць, калі б усімі дакладна выконваліся рэкамендацыі па абыходжанні з гаручымі рэчывамі. Намеснік начальніка ўпраўлення сістэм газазабеспячэння ДВА «Белпалівагаз» Таццяна Міхнавец расказала «Звяздзе», якіх правілаў трэба прытрымлівацца, каб выкарыстанне газу ў побыце было бяспечным.


Звадкаваны або прыродны

Спецыяліст звярнула ўвагу, што газ, які выкарыстоўваецца ў побыце, пажаранебяспечны, а ў сумесі з паветрам у пэўных прапорцыях — яшчэ і гранічна выбухованебяспечны. «Пры ўцечцы газу і неасцярожным абыходжанні з агнём можа ўзнікнуць пажар. Выбух газапаветранай сумесі адбываецца не толькі ад крыніцы адкрытага агню, але і ад іскры ў электрычных сетках, якая ўтвараецца пры выкарыстанні бытавога электраабсталявання», — адзначыла Таццяна Міхнавец.

Аказваецца, што чысты прыродны газ не мае колеру і паху. Каб чалавек мог своечасова выявіць небяспеку, у яго дадаецца рэчыва адарант, якое мае рэзкі і непрыемны пах. Газ не таксічны, але пры значнай яго канцэнтрацыі ў паветры адбываюцца кіслароднае галаданне і прыступы ўдушша.

Прыродны газ лягчэйшы за паветра і таму пры выхадзе з трубаправода падымаецца ўверх. Пры добрай вентыляцыі ён лёгка выходзіць. Звадкаваны газ, які пастаўляецца ў балонах і запаўняецца ў рэзервуарныя ўстаноўкі, наадварот, цяжэйшы за паветра і апускаецца ўніз, у сувязі з чым уяўляе вялікую небяспеку. У выпадку ўцечак ён можа назапашвацца ў памяшканні кухні або, што яшчэ горш, у склепе.

Таццяна Міхнавец нагадала, што меры бяспекі вызначаны Правіламі карыстання газам у побыце. Каб пазбегнуць аварыйных сітуацый і няшчасных выпадкаў, забараняецца дапускаць да карыстання газавымі плітамі дзяцей да 12 гадоў, а іншым газавым абсталяваннем — дзяцей да 14 гадоў. Ні ў якім разе не варта падпускаць да газу недзеяздольных асоб, а таксама тых, хто знаходзіцца ў стане алкагольнага, наркатычнага ап’янення, хто не прайшоў інструктаж і не ведае правілаў бяспечнага карыстання абсталяваннем.

Пах і закрытыя вентылі

Намеснік начальніка ўпраўлення адзначыла, што таксама нельга ўжываць газавае абсталяванне пры яго няспраўнасці, пры адчуванні паху газу, пашкоджаннях газаправодаў, прыбораў аўтаматыкі і іншых механізмаў. «Акрамя таго, важна не пакідаць адкрытымі вентылі балонаў, калі яны ўстаноўлены ў памяшканні, краны перад і на газавым абсталяванні пасля таго, як перасталі ім карыстацца. Не дапускаецца пакідаць без нагляду газавую пліту, якая працуе. Забараняецца выкарыстоўваць для сну памяшканне, у якім устаноўлена газавае абсталяванне, а таксама нельга сушыць рэчы над полымем гарэлак газавай пліты», — праінфармавала Таццяна Міхнавец.

Пажары — ад няўважлівасці і самавольства

Парушэнне Правілаў карыстання газам у побыце прыводзіць да пажараў і атрымання апёкаў рознай ступені цяжкасці. Найбольш распаўсюджанымі прычынамі з’яўляюцца пакінутая без нагляду ўключаная газавая пліта, самавольнае падключэнне балонаў са звадкаваным газам да пліты, карыстанне абсталяваннем у стане алкагольнага ап’янення.

Спецыяліст нагадала, што ў кожным населеным пункце дзейнічае кароткі нумар 104, куды неабходна тэлефанаваць у выпадку, калі адчулі пах газу. «У тым месцы, дзе адчуваецца пах газу, нельга курыць, распальваць агонь. Калі гэта адбываецца ў памяшканні, то неабходна абавязкова перакрыць усе краны на газавым абсталяванні і перад ім, адчыніць вокны. Нельга ўключаць і выключаць электрапрыборы. Неабходна выйсці з памяшкання і выклікаць аварыйную службу газазабеспячальнай арганізацыі», — распавяла парадак дзеянняў Таццяна Міхнавец.

Як ажыццяўляецца праверка і прафілактыка?

Мы пацікавіліся, як часта трэба правяраць абсталяванне і газаправоды, якія працуюць на газе. Перыядычнасць прафілактычных мерапрыемстваў вызначана патрабаваннямі Правілаў карыстання газам у побыце. Тэхнічнае абслугоўванне ўваходнага і ўнутранага газаправодаў, газавыкарыстальнага абсталявання ў шматкватэрным жылым фондзе прадугледжана не радзей як адзін раз у 10 гадоў. Пры гэтым правяраецца тэхнічны стан прыбора індывідуальнага ўліку расходу газу (пры яго наяўнасці).

Тэхабслугоўванне ўваходнага і ўнутранага газаправода тэрмінам эксплуатацыі звыш 20 гадоў праводзіцца штогод, газавых праточных вода-
награвальнікаў і ацяпляльнага газавага абсталявання — адзін раз у год, калі іншае не прадугледжана пашпартам завода-вытворцы. Пры гэтым праводзіцца праверка тэхнічнага стану рэгулятара ціску (пры яго наяўнасці), звярнула ўвагу спецыяліст.

Што датычыцца газаправодаў, газавага абсталявання інтэрнатаў, то тут перыядычнасць складае раз у тры месяцы. Для абсталявання, у якога скончыўся тэрмін службы, вызначаны комплекс мерапрыемстваў па ацэнцы тэхнічнага стану. Яго эксплуатацыя можа быць прадоўжана, альбо яно прызнаецца непрыдатным, падлягае замене.

«Спажывец газу абавязаны забяспечыць па ўзгадненні з газазабеспячальнай або эксплуатуючай арганізацыяй бесперашкодны доступ да газаправодаў і газавага абсталявання для выканання работ па тэхнічным абслугоўванні і рамонце», — падкрэсліла Таццяна Міхнавец.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю