На птушкафабрыцы і раней працавалі замежнікі — грамадзяне Расіі, Украіны, Казахстана. Вытворчасць развіваецца, узнікае вялікая патрэба ў кадрах, таму на прадпрыемстве пайшлі па шляху прыцягнення працоўнай сілы з-за мяжы.
— У нас працавалі маладыя людзі з Туркменістана, якія скончылі беларускія ВНУ, у прыватнасці Віцебскую дзяржаўную ветэрынарную акадэмію. Падказалі, што ёсць ахвотныя працаўладкавацца з Туркменістана. Мы агаварылі пэўныя ўмовы і пачалі дзейнічаць у гэтым кірунку. Бралі даныя грамадзян, якія гатовы былі прыехаць, прапрацоўвалі пытанне іх пражывання, знаходжання на тэрыторыі Беларусі, праз міграцыйную службу афармлялі спецыяльны дазвол на працаўладкаванне, натарыяльна засведчвалі і адпраўлялі ў Туркменістан. Яны ўжо афармлялі працоўную візу для перасячэння граніцы і працаўладкавання, — расказаў Дзяніс Дамарад.
У тэрміновых працоўных дагаворах з замежнымі работнікамі прапісаны дадатковыя ўмовы аб прадастаўленні жылля. Службовага ў птушкафабрыкі «Дружба» няма. Пытанне вырашылі з арганізацыямі, на балансе якіх ёсць інтэрнаты. Дагаворы аб арэндзе жылля заключаны з ЖРЭУ горада Баранавічы, Будтрэстам № 25.
— Мы па дагаворы робім у гэтых пакоях рамонт, абстаўляем мэбляй і даём для пражывання нашым замежным работнікам. Аплату за жыллё ўтрымліваем з заробку.
У сярэднім дзесьці 10 рублёў за суткі атрымліваецца, — заўважыў намеснік гендырэктара.
Худайберды Каландараў у ліку грамадзян Туркменістана, каго зацікавіла прапанова аб працаўладкаванні ў Беларусі. Дома малады чалавек атрымаў спецыяльнасць «Зваршчык». На «Дружбе» яго адразу на вытворчасці навучылі новай прафесіі — ён працуе апрацоўшчыкам птушкі. Прадпрыемства паклапацілася і пра жыллё. Умовамі мужчына задаволены.
— Нам далі інтэрнат, усё ёсць. На працу ніхто не скардзіцца, зарплаты хапае, нармальна. Хапае на ежу і на ўсё астатняе, — падзяліўся Худайберды Каландараў. Беларусь яму адкрылася як прыгожая краіна, у якой жывуць прыязныя людзі. На радзіме ў мужчыны засталіся жонка і трое дзяцей. Ён хацеў бы ім паказаць краіну, у якой цяпер працуе.
— У першую чаргу Брэсцкую крэпасць, усім цікава. Лясы ў вас прыгожыя, прырода добрая, паветра чыстае, — пералічыў малады чалавек.
Цяпер на птушкафабрыцы «Дружба» працуюць 38 замежнікаў, з іх 33 — грамадзяне Туркменістана. Атрыманы спецдазволы яшчэ для 11 грамадзян гэтай цэнтральна-азіяцкай краіны. Як толькі яны прыедуць у Беларусь, прадпрыемства адразу ж зоймецца іх працаўладкаваннем.
— У нас стаяла пытанне аб некваліфікаванай рабочай сіле. Гэта грузчыкі, апрацоўшчыкі птушкі. Прафесію апрацоўшчыкаў птушкі атрымліваюць работнікі непасрэдна на вытворчасці, — растлумачыў Дзяніс Дамарад.
Кервен Дурдыеў прыляцеў у Беларусь з Туркменістана ў студзені. Працуе апрацоўшчыкам птушкі ў цэху забою і перапрацоўкі птушкі.
— Прыехаць на заробкі ў Беларусь мяне падштурхнуў недахоп грошай. У сваім родным горадзе я быў настаўнікам музыкі, атрымліваў каля 150 долараў. Утрымліваць дзвюх дачок-школьніц і жонку-студэнтку было вельмі складана. На птушкафабрыцы пасля аплаты падаходнага падатку і жылля атрымліваю дзесьці 2,5 тысячы рублёў, частку пакідаю сабе на жыццё, астатняе адпраўляю родным. Скажу шчыра, задаволены, што трапіў сюды. Умовы працы і зарплата выдатныя, прадпрыемства выдзеліла месца ў інтэрнаце, на работу з Баранавіч нас возіць службовы
аўтобус. Ад цябе толькі патрабуецца добра рабіць даручаную справу і выконваць законы краіны, якая дазволіла працаваць. Калі расказваю сябрам, яны не могуць паверыць, што да працоўных мігрантаў можа быць такое стаўленне, — завастрыў увагу мужчына.
Узровень валодання рускай мовай у замежных працаўнікоў розны. На прадпрыемстве знайшлі спосаб, як паскорыць адаптацыю і нівеліраваць моўны бар’ер.
— Мы сфарміравалі, так бы мовіць, змешаныя брыгады. Напрыклад, у змене ёсць 2-3 чалавекі з Туркменістана, якія добра валодаюць рускай. Праз іх пабудаваны зносіны. Пытанняў вялікіх няма. Мігранты
маюць матывацыю вучыць мову, сацыялізуюцца. Нараканняў на іх работу няма, працуюць старанна, на звышурочныя застаюцца, — кажа намеснік кіраўніка птушкафабрыкі.
За некалькі месяцаў можна ўбачыць значныя змены.
— Калі паглядзець на замежніка, які прыйшоў да нас у студзені, і пагутарыць з ім у маі, то розніца істотная. З кожным днём усё больш і больш слоў вывучаюць, — дадаў Дзяніс Дамарад.
Наймальнік адказны і за пражыванне, знаходжанне на тэрыторыі Беларусі працоўных мігрантаў. На «Дружбе» іх каардынуе спецыяліст аддзела кадраў.
— Мы зацікаўленыя, каб пражыванне нашых работнікаў было ў рамках заканадаўства. Сістэматычна спецыяліст звязваецца з інтэрнатамі, каб даведацца, як яны жывуць, ці ёсць нейкія пытанні, нараканні. У сацыялізацыі замежнікам дапамагаюць калегі. Адносіны паміж работнікамі партнёрскія. Ніякіх бар’ераў няма. Нашы людзі наст-
роены дапамагчы, падказаць, — рэзюмаваў намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай і арганізацыйна-кадравай рабоце ААТ.
Паводле БелТА