Галоўнай тэмай выязнога пасяджэння сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў стала ўзаемадзеянне органаў мясцовага кіравання, самакіравання, арганізацый і насельніцтва ў рэалізацыі мерапрыемстваў Года добраўпарадкавання. Народныя выбраннікі Міншчыны наведалі Узду і Слуцк, а таксама абмеркавалі работу па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў у гарадскім пасёлку Чырвоная Слабада. Фінальным пунктам маршруту дэпутатаў стала сталіца шахцёраў — горад Салігорск, дзе і прайшло пасяджэнне сесіі. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся падрабязнасці.
Старшыня Мінскага абласнога Савета Наталля ЯКУБІЦКАЯ адзначыла: «Для нас, дэпутатаў, навядзенне парадку на зямлі і прывядзенне ў парадак сельскіх населеных пунктаў — адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасці. Работа на зямлі, безумоўна, уключае ў сябе і працу з насельніцтвам, і з юрыдычнымі асобамі. Такая практыка ў нас ёсць, і гэтым вопытам варта падзяліцца».
Навядзенне парадку і развіццё ініцыятыў
Уздзенскі раён стаў першым у плане работы выязной сесіі Мінскага аблсавета. Народныя выбраннікі наведалі адно са значных месцаў раёна. У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з жыхарамі была спалена вёска Старына. На яе месцы ўстаноўлены помнік, звон, высаджаны дрэвы. Наталля Якубіцкая адзначыла: «Памяць пра мінулае жывая, пакуль мы наведваем абеліскі, падтрымліваючы іх у належным стане. Гэта важна для нашых нашчадкаў».
Пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі застаюцца аднымі з прыярытэтных задач для кіраўніка Дзешчанскага сельсавета Уладзіміра БАЛЦЯНКОВА. Паводле яго слоў, жыццё ў аграгарадку Дзешчанка і за яго межамі кіпіць дзякуючы ініцыятыўнасці мясцовай супольнасці і эфектыўнай рабоце прадпрыемстваў: «Унёсак апошніх прыкметны не толькі ў эканоміцы, але і ў паляпшэнні інфраструктуры, добраўпарадкаванні і стварэнні камфортнага асяроддзя для пражывання».
Асобную ўвагу надалі культурнаму жыццю рэгіёна — у прыватнасці, традыцыйнаму фестывалю «Бульбафэст», якім славіцца гэта мясцовасць. «Дадзенае мерапрыемства не толькі аб’ядноўвае мясцовых жыхароў, але і прыцягвае гасцей, падкрэсліваючы самабытнасць і гасціннасць раёна», — дадаў старшыня сельсавета.
Наступны прыпынак — Слуцк. Тут на набярэжнай Случы ў цэнтры нядаўна прайшла абласная акцыя па добраўпарадкаванні «Квітней, родная Міншчына: твой унёсак важны». Удзельнікі выязной сесіі змаглі ацаніць маштаб праведзенай работы.
«Наведваючы Слуцкі раён, у першую чаргу звярнулі ўвагу на дарогу Р-23 — трасу рэспубліканскага значэння, і мы ў сваю чаргу многае робім для таго, каб падобныя артэрыі Міншчыны знаходзіліся ў ідэальным стане — узаемадзейнічаем з дарожнымі арганізацыямі, сельсаветамі, простымі людзьмі. Разумеем, да нас прыязджае вельмі шмат замежных гасцей. Наша краіна славіцца сваімі прыгажосцю, утульнасцю, чысцінёй, і мы стараемся ўсяляк гэта падтрымаць», — адзначыла Наталля Якубіцкая.
Народныя выбраннікі наведалі таксама мясцовы парк, які стаў улюбёным месцам адпачынку для случчан і гасцей горада дзякуючы грамадзянскім ініцыятывам.
У пасёлку Чырвоная Слабада ўжо Салігорскага раёна цэнтрам увагі таксама стаў мясцовы парк. Падчас наведвання населенага пункта прадстаўнікі дэпутацкага корпуса абмеркавалі работу па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Наталля Якубіцкая назвала пасёлак прыкладам кансалідацыі насельніцтва і ўлады з мэтай добраўпарадкавання: «Калі мы праводзілі абласны суботнік, то асноўнай думкай было звярнуць увагу на малыя населеныя пункты, незалежна ад шчыльнасці насельніцтва, каб людзі заставаліся жыць у сельскай мясцовасці. І гэты парк, і пасёлак Чырвоная Слабада — яркія прыклады таго, як мясцовыя органы ўлады, самакіравання і самі людзі сваімі рукамі ствараюць такія прыгожыя месцы». Старшыня Мінскага абласнога Савета таксама адзначыла і патрыятычную пляцоўку з ваеннай тэхнікай у аграгарадку Кастрычнік (недалёка ад Чырвонай Слабады). З ініцыятывай стварэння экспазіцыі выступілі мясцовыя жыхары, а ўлады падтрымалі.
«Стварэнне камфортнага асяроддзя — адна з ключавых задач»
Работа выязной сесіі прадоўжылася пленарным пасяджэннем у Салігорскім райвыканкаме. Кіраўнік дэпутацкага корпуса Міншчыны падкрэсліла значнасць развіцця аграгарадкоў і пасёлкаў гарадскога тыпу: «Важна разумець, што добраўпарадкаванне — гэта не толькі азеляненне тэрыторый або ўстаноўка новых інфраструктурных аб’ектаў. Гэта комплекс мерапрыемстваў, які ўключае ў сябе як фізічнае паляпшэнне аб’ектаў, так і актыўнае ўцягванне насельніцтва ў працэсы зменаў».
Старшыня Салігорскага райвыканкама Анатоль ЛАДЫГА прадставіў інфармацыю аб развіцці Салігоршчыны, адзначыўшы, што пасёлкі Чырвоная Слабада і Старобін сталі цэнтрамі прыцягнення дзякуючы актыўнай рабоце па добраўпарадкаванні, распачатай яшчэ ў 2023 годзе: «Салігорскі раён другі па плошчы ў Мінскай вобласці. Адміністрацыйна і тэрытарыяльна раён падзелены на 11 сельсаветаў. Колькасць насельніцтва — больш за 126 тысяч чалавек. Тут маюцца два пасёлкі гарадскога тыпу. І сёння Чырвоная Слабада ды Старобін — цэнтры прыцягнення. 2023 год мы бярэм за аснову адліку, калі пачаліся работы па добраўпарадкаванні. І сёння мы бачым вынік».
Навядзенне парадку і стварэнне камфортнага асяроддзя для жыцця беларускіх грамадзян — адны з ключавых задач, якія стаяць перад арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, падкрэсліў генеральны дырэктар ДА «ЖКГ Мінскай вобласці» Юрый КУКАШУК: «Таму пытанне работы з насельніцтвам для нас ніколі не губляе сваёй актуальнасці. Сёння ў сістэме арганізацый, якія ўваходзяць у склад ДА „ЖКГ Мінскай вобласці“, выбудаваная сістэма ўзаемадзеяння з насельніцтвам, выпрацаваныя і рэалізуюцца новыя падыходы і метады ў дадзенай рабоце».
Наталля Якубіцкая рэзюмавала, што менавіта сумесныя намаганні дзяржавы, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама насельніцтва могуць прывесці да значных змен да лепшага: «Гэта пасяджэнне стала важнай пляцоўкай для абмену думкамі, выпрацоўкі новых ідэй і, безумоўна, павышэння цікавасці насельніцтва да пытанняў добраўпарадкавання». У заключэнне кіраўнік дэпутацкага корпуса рэгіёна заклікала зрабіць Міншчыну ўзорам для пераймання ў сферы добраўпарадкавання, адзначыўшы значныя поспехі, дасягнутыя ў гэтым кірунку, і неабходнасць далейшага развіцця.
Фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама