Top.Mail.Ru

Якія пытанні былі разгледжаны на першым пасяджэнні чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання

Увага дэпутатаў была засяроджана на двух блоках законапраектаў: тых, што датычацца сферы аграпрамысловага комплексу нашай краіны, а таксама тых, што ахопліваюць пытанні міжнароднай дзейнасці, ратыфікацыі заключаных дагавораў з іншымі дзяржавамі


Меліярацыя і рыбаводства па-новаму

У другім чытанні дэпутаты прынялі праект закона аб аквакультуры (рыбаводства). Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Івана Маркевіча, дакумент, — дарэчы, новы для беларускай прававой сістэмы, — стане базавым комплексным нарматыўным прававым актам, які рэгулюе адносіны ў гэтай сферы.

Ён дапаможа стварыць спрыяльныя ўмовы для рыбаводства, вызначыць яго прававыя, эканамічныя і арганізацыйныя асновы, сфарміраваць неабходную нарматыўную базу. Усё для росту аб’ёмаў прадукцыі і зразумелых правіл для прадпрыемстваў. У тым ліку ўводзяцца новыя тэрміны і іх азначэнні, закладваюцца паўнамоцтвы ўрада, а таксама пашыраюцца паўнамоцтвы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, мясцовых выканаўчых органаў. Асноўныя палажэнні закона набудуць моц праз адзін год пасля афіцыйнага апублікавання.

Унесены змяненні і ў законы аб меліярацыі зямель. Навацыі закрануць тэрміналогію, выкарыстанне тарфяна-балотных глеб і абавязкі карыстальнікаў меліярацыйных сістэм. Дакумент, прыняты ў другім чытанні, уносіць карэктывы ў Закон «Аб меліярацыі зямель» і Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці: «Жыццё не стаіць на месцы, мяняюцца клімат і ўмовы. Таму сёння ёсць патрэбнасць практыкаў, нашых сельгасвытворцаў ва ўнясенні змяненняў у заканадаўства ў галіне меліярацыі зямель», — падкрэсліў член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Уладзімір Калесніковіч.

У сувязі з гэтым і ўводзіцца шэраг навацый. У тым ліку — некаторыя тэрміны і паняцці. Акрамя таго, Мінсельгасхарч сумесна з НАН будзе ўстанаўліваць патрабаванні па захаванні і рацыянальным выкарыстанні тарфяна-балотных глеб. Праектам закона дазваляецца таксама выкарыстоўваць тэхналагічныя палосы каналаў з шыроказахопнай тэхнікай, вырошчваць абганяльныя расліны на тарфяна-балотных глебах з магутнасцю торфу больш як 0,5 м пры выкананні ўсіх патрабаванняў. У сваю чаргу, карыстальнікі меліярацыйных сістэм абавязаны выдаляць на гэтых землях драўняна-хмызняковую расліннасць у тэрміны, вызначаныя мясцовымі выканкамамі. «Прыняцце закона дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць дзяржаўнага кіравання ў галіне меліярацыі зямель, кантроль за карыстальнікамі меліярацыйных сістэм, павысіць эфектыўнасць іх выкарыстання», — падкрэсліў Уладзімір Калесніковіч.

З клопатам аб братах нашых меншых

Плануюцца змяненні і ў закон аб ветэрынарнай дзейнасці — адпаведны дакумент дэпутаты прынялі ў першым чытанні. Ён закліканы сістэмна мадэрнізаваць прававое рэгуляванне галіны, павысіць якасць ветэрынарнага кантролю і гарантаваць нацыянальную біялагічную бяспеку.

Так, асаблівая ўвага была ўдзелена балансу інтарэсаў дзяржавы, бізнесу і грамадзян. У цэлым законапраект падрыхтаваны з улікам правапрымяняльнай практыкі, прапаноў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Генеральнай пракуратуры і іншых зацікаўленых службаў. А таксама ў мэтах гарманізацыі з міжнароднымі актамі Еўразійскага эканамічнага саюза, падкрэсліў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Юрый Горлаў.


Напрыклад, заканадаўча замацуюць неабходнасць распрацоўкі і ўкаранення правілаў належнай клінічнай практыкі ў ветэрынарыі, што ўстановіць адзіныя, і абавязковыя для ўсіх стандарты ветэрынарнага абслугоўвання, рэгламентуе матэрыяльна-тэхнічную базу месцаў аказання дапамогі. Да таго ж, у дакуменце абазначаны жорсткія крытэрыі да ўзроўню падрыхтоўкі, кампетэнцый і рэгулярнага павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. А каб абараніць беларускі рынак ад фальсіфікаваных і небяспечных лекавых сродкаў для жывёл былі ўдакладнены патрабаванні да вытворчасці, рэгістрацыі і рэалізацыі ветэрынарных прэпаратаў. «Канцэпцыя законапраекта поўнасцю адпавядае задачам аховы здароўя жывёл, забеспячэння харчовай бяспекі краіны і экспартнага патэнцыялу нашага АПК», — рэзюмавала член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Алена Пархімчык.

Шэраг карэкціровак унесены ў закон аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі і нагляду за жывёламі і прадуктамі жывёльнага паходжання. Дакумент, прыняты ў другім чытанні, закліканы сфарміраваць празрысты ланцужок кантролю да самага прылаўка, расказала член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Кацярына Паздзяйкіна. Данастройваюцца як прававыя, так і арганізацыйныя асновы пытання, а таксама ўдакладняецца шэраг азначэнняў, уводзяцца новыя тэрміны. «Змяненні забяспечаць кантроль за прадуктамі пры іх шматразовай рэалізацыі, а таксама дакладнасць звестак аб фактычным пагалоўі», — падкрэсліла Кацярына Паздзяйкіна.


Дарэчы, змяніліся тэрміны ўнясення ў дзяржаўную інфармацыйную сістэму звестак аб жывёле або статку: для ўладальнікаў — не пазней за 5 працоўных дзён з дня зараджэння жывёльнага статка; для вытворцаў прадуктаў жывёльнага паходжання — не пазней за 7 працоўных дзён наступных за гэтай падзеяй. У ліку іншых змен — пашырэнне пераліку відаў жывёл, якія падлягаюць пастаткавай ідэнтыфікацыі замест індывідуальнай.

Пашырэнне міжнароднага супрацоўнітва 

Дэпутаты таксама разгледзелі законапраекты аб ратыфікацыі заключаных дагавораў з іншымі дзяржавамі. Згодна з адным з іх прапануецца ратыфікаваць Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб асобных пытаннях выканання выканаўчых дакументаў. Размова аб тых з іх, па якіх спаганятымі з’ўляюцца дзяржаўныя органы і бюджэтныя арганізацыі нашай краіны. Пагадненне было падпісана ў Маскве 2 красавіка 2026 года.

Дакумент пасадзейнічае вырашэнню праблемы пералічэння грашовых сродкаў, спагнаных на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі па выканаўчых дакументах, расказаў міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Яўген Каваленка. Справа ў тым, што дзяржаўныя органы і бюджэтныя арганізацыі Беларусі для падачы заявы аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці на тэрыторыі Расіі (за выключэннем спагнання аліментаў, кампенсацыі шкоды, прычыненай жыццю або здароўю, кампенсацыі ўрону, прычыненага злачынствам) абавязаны мець рахунак у расійскай крэдытнай арганізацыі. Але такая магчымасць не прадугледжана Бюджэтным кодэксам нашай краіны. Цяпер жа дзяржаўныя органы і бюджэтныя арганізацыі Беларусі змогуць выкарыстоўваць рахунак Міністэрства юстыцыі, адкрыты ў расійскай крэдытнай арганізацыі.

«За пяць месяцаў прымянення на практыцы пагаднення ўжо забяспечана паступленне на рахунак беларускага Міністэрства юстыцыі звыш 2,3 тысячы плацяжоў на агульную суму каля 28 мільёнаў расійскіх рублёў, што складае каля 1 мільёна беларускіх рублёў», — адзначыў Яўген Каваленка. У далейшым гэтыя сродкі пералічваюцца беларускім спаганятым. 

Было ратыфікавана і пагадненне паміж урадамі Беларусі і Ганы аб бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых пашпартах. Дакумент быў падпісаны ў Мінску 8 чэрвеня 2026 года з мэтай актывізацыі супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі і спрашчэння афіцыйных паездак для людзей, якія маюць дыпламатычныя і службовыя пашпарты.


Як растлумачыў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Павел Уцюпін, пагадненне вызваляе такіх грамадзян абедзвюх краін ад неабходнасці атрымліваць візы для ўезду, знаходжання, выезду і пераезду транзітам праз тэрыторыю другога боку. Тэрмін бязвізавага знаходжання — не больш за 30 дзён з даты ўезду, а агульная працягласць іх бязвізавага знаходжання на тэрыторыі іншай дзяржавы не павінна перавышаць 90 дзён на працягу аднаго каляндарнага года.

Але кожны з бакоў мае права адмовіць ва ўездзе або скараціць тэрмін знаходжання грамадзяніна дзяржавы другога боку, калі ён з’яўляецца непрымальным або прызнаны персонай нон грата. Пагадненне будзе садзейнічаць развіццю двухбаковых кантактаў, умацаванню супрацоўніцтва з Ганай і набудзе моц праз 30 дзён з даты атрымання па дыпламатычных каналах апошняга пісьмовага паведамлення аб выкананні бакамі ўсіх неабходных унутрыдзяржаўных працэдур.

Аміна НАЗАРАВА 
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю