На мінулым тыдні графік работы члена Савета Рэспублікі, старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталлі ЯКУБІЦКАЙ быў асабліва насычаным. Напярэдадні 9 Мая парламентарый правяла прыём грамадзян у Мінску, а таксама пасяджэнне чарговай сесіі Мінскага аблсавета. «Звязда» далучылася да дэпутацкіх мерапрыемстваў і высветліла падрабязнасці.
«Прасочым, каб усе ведалі да вас дарогу»
Слухаць людзей, быць на пастаяннай сувязі з выбаршчыкамі, садзейнічаць у вырашэнні іх праблемных пытанняў — важная задача, якая стаіць перад дэпутатамі ўсіх узроўняў. Народныя выбраннікі на пастаяннай аснове праводзяць асабістыя прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з людзьмі ў працоўных калектывах і ўстановах адукацыі — усё для таго, каб зрабіць жыццё людзей лепшым.
На прыёме грамадзян, які правяла Наталля Віктараўна 8 мая, было шматлюдна. Адзін з заяўнікаў, жыхар вёскі Бяларучы Лагойскага раёна, выказаў занепакоенасць з нагоды недастатковага абазначэння населенага пункта на дарожных знаках. Паводле яго слоў, гэта прыводзіць да цяжкасцяў пры дастаўцы неабходных тавараў і паслуг у вёску. «Дарожны знак мы вам абавязкова ўстановім і прасочым за тым, каб усе службы ведалі да вас дарогу», — адказала сенатар заяўніку.
Жыхар вёскі Стары Будкаў Бярэзінскага раёна просіць уладзіць зямельную спрэчку і перадаць яму ў карыстанне землі сельскагаспадарчага прызначэння. Як патлумачыла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, перадача такіх зямель — у выключнай кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы. «Але мы абавязкова падбяром вам участак у межах населенага пункта для асабістага карыстання», — паабяцала парламентарый.
Адзін з прыярытэтаў — сельская гаспадарка
Фарміраванне бюджэту — гэта не проста звод лічбаў, а вынік рэальнай, штодзённай работы прадпрыемстваў, спецыялістаў і ўсяго рэгіёна. Гэта абмеркавалі на сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, падводзячы прамежкавыя вынікі развіцця рэгіёна і раскрываючы структуру бюджэту на 2025 год.
«Мы з вамі разумеем, што за кожнай лічбай стаіць паспяховая работа нашых прадпрыемстваў, нашых людзей. Менавіта гэта дазваляе нам сёння фарміраваць бюджэт і накіроўваць сродкі на ключавыя напрамкі», — адзначыла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.
Адным з прыярытэтаў застаецца падтрымка сельскай гаспадаркі. За апошні год істотна абнавілася матэрыяльна-тэхнічная база аграрнага сектара. «Літаральна толькі летась мы закупілі каля 100 энерганасычаных трактароў і 60 збожжаўборачных камбайнаў. Для нашай вобласці гэта сур’ёзная сістэмная работа, якая наўпрост уплывае на валавую вытворчасць і прадукцыйнасць», — падкрэсліла Наталля Якубіцкая.
Значныя намаганні былі накіраваны на развіццё сацыяльнай інфраструктуры, уключаючы адукацыю. Як паведаміла сенатар, за чатыры гады ў Мінскай вобласці пабудавалі 31 аб’ект устаноў дашкольнай і школьнай адукацыі: «Такім чынам мы вырашалі праблему забяспечанасці дзяцей месцамі ў дзіцячых садках, што для нас вельмі важна».
Што датычыцца фарміравання бюджэту, то глабальных змяненняў у 2025 годзе не адбылося. Асноўныя параметры засталіся ранейшымі: «Падатак на прыбытак акумулюецца на абласным узроўні і складае 44,7 % у структуры даходаў. Падаходны падатак з фізічных асоб застаецца ў раёне 23,9 %, падатак на даданую вартасць — 21 %. Акрамя таго, маёмасныя падаткі, у прыватнасці падатак на нерухомасць, размяркоўваюцца на ўзроўні 50 % паміж раёнамі і вобласцю», — сказала Наталля Якубіцкая.
Больш за 400 пустых дамоў уцягнуты ў гаспадарчы абарот
Работа па навядзенні парадку і ўключэнні аб’ектаў, што не выкарыстоўваюцца, у гаспадарчы абарот працягваецца сістэмна і знаходзіцца пад асаблівым кантролем мясцовай улады. У рамках падрыхтоўкі да сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў былі агучаны актуальныя вынікі і дадзены ацэнкі эфектыўнасці работы на месцах.
«Гэта даручэнне знаходзіцца на кантролі крымінальнага і судовага ведамстваў, і мы падыходзім да яго выканання з усёй адказнасцю», — падкрэсліла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.
«За першы квартал 2025 года раёнамі вобласці ўцягнута ў гаспадарчы абарот 400 дамоў. Мы таксама вярнулі ў сельскагаспадарчы абарот 102 гектары зямлі пры заданні ў 76 гектараў», — адзначыла парламентарый.
Лічбы гавораць самі за сябе: цэнтральны рэгіён робіць важкі ўклад у выкананне агульнарэспубліканскіх задач. «На ўзроўні краіны на сёння ў абарот уцягнута 1063 дамы пры заданні 1631. З іх 505 — па Мінскай вобласці. Гэта значыць, амаль трэць усіх уцягнутых аб’ектаў прыпадае на наш рэгіён», — падсумавала Наталля Якубіцкая.
Фота тэлеграм-канала «Мінская вобласць І Пра галоўнае».