Top.Mail.Ru

Якія пытанні сёння хвалююць жыхароў Фаніпаля?

У лютым 2025-га жыхарка Фаніпаля Юлія Барысаўна, якая пражывае ў адным з новых мікрараёнаў горада, прыйшла на прыём грамадзян да Аляксандра Турчына (тады ён займаў пасаду старшыні Мінскага аблвыканкама. — «Зв.»). Жанчына разам з мужам больш за 10 гадоў таму атрымала зямельны ўчастак у гэтым мікрараёне — там не было яшчэ ні дарог, ні транспартных зносін. Сям’я вырашыла, што гэта часовыя нязручнасці. Аднак і да нядаўняга часу ў Паўднёвым-2 была бездараж, а ў школу, якая знаходзіцца за два кіламетры ад дома, дзеці былі вымушаны хадзіць пешшу. Тады Аляксандр Турчын, цяперашні Прэм’ер-міністр, даручыў вырашыць пытанне з дарогай тэрмінам да 1 чэрвеня. Карэспандэнты «Звязды» наведалі Фаніпаль, каб праверыць, ці выканалі адказнае даручэнне, а заадно даведацца, якія яшчэ пытанні хвалююць жыхароў горада-спадарожніка Мінска.


Дарогі, транспарт, мост і парк

У мікрараён Паўднёвы-2 мы заехалі ўжо па новай асфальтаванай дарозе, каля якой нас сустрэлі Юлія Барысаўна і яе суседка Ганна Анатольеўна. Маладыя мамы разам з маленькімі дзецьмі ў калясках не без задавальнення гулялі па пешаходнай дарожцы. Раней і яе ў мікрараёне не было, як і саміх транспартных зносін. «Аўтобус на той час аб’язджаў нас зусім, у мікрараён наогул нічога не заходзіла, бо не было асфальту. Нашым дзецям трэба было ісці ў школу ад 2 да 2,5 кіламетра па гразі, праз чыгуначны пераезд», — успамінае Юлія Барысаўна.

Анна Анатольевна.jpg

Ганна Анатольеўна

Юлия Борисовна.jpg

Юлія Барысаўна

Больш за два гады жанчына аббівала парогі мясцовых улад: хадзіла на прыёмы грамадзян, тэлефанавала на гарачыя лініі, але ўсё безвынікова. Прычыны знаходзіліся, здавалася б, аб’ектыўныя: то грошай на будаўніцтва няма, то генпланамі асфальтаваная дарога не прадугледжана... Апошняя надзея, працягвае расказ фаніпальчанка, была на Аляксандра Турчына: «Я ўжо і не ведала, да каго мне звярнуцца, калі і ён не дапаможа... Ішла на прыём да губернатара і перажывала, што мы ў чарговы раз атрымаем адмову. На шчасце, памылілася. Як вынік — сёння ў нас і добрая дарога, і транспартныя зносіны, а ў наступным навучальным годзе нашы дзеці нарэшце паедуць у школу на аўтобусе!»

Але не толькі гэта праблема, як высветлілася, сёння хвалюе фаніпальчан. «Чаму ў Дзяржынску (райцэнтры, Фаніпаль — горад раённага падпарадкавання. — Аўт.) і дарогі, і сучасныя пляцоўкі, і добрыя паркі, і развітая інфраструктура, а ў нас усяго гэтага значна менш, хоць па колькасці насельніцтва наш горад не нашмат адстае? Так, нам кажуць, і мы гэта самі бачым, што за апошнія гады Фаніпаль зрабіў вялікі рывок. Мы насамрэч удзячныя, бачым прагрэс. Узвялі і басейн, і дзіцячы садок, і школу новую будуюць, парк павінны зрабіць, але ў параўнанні з Дзяржынскам мы ўсё роўна адчуваем сябе абдзеленымі», — наракаюць маладыя жанчыны.

Яшчэ адна вострая праблема, якая хвалюе жыхароў горада-спадарожніка, — стан пешаходнага моста цераз чыгуначны пераезд. Апошні злучае жылую і прамысловую зоны, людзі актыўна ім карысталіся. 

«І вось ужо гадоў пяць ён стаіць разбураны, закінуты, нікому не патрэбны! — скардзяцца мясцовыя жыхары. — Доўгі час ён быў „нічыйны“, было не зразумела, у каго ён лічыцца на балансе: у горада ці ў чыгункі. У выніку шматлікіх судоў пешаходны мост перадалі на гарадскі баланс. Мы разумеем, што на яго аднаўленне патрэбны і час, і грошы... Але людзі штодня, парушаючы закон, на свой страх перабягаюць цераз чыгуначныя пуці, бо для таго каб бяспечна абысці чыгуначны пераезд, неабходна прайсці два кіламетры! Натуральна, практычна ніхто так не робіць, а аўтамабілі ў гадзіны пік ствараюць затор... Мы, звычайныя людзі, гатовы падключыцца да вырашэння гэтай праблемы, але толькі нашымі намаганнямі зрабіць новы мост, вядома, не атрымаецца...»

На сувязі з уладай

Па адказы на пастаўленыя пытанні адпраўляемся да мясцовых улад, дзе атрымліваем падрабязнае тлумачэнне. Як пераканаліся, сёння сапраўды вядзецца актыўная работа па добраўпарадкаванні Фаніпаля. «Згадзіцеся, любы чалавек, асабліва ў абвешчаны кіраўніком дзяржавы Год добраўпарадкавання, хоча, каб усё было добра і адразу, — заўважыў старшыня Фаніпальскага гарвыканкама Аляксандр Саракач. — Мы заўсёды фарміруем планы на наступны год і ўсімі сіламі імкнёмся іх выконваць. На самай справе ў сілу сваіх магчымасцяў летась зрабілі многае: памянялі тратуары і бардзюры ў дварах, паклалі новы асфальт. Цяпер займаемся добраўпарадкаваннем нашага горада. Сёння дзякуючы раённым уладам мы робім свой гарадскі парк. Там будуць тратуары, каб нашым людзям было зручна хадзіць і адпачываць. Многае робіцца і для дзяцей: у парку ўстановяць звыш 90 лавак, сучасныя спартыўныя і варкаўт-пляцоўкі, уладкуюць міні-футбольнае поле, валейбольную пляцоўку. Мы абмяркоўвалі са старшынёй Дзяржынскага райвыканкама, што пасля ўводу аб’екта абавязкова сустрэнемся з людзьмі і абмяркуем, што яшчэ ім хацелася б бачыць у новым парку, выслухаем пажаданні і прапановы».

Александр Саракач.jpg

Наракалі грамадзяне і на перапоўненыя школы. «Таму з 1 верасня адчыніць свае дзверы новая школа на 1050 месцаў. Там будуць і выдатны стадыён, і басейн, і многае іншае. Навучальная ўстанова — адна з найпрыгажэйшых ва ўсёй краіне — разгрузіць дзве існуючыя ў нашым горадзе, якія разлічаны на 820 вучняў, а па факце іх колькасць перавышана практычна ў два разы. Горад актыўна забудоўваецца, да нас прыязджаюць маладыя і шматдзетныя сем’і, яго насельніцтва ўжо налічвае амаль 19 тысяч чалавек. Сёння актыўна будуюцца і новыя дамы, і новы мікрараён. 

А яшчэ ў нас запланавана ўзвядзенне новага гандлёвага цэнтра плошчай прыкладна ў тры тысячы „квадратаў“. Упэўнены, ён нічым не саступіць гандлёвым цэнтрам сталіцы».

Пра пешаходны мост цераз чыгунку. Гэта пытанне ўжо вырашаецца. «Безумоўна, такая праблема існуе, — прызнае кіраўнік горада. — У нас заключаны дагавор з падраднымі арганізацыямі, заказчыкам выступае ЖКГ. Наколькі вядома, падраднай арганізацыяй выступіць філіял „Мостабудаўнічае ўпраўленне № 2“ ААТ „Мастабуд“, якое размешчана ў суседняй вёсцы Вязань. Гэта спецыялізаваная арганізацыя займаецца рамонтам маставых канструкцый. На яе ўся надзея, бо людзі вымушаны аб’язджаць, у гадзіны пік утвараюцца заторы...»

Штогод у Фаніпалі рамантуюць дамы, дваровыя тэрыторыі, вуліцы. «Мы імкнёмся ліквідаваць усе праблемныя моманты. Актыўна займаемся і добраўпарадкаваннем у частцы высадкі дрэў, упрыгожваем горад як можам. Вядома ж, хацелася б дзесьці і больш, і лепш. Але зыходзім з тых магчымасцяў, якія ў нас ёсць, прыцягваем насельніцтва да работ па добраўпарадкаванні, заклікаем да падтрымання парадку, асабліва ў прыватным сектары», — падкрэсліў Аляксандр Саракач.

IMG_4585.jpg

IMG_4417.jpg

IMG_4526.jpg

«Фаніпальчане такія людзі (а я магу меркаваць, паколькі сам мясцовы), якія хочуць усё і адразу, — заўважае кіраўнік горада. — Але трэба разумець, што грошы на развіццё паступаюць з раённага і абласнога бюджэтаў. А акрамя Фаніпаля і Дзяржынска ёсць у раёне і вёскі, і аграгарадкі, і іншыя населеныя пункты, якія таксама неабходна развіваць. Мы, старажылы, цудоўна памятаем, якімі былі і Дзяржынск, і Фаніпаль раней. Таму з упэўненасцю магу заявіць — для нашага горада з боку ўлад робіцца вельмі шмат».

А што ў Дзяржынску кажуць?

За апошнія некалькі гадоў Фаніпаль зрабіў вялікі крок у развіцці. Тут былі рэалізаваны дзясяткі праектаў у самых розных кірунках. Агулам за тры гады на развіццё Фаніпаля выдаткавана звыш 90 мільёнаў рублёў. Што яшчэ было зроблена і якія перспектывы ў населенага пункта, расказалі намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр Пішчык і дырэктар ДП «УКБ Дзяржынскага раёна» Дзяніс Пракопчык.

Да нядаўняга часу ў Фаніпалі былі праблемы з водазабеспячэннем. Да іх вырашэння кіраўніцтва раёна падышло комплексна: правялі перакладку асноўных магістральных сетак, узвялі чатыры новыя артэзіянскія свідравіны і дадатковы рэзервуар на 2 тысячы кубаметраў вады. «Водазабеспячэнне ў горадзе сёння наладжана», — адзначае намеснік старшыні райвыканкама.

IMG_4606.jpg

Вялікі рывок зроблены і ў частцы добраўпарадкавання мясцовых дарог. Апошнім часам у Фаніпалі пераклалі асфальт на асноўных магістральных вуліцах. Таксама з жыхарамі горада рэалізавалі пілотны праект. За свой кошт людзі ўстанаўлівалі дарожныя барты, а камунальная служба па-за чаргой асфальтавала гэтыя ўчасткі. Актыўна вялося і будаўніцтва інжынернай інфраструктуры. Завяршыўся маштабны праект — менавіта ў Фаніпалі з’явілася першая ў раёне чатырохпалоска.

Жылая забудова ў горадзе-спадарожніку з улікам яго імклівага развіцця і блізкасці да сталіцы расце не па днях, а па гадзінах. Пры ўзвядзенні шматкватэрных жылых дамоў асаблівая ўвага ўдзяляецца стану і напаўненню дваровых тэрыторый. «Акрамя асфальтавання двароў, уладкавання тратуараў і парковак вельмі запатрабаваны разнапланавыя дзіцячыя гульнявыя зоны і спартыўныя пляцоўкі для дарослых. Мы стараемся максімальна ўлічыць патрэбы і запыты жыхароў. На прыкладзе новага мікрараёна па вуліцы Зялёнай можна ўбачыць, якім чынам маюць намер добраўпарадкоўваць дваровыя тэрыторыі. Гульнявыя лакацыі — гэта не проста дзіцячыя пляцоўкі, але і футбольнае поле, баскетбольная зона, пляцоўка для гульні ў гарадкі, вулічныя трэнажоры, — кажа намеснік старшыні. — Падчас добраўпарадкавання прылеглых тэрыторый ствараем і рэкрэацыйныя месцы для жыхароў. Так, пры рэалізацыі інвестыцыйнага праекта наведзены парадак на старым гарадскім возеры. Сёння яно паглыблена, ачышчана, акультурана. Вакол вадаёма пракладзены пешаходныя дарожкі, устаноўлены лавачкі і мачты асвятлення».

Наступным важным крокам у развіцці горада стане ўзвядзенне новага будынка паліклінікі. Рэалізацыя праекта запланавана на 2025–2026 гады. Пасля пераезду медыкаў стары будынак плануем рэканструяваць у дзіцячую школу мастацтваў — такой установы сёння не хапае маленькім фаніпальчанам, ведаюць у райвыканкаме.

Як відаць, раённыя ўлады Фаніпаль увагай не абдзяляюць. Не заўсёды атрымліваецца «ўсё і адразу», але ж і ў жыцці так рэдка бывае.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

г. Фаніпаль

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю