Top.Mail.Ru

Якія пытанні цяпер актуальныя для бізнесу ў Беларусі, расказаў Турчын

У сераду пад кіраўніцтвам Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра ТУРЧЫНА адбылося пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва. Ключавая тэма, якая была на павестцы пасяджэння Савета, — кадравае забеспячэнне бізнесу і кірункі ўдасканалення рэгулявання працоўных адносін.


Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын адзначыў, што тэма пасяджэння надзвычай актуальная. «Гэта забяспечанасць працоўнымі рэсурсамі, іх якасць, падрыхтоўка — шырокі спектр пытанняў. На нядаўняй калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны якраз вельмі падрабязна спыніліся на ўсіх гэтых момантах, намецілі шляхі, як рухацца далей», — падкрэсліў кіраўнік урада.
Прэм’ер-міністр нацэліў удзельнікаў пасяджэння на канструктыўны дыялог. «Таму што праблемы, пра якія мы будзем гаварыць, — гэта праблемы ўсіх. Гэта праблемы рэгулятара, гэта праблемы бізнесу, — канкрэтызаваў ён. — Таму мы павінны разумець, як будзем дзейнічаць разам для вырашэння гэтых задач». 

На пасяджэнні былі абмеркаваны перспектывы ўкаранення гнуткіх механізмаў прыцягнення персаналу, а таксама ўдасканаленне механізмаў ўключэння ў працоўную дзейнасць навучэнцаў і студэнтаў. 

«Сёння бізнес цікавіць, як атрымаць маладога спецыяліста яшчэ да заканчэння ўніверсітэта або каледжа» 

У размове з журналістамі па выніках пасяджэння міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што адно з найважнейшых пытанняў, якое ўздымалася падчас нарады, — гэта ранні выхад на рынак працы навучэнцаў беларускіх каледжаў, студэнтаў універсітэтаў. «І, безумоўна, сёння бізнес цікавіць, як атрымаць маладога спецыяліста яшчэ да заканчэння ўніверсітэта або каледжа, — заўважыў ён. — Таму мы расказалі, што на сёння ідзе карэкціроўка кваліфікацыйных патрабаванняў. Ужо вызначаны пералік больш чым 85 пасад, на якія змогуць прыйсці працаваць па спецыяльнасці студэнты старшых курсаў для таго, каб, з аднаго боку, увайсці на рынак працы, з другога — атрымаць тыя кампетэнцыі, практычныя навыкі ў дадатак да тэарэтычных ведаў, якія яны атрымліваюць ва ўстановах адукацыі». 

У сваю чаргу міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч заявіў, што на Савеце па развіцці прадпрымальніцтва абмяркоўваліся пытанні ў тым ліку і больш хуткага, простага ўваходу на рынак працы. «Ёсць запыт з боку бізнесу ў частцы прыцягнення ў пэўныя перыяды часу (няхай гэта будзе звязана з сезоннасцю альбо з нейкімі пікавымі нагрузкамі) дадатковага персаналу, — звярнуў увагу ён. — Ёсць запыт з боку бізнесу з пункту гледжання больш простага ўваходу на рынак працы такой катэгорыі грамадзян. І сёння мы прапанавалі пэўныя схемы рэгулявання гэтых працоўных адносін з улікам абароны ў першую чаргу нашых працоўных і ў той жа час з пункту гледжання змяншэння або зніжэння адміністрацыйнай нагрузкі на бізнес з боку адміністравання гэтых усіх працоўных працэсаў. Знайшлі пэўны кансэнсус, таму ёсць даручэнне рыхтаваць праект нарматыўнага акта. Будзем гэтым у найбліжэйшы час займацца». 


Добрая пляцоўка для дыялогу паміж бізнесам і ўладай 

У размове з журналістамі член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, дырэктар прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Машынабудаўнічая кампанія «Віцебскія пад’ёмнікі» Андрэй Сідараў так сказаў аб Савеце па развіцці прадпрымальніцтва: «Гэта магчымасць выказаць сваё меркаванне і выдатная пляцоўка для сапраўднага дыялогу паміж урадам і рэальным бізнесам, — звярнуў увагу сенатар. — Тут, вядома, можна выказваць сваё меркаванне, даць свае рэальныя прапановы, якія будуць разгледжаны і эфектыўна выкарыстаны далей у рэальным сектары эканомікі». 

Што датычыцца адукацыі і кадравай падрыхтоўкі, сёння гэта ключавое пытанне, якое стаіць не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсіх краінах свету, перакананы Андрэй Сідараў. «Нам неабходна актыўна працаваць у гэтым кірунку. І працаваць трэба ўжо са школай. Не толькі рэальны сектар эканомікі павінен ісці ў школу, але і школа павінна ісці ў рэальны сектар. Тут патрэбны выразны баланс. Сёння ўсё для гэтага ёсць», — рэзюмаваў ён. 

У сваю чаргу генеральны дырэктар ТАА «Машынабудаўнічае прадпрыемства «КОМПО» Валянцін Пікуль падкрэсліў: «На дзяржаўным узроўні прызнана, што праблема з кадрамі існуе. Але патрэбы бізнесу — і дзяржаўнага, і прыватнага — у тым, каб з’яўляліся кадры з дастатковым узроўнем кампетэнцыі, — звярнуў увагу ён. — Таму тэма, якую мы ўздымалі на пасяджэнні Савета, — гэта ініцыятывы, звязаныя з існуючым заканадаўствам у галіне навучання і размеркавання студэнтаў». 

Закранаючы тэму інжынерных спецыяльнасцяў, Валянцін Пікуль заўважыў: «Вельмі радуе тое, што вялікая колькасць маладых людзей цяпер звяртае ўвагу менавіта на гэтыя спецыяльнасці. І ім можна сказаць: яны дакладна не памыліліся ў сваім выбары». 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю