Top.Mail.Ru

Якія работы ў садзе і агародзе трэба выканаць у красавіку?

У гэтым месяцы ўжо сапраўды адчуваецца веснавое цяпло. І з яго надыходам настае час вялікай работы ў садзе і на агародзе: пачынаецца самы гарачы сезон. А каб нічога не выпусціць з-пад увагі, варта намеціць план садова-агародных работ на красавік.


Генеральная прыборка саду і агарода

Асноўная задача ў пачатку сезона — падрыхтоўка тэрыторыі да пасадак і прыборка саду пасля зімы. Прыбіраюцца смецце, сухія галінкі і леташняя мульча. Усё гэта можна спаліць або скласці ў кампосную яму. Другі варыянт нават лепшы, бо з перагнілага лісця атрымаецца выдатнае ўгнаенне. Але калі ёсць падазрэнне на грыбок, цвіль і шкоднікаў, то ўсё ж лепш спаліць раслінныя рэшткі. Попел можна выкарыстоўваць як угнаенне. Калі ў садзе затрымліваюцца і назапашваюцца талыя воды і глеба залішне вільготная — пракапайце канаўкі.

Насенне, якое пасеялі на расаду ў лютым—сакавіку, ужо прарасло і патрабуе пікіроўкі і перасадкі. Уважліва агледзьце расаду на прыкметы захворванняў. Нельга залішне паліваць сеянцы, таму што яны могуць загінуць. Расаду, прызначаную для высадкі ў адкрыты грунт, неабходна выносіць ненадоўга на свежае паветра для яе загартоўвання.

Падрыхтоўка ягадніку

Сунічную плантацыю трэба апрацаваць у першую чаргу. З кустоў прыбіраюцца засохлыя лісце і вусікі. Рабіце гэта асцярожна, каб не закрануць цэнтральнае «сэрцайка». Цяпер галоўнае ачысціць усё, што засталося ад старых раслінных рэшткаў, разрыхліць глебу і пакінуць расліны набірацца сіл ды нарошчваць лісце. Трэба перакапаць зямлю вакол ягадных кустоў, унесці азотазмяшчальныя ўгнаенні, каб расліны пачалі нарошчваць вегетатыўную масу.

Агародныя клопаты

Менавіта цяпер мэтазгодна спланаваць сяўбу культур на ўчастку з улікам севазвароту. У пачатку месяца можна сеяць пятрушку і кроп. Ужо бліжэй да мая ў вас на стале будзе свежае зяленіва. Шматгадовыя агароднінныя расліны, такія як шчаўе, цыбуля-батун і іншыя, неабходна вызваліць ад старога лісця і мульчы. Падрыхтуйце таксама да пасадкі бульбу. За 20–30 дзён яе дастаюць са склепа і перабіраюць, пакідаючы толькі моцныя і здаровыя клубні. Далей насенне лепш раскласці ў адзін пласт у скрыні для прарошчвання, каб з’явіліся моцныя парасткі. Так бульба будзе хутчэй развівацца ў зямлі, і вы раней атрымаеце ўраджай.


Ваша пытанне

У рэдакцыю звярнулася наша пастаянная падпісчыца Зінаіда Васільеўна Якімава са Стоўбцаў, якая выпісвае «Звязду» на працягу 35 гадоў. Яна пацікавілася, ці бяспечна браць сок з бярозы, якая пашкоджана белай амялой?

Адказ адназначны — з такога дрэва збіраць сок нельга. Амяла выдзяляе таксіны, якія назапашваюцца ў тым ліку і ў бярозавіку. Таму, перад тым як рабіць падсочку, абавязкова пераканайцеся, што дрэва здаровае. Калі з бярозай усё ў парадку, можна смела пачынаць збор соку. І яшчэ звяртаем вашу ўвагу: не варта збіраць сок з дрэў, якія растуць блізка ад дарогі. Бяроза паглынае ў велізарнай колькасці разнастайныя таксічныя рэчывы з глебы і выступае ў якасці ачышчальніка, але сама назапашвае шмат таксінаў, якія канцэнтруюцца ў соку.

Беражыце сябе і будзьце здаровыя.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю